Ушачанки Марина Щербакова и Анна Сабин — мастера в парикмахерском искусстве!

Экономика и малый бизнес

“А памятаеце, як у 80-я мы фарбавалі валасы, памыўшы галаву ў разведзеных чарнілах? Атрымлівалася стыльнае фіялетавае адценне! Праўда, спадарожна набывала яго і скура…” “А ў нас была лепшая тэхналогія: мы націралі валасы капіркай!” “Затое сучасным дзяўчатам такія хітрыкі прыдумваць не трэба – вунь колькі розных фарбаў на паліцах!..”

Такую займальную бяседу вялі між сабой раніцай чацвярга жанчыны ў цырульні на першым паверсе будынка КБА. Хоць і нядаўна працуюць у гэтым памяшканні вопытныя майстры Марына Шчарбакова і Ганна Сабін, іх пастаянныя кліенты імгненна “разведалі” новую лакацыю, і ў сшытку для папярэдняга запісу на бліжэйшыя дні няма свабодных радкоў – звыклая з’ява для вясны, калі людзі масава здымаюць галаўныя ўборы.

М.Шчарбакова, Г.Сабін.

“Я і ў “Камелію” да гэтых дзяўчат хадзіла, а тут, у самым цэнтры, дык і яшчэ зручней!” – зазначала ўшачанка Наталля Паўлаўна, пакуль Марына чаравала над яе прычоскай. А Ганна тым часам рабіла кліентцы зусім нядаўна трапіўшую ў прэйскурант працэдуру прыкаранёвага аб’ёму. “У гарадскіх цырульнях яна зараз вельмі папулярная: участкі валасоў ля кораня фіксуюцца кліпсамі, на іх наносіцца спецыяльны састаў – і нават без укладкі прычоска штодня застаецца пышнай! Вось бачыце, я ўжо і на сабе праверыла”, – у ходзе працэсу тлумачыла яна сутнасць навінкі. “Прыгожа! І кошт прымальны. Запішыце і мяне на прыкаранёвы аб’ём!” – зацікавілася жанчына, што тым часам зайшла ў цырульню. Жывая рэклама – рэч эфектыўная. “Гэта адна з аксіём нашай прафесіі. Цырульнік заўсёды павінен быць на рабоце з прычоскай, макіяжам і дагледжанымі рукамі”, – зазначылі майстры.

Зрэшты, для іх гэтае памяшканне нельга назваць новым: абедзве пасля заканчэння каледжаў пачыналі сваю кар’еру менавіта ў цырульні камбіната бытавога абслугоўвання. “Як зараз памятаю сваю першую самастойную стрыжку, – распавядае Аня Сабін. – Было гэта, праўда, не тут, а ў нашай вучэбнай цырульні: каштавалі там паслугі зусім танна, таму палачане ахвотна аддавалі свае галовы для нашай стажыроўкі. Я так хвалявалася, што ледзь утрымлівала нажніцы ў дрыжачых руках, але кліентка трапілася вельмі добразычлівая – запэўніла, што я нічога лішняга ёй не адрэжу, я супакоілася і справілася!” Марына ж практыкавалася ў цырульным мастацтве яшчэ ў школе – на сяброўках. У той час увайшлі ў моду стрыжкі “Ваўчыца” – і дзякуючы юнаму дызайнеру дзявочая палова класа аднойчы прыйшла на заняткі не з сумнымі косамі, а з пышнымі космамі, зрэзанымі эфектнай “лесвічкай”.

І вось ужо больш 30 год Марына Анатольеўна робіць прывабнымі сваіх зямлячак. Што толькі ні даводзілася вырабляць за гэты час – ад эксперыментальных стрыжак сіняга і зялёнага колеру да эксклюзіўных вясельных прычосак з накладнымі локанамі. 13 год у бытавой сферы Ганна. І хоць, здавалася б, няма ўжо для іх сакрэтаў у прафесіі, напарніцы працягваюць удасканальваць сваё майстэрства, наведваюць семінары ў сталіцы, сочаць за навінкамі праз інтэрнэт. Трэба быць у курсе сучасных трэндаў і тэхналогій, каб увасабляць фантазіі экстравагантных кліентак. Аднак найбольш запатрабаванымі ва ўшачанак з’яўляюцца недарагія паўсядзённыя стрыжкі – у глыбінцы людзі даволі кансерватыўныя. Дарэчы, накіроўваюцца майстры і на раён: якраз у час нашай гутаркі ім перадалі просьбу старшыні Кубліцкага сельвыканкама прыехаць у аграгарадок і абслужыць некалькіх мясцовых кліентаў. Прыгожымі вясной, ды і ў іншыя сезоны, жадаюць быць усе!

Наталля БАГДАНОВІЧ.

  • М.Шчарбакова і Г.Сабін аказваюць цырульныя паслугі на ўмовах самазанятасці. Штомесяц яны выплочваюць адзіны падатак у 35 рублёў, уносяць арэндную плату за памяшканне, закупляюць неабходныя матэрыялы. Аднак майстры хутка выйшлі на рэнтабельнасць: хоць у гарпасёлку некалькі цырульняў, попыт на гэтыя паслугі стабільны.
  • Марына і Ганна спецыялізуюцца на дамскіх прычосках. Аднак у гэтай жа цырульні можна зрабіць і мужчынскую стрыжку ў майстра Вікторыі Рогач.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *