На приём к В.П.Андрейченко

Общество

Калектыўным быў зварот жыхароў жыллёва-будаўнічага кааператыва №11, людзі скардзіліся на маруднае выпраўленне будаўнічага браку. Уладзімір Паўлавіч узяў гэтае пытанне на кантроль: накіраваў ва Ушачы рэспубліканскую камісію па высвятленні прычын браку і даручыў свайму памочніку В.М.Шыбко ў сярэдзіне месяца праверыць ход выканання пытання.
Дырэктар і трэнер дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы І.У.Клімашэўскі і П.Ю.Варатынскі клапаціліся не пра сябе, а аб усіх ушачанах. Прыйшлі, каб пераканацца, ці ў сіле ранейшае абяцанне аб будаўніцтве ва Ушачы басейна. У.П.Андрэйчанка пацвердзіў, што як толькі будзе праект, пачнецца і будаўніцтва. Расказаў пра адкрыццё стадыёна ў Глыбокім і далейшых перспектывах будаўніцтва спартыўных пляцовак па яго выбарчай зоне.
Давядзецца пачакаць з выплатай зарплаты М.П.Жогалю, які працаваў у ЗАТ “Вечалле”. Гэтае пытанне на кантролі і ў раёне, і ў вобласці, а ўскладняецца яно тым, што пакуль няма чаго прадаваць, каб разлічыцца з былым работнікам. Калі будзе вырашана пытанне з прыватызацыяй дома і паступяць сродкі, чалавек атрымае заробленае.
Паляўнічыя з Сарочына скардзіліся на незаконныя на іх погляд рашэнні суда, якія па іх справе прымаліся двойчы. Уладзімір Паўлавіч дадаў, што ніхто не мае права ўмешвацца ў дзейнасць судоў, можна толькі звярнуцца яшчэ раз у вышэйстаячыя інстанцыі і прыняў дакументы заяўнікаў для перадачы на разгляд у Вярхоўны суд краіны. Таксама ўзяты на перадачу ў адпаведныя інстанцыі дакументы ліквідатара аварыі на Чарнобыльскай АЭС М.М.Пятніцы, каб высветліць, ці мае ён права на льготную пенсію.
Сям’я з вёскі Зарэчча, якая зарэгістравана ў Мінску, звярталася па зямельным пытанні: не аформлены ўчастак, які абслугоўваюць. Раённымі службамі ім растлумачана, што законна зрабіць гэта можна двума шляхамі. Ці праз аўкцыён, паколькі гэта вёска знаходзіцца на беразе возера і ўваходзіць у спіс населеных пунктаў, участкі ў якіх прадаюцца толькі праз аўкцыён, ці зарэгістравацца ў вёсцы і атрымаць участак на абслугоўванне дома.
Пенсіянер А.П.Корабаў звяртаўся, каб атрымаць пуцёўку менавіта ў санаторый “Лясныя азёры”, ад іншага адмовіўся. Заяўніку растлумачана, што існуе чарга на бясплатныя пуцёўкі для ветэранаў вайны і працы (іх колькасць абмежавана), і паабяцана, што ў другім або трэцім квартале ён яе атрымае.
А.Р.Пахілка скардзіўся на неадпаведнасць стандартам “ляжачага паліцэйскага”, які ўстаноўлены блізка ад дома. Пытанне знята – памеры даведзены да нарматыву. А старшыня райвыканкама А.А.Кавалёнак дадаў, што штучная перашкода наогул будзе зрэзана пасля наладжвання далей уздоўж вуліцы асвятлення і тратуараў.
Пытанне па недастаткова гарачай вадзе перададзена на разгляд у камунгас. Таксама мясцовымі будаўнікамі будзе працягвацца рамонт дома па Савецкай, жыхары якога прыходзілі, каб высветліць, за чый кошт можна ўстанавіць ванны і што ўваходзіць у капітальны рамонт. Ды і наогул, практычна ўсе з паступіўшых пытанняў засталіся на кантролі ў раёне, паколькі датычыліся дзейнасці мясцовых службаў



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *