Воспитанники Ушачской детской школы искусств вновь покоряют конкурсные вершины

Культура

Напэўна, сонечны свет і блакіт нябёсаў абуджаюць натхненне і абвастраюць жаданне штурмаваць творчыя вяршыні – таму менавіта ў гэтую пару праводзіцца вялікая колькасць розных конкурсаў. У двух з іх нядаўна ўзялі ўдзел выхаванцы Ушацкай дзіцячай школы мастацтваў.

На пятым адкрытым конкурсе піяністаў “Вясеннія ноткі”, які раз у два гады праходзіць у Паставах, нашу ўстанову сёлета прадставіла трэцякласніца Анастасія Пятроўская. Дзяўчынка разам са сваім педагогам Аленай Міхайлаўнай Падворнай падрыхтавала разнажанравыя творы Пракоф’ева, Баха і Хачатурана з праграмы 4 і 6 класа. Трэба сказаць, што Насця паспяховая не толькі ў музыцы, а і ў школьных прадметах: якраз падчас адной з апошніх рэпетыцый яна даведалася, што заняла першае месца ў алімпіядзе па рускай мове, і запэўніла свайго настаўніка па фартэпіяна, што на такі ж вынік нацэлена і на конкурсе. Выканаўшы складаную праграму без адзінай памылкі, дзяўчынка стала лаўрэатам дыплома І ступені!

Ну а прадстаўнік аддзялення народных інструментаў Аляксей Броўка адправіўся дэманстраваць сваё майстэрства на праект “Мелодыі вясны”, які ў шосты раз сабраў на сцэне Віцебскага каледжа культуры і мастацтваў юных вакалістаў і інструменталістаў. Вучань Галіны Уладзіміраўны Хвошч упершыню браў удзел у падобным конкурсе, але змог пераадолець хваляванне і з дапамогай канцэртмайстра Святланы Раманаўны Валовай удала прадставіў свае нумары. Асабліва ўразіла журы і гледачоў джазавая імправізацыя на народныя тэмы. Аляксей апярэдзіў іншых балалаечнікаў і стаў лаўрэатам ІІІ ступені сярод усіх інструменталістаў. Увогуле пачатак вясны аказаўся для хлопца “ўраджайным”: днямі сталі вядомы вынікі двух завочных конкурсаў, якія праводзіць Усерасійская арганізацыя “Новыя ідэі” – у адным з іх ушачанін атрымаў І месца, а ў другім – Гран-пры.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *