За руль – толькі з правамі!
За бягучы перыяд 2021-га на тэрыторыі Ушацкага раёна дзяржаўтаінспектарамі затрымана 20 вадзіцеляў, якія селі за руль, не маючы права кіравання, з іх 4 “трапіліся” паўторна на працягу года. І гэта нягледзячы на тое, што памер штрафу за такое правапарушэнне, таксама як і за перадачу кіравання транспартам “бяспраўніку”, складае ад 5 да 20 базавых велічынь. За тыя ж дзеянні, учыненыя на працягу года паўторна – ад 20 да 50 базавых.
“Зялёнаму змею” – чырвонае святло
Нямала зарэгістравана на Ушаччыне за адзначаны перыяд і фактаў кіравання транспартнымі сродкамі ў стане алкагольнага ап’янення – 15, прычым, адзін вадзіцель кіраваў аўто “падшафэ” паўторна на працягу года. Між тым, пакаранне за такія паводзіны вельмі сур’ёзнае. На першы раз пры выяўленні 0,3-0,8 праміле ўключна давядзецца заплаціць 100 базавых велічынь і пазбавіцца права кіравання на тры гады. Пры больш высокім ап’яненні штраф складзе ўжо 200 базавых, а вадзіцельскіх правоў пазбавяць на 5 гадоў. Пры паўторнасці правапарушэння наступае ўжо крымінальная адказнасць з пазбаўленнем права кіравання да пяці гадоў, папраўчымі работамі да двух гадоў, арыштам ці пазбаўленнем волі і штрафам.
Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.