Реконструкция центральной котельной в Ушачах планируется после окончания отопительного сезона

Общество

Якасць цеплаэнергіі, што выпрацоўваецца цэнтральнай кацельняй, размешчанай ва Ушачах па вуліцы Фрунзе, неаднаразова выклікала прэтэнзіі спажыўцоў падчас ацяпляльнага сезона. Кацельня, на якую ўскладзена цеплазабеспячэнне пасёлка, была ўведзена ў эксплуатацыю ў пачатку 80-х гадоў. Асноўным відам паліва для такіх цеплакрыніц з’яўляўся мазут, рэзервовым – прыродны газ.

У 2010 годзе з мэтай павелічэння долі мясцовых відаў паліва ў кацельні была праведзена рэканструкцыя, устаноўлены два катлы, прызначаныя для спальвання шчапы. Аднак час не стаіць на месцы: абсталяванне зношваецца, інфраструктура райцэнтра з кожным годам павялічваецца, будуюцца новыя шматкватэрныя жылыя дамы, адміністрацыйныя будынкі (пажарная частка, школа мастацтваў). У сувязі з гэтым устаноўленай магутнасці цеплазабеспячэння кацельні ў аб’ёме 11,35 МВт для ацяплення пасёлка стала недастаткова, бо спажываемая магутнасць складае зараз 12,45 МВт. Такім чынам, наспела пытанне аб павелічэнні магутнасці кацельні.

У 2019 годзе Беларускім навукова-даследчым праектным інстытутам энергетычнай прамысловасці была распрацавана схема цеплазабеспячэння Ушач, згодна з якой рэкамендавана ўстаноўка двух дадатковых шчапавых катлоў агульнай магутнасцю 3 МВт.

У 2020 годзе зроблена праектна-каштарысная дакументацыя рэканструкцыя, а сёлета выдзелены грашовыя сродкі на аб’ект у памеры 3,6 мільёна рублёў. У сакавіку праведзена працэдура закупкі па выбары кацельнага абсталявання. Зараз ажыццяўляецца выбар генеральнага падрадчыка.

Будаўніча-мантажныя работы плануецца пачаць адразу пасля завяршэння ацяпляльнага сезона. Працягласць будаўніцтва складзе 5 месяцаў. За гэты перыяд будуць устаноўлены два катлы з аўтаномным кіраваннем, транспарцёры для падачы шчапы, зманціраваны загрузачны бункер, адрамантаваны будынак кацельні, узведзены дадатковы навес для захоўвання паліва, выканана добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі з асфальтаваннем пляцоўкі для выгрузкі шчапы. Здача аб’екта ў эксплуатацыю плануецца да пачатку ацяпляльнага сезона 2021-2022 гадоў.

Рэканструкцыя цэнтральнай кацельні павінна забяспечыць якаснае рэгуляванне падачы цеплаэнергіі на ацяпленне і гарачае водазабеспячэнне ў жылыя дамы, адміністрацыйныя і прылеглыя памяшканні ў зададзеных тэмпературных параметрах. Завяршальным этапам рэканструкцыі будзе правядзенне пусканаладачных работ, пасля чаго кацельня будзе гатова бесперабойна падаваць цяпло для патрэб гарадскога пасёлка.

А.СІДЗЮК, намеснік дырэктара УП ЖКГ Ушацкага раёна.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *