Главный лесничий Алексей Апёнок знает про ушачский лес всё!

Общество

“Не трэба тлумачыць, хто такі Аляксей Апёнак і абазначаць яго ўклад у справу!” – уручаючы ўзнагароды работнікам Ушацкага лясгаса падчас апошняга прафесійнага свята, адзначаў дырэктар прадпрыемства Сяргей Аляксандравіч Даніловіч, а калектыў падтрымаў яго словы апладысментамі. І сапраўды, калі спытаць у лясгасаўцаў, хто ведае пра ўшацкі лес усё, у ліку такіх абавязкова будзе названы і галоўны ляснічы А.М.Апёнак. У сакавіку бягучага года якраз споўнілася 20 гадоў, як ён прыйшоў працаваць у лясгас.

Звязаць свой прафесійны шлях з лесам Аляксей Мікалаевіч вырашыў па прыкладзе сваёй маці Ларысы Валянцінаўны, якая ўсё жыццё адпрацавала ва Ушацкім лясгасе. “Мама гадавала нас адна, прайшла шлях ад майстра лесу да эканаміста, яшчэ ў дзяцінстве ведаў пра лес многае і часта бываў на ўлонні прыроды. Пасля заканчэння Ушацкай школы не задумваючыся вырашыў паступаць у Полацкі лясны тэхнікум. Вучоба на спецыяльнасці “Лясная гаспадарка” давалася лёгка. Калі мае аднакурснікі хваляваліся падчас вытворчай практыкі, то я адчуваў сябе як рыба ў вадзе, бо праходзіў яе ў родным лясгасе. На размеркаванне ішоў у ліку першых і з радасцю выбраў “пуцёўку” на Ушаччыну, куды вяртаўся з дыпломам з адзнакай”, – расказвае А.М.Апёнак.

Пачынаў малады спецыяліст майстрам лесу ва Ушацкім лясніцтве. З першага дня да работы ставіўся надзвычай адказна. Прызнаецца, што ў першыя гады не абыходзіўся без каштоўных парад маці і больш вопытных калег. Яго старанні не засталіся непрыкмечанымі, праз некалькі гадоў малады чалавек атрымаў павышэнне – стаў памочнікам ляснічага ў Сарочынскім лясніцтве, паралельна атрымаў вышэйшую адукацыю. Веды і напрацаваны вопыт дапамаглі ўзняцца па кар’ернай лесвіцы – у лясгасе ён займаў пасаду інжынера па ахове лесу, намесніка дырэктара па ідэалагічнай рабоце, а з 2016 года з’яўляецца галоўным ляснічым і правай рукой кіраўніка. Зона адказнасці А.М.Апёнка – уся лесагаспадарчая дзейнасць прадпрыемства – ад лесааднаўлення да паляўнічай гаспадаркі. “Хварэе” ён і за пытанні добраўпарадкавання. Так, пад яго кіраўніцтвам у апошнія гады дапаўняўся, абнаўляўся дэндрапарк. Першыя дрэвы ў ім былі закладзены роўна 10 гадоў таму, а сёння гэта адно з любімых месцаў адпачынку і фотасесій многіх ушачан.

На перадавой мужчына не толькі ў справах лясных, а і грамадскай дзейнасці – заўсёды адстойвае гонар лясгаса на спартакіядзе сярод працоўных калектываў, яго “канёк” – падыманне гіры. Вось і сёлета заваяваў для каманды перамогу ў сваёй вагавой катэгорыі.

Да слова, з лясной гаспадаркай звязаў свой лёс і малодшы брат Аляксея Мікалаевіча Андрэй, а таксама жонка Таццяна.

Цікава, што з лесам звязана і захапленне А.М.Апёнка – у вольны час ён любіць заняцца разьбой па дрэве. “Гэта так, для душы, на аматарскім узроўні, для сябе і інтэр’еру дома ці ў падарунак знаёмым раблю карціны, раздзелачныя дошчачкі і іншае. У сілу занятасці не заўсёды хапае на гэта часу”, – адзначае Аляксей Мікалаевіч. Дарэчы, свой дом па вуліцы Клопава ў гарпасёлку мужчына будаваў і даводзіў да ладу сваімі рукамі. Аб тым, што ён добры гаспадар, сведчыць і той факт, што два гады таму сядзіба сям’і была ў ліку пераможцаў у раённым конкурсе па добраўпарадкаванні.

Усе, хто ведае Аляксея Мікалаевіча, з усмешкай зазначаюць, што першы пункт мужчынскай праграмы “пасадзіць дрэва, пабудаваць дом, выгадаваць сына” ён перавыканаў ужо ў сотні разоў, кожны год прымаючы непасрэдны ўдзел у закладцы новых плантацый ушацкіх лясоў. Ну а ўчора мужчына прымаў віншаванні з нагоды юбілею ад родных і калег, яго плённая і добрасумленная праца ў лясной гаспадарцы была адзначана Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *