В хозяйствах Ушачского района прошла проверка готовности техники

Сельское хозяйство

Аб’езд мехдвароў шасці ўшацкіх гаспадарак быў прызначаны сёлета на сярэдзіну сакавіка, а кожны трактар і прычэп, выстаўлены на лінейку гатоўнасці, дасканала правярала камісія: галоўнаму інспектару па наглядзе за тэхнічным станам машын і абсталявання Сяргею Мікалаевічу Качану дапамагалі галоўныя спецыялісты райсельгасхарча Аляксей Аляксандравіч Баранаў і ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльным абслугоўванні насельніцтва Дзмітрый Мікалаевіч Дрозд. Выязджалі да аграрыяў і супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі.

Агляд тэхнікі ў “Ільюшынскім”.

Хоць тэрміны агляду не былі сакрэтам, узровень прыкладзеных гаспадаркамі намаганняў прыкметна адрозніваўся. Як і летась, адказна падышлі да справы ў “Агра-Селішчы”: усе 7 трактароў і 2 прычэпы, выстаўленыя для агляду, з першага раза атрымалі допуск да работы. “Адчуваецца, што кіраўнік Сяргей Аляксандравіч Плігаўка, інжынерна-тэхнічная служба і мясцовыя механізатары ўсведамляюць, як дорага будзе каштаваць час, страчаны на пасяўной з-за тэхнічных непаладак”, – адзначае С.М.Качан.

Ажыўлена і мнагалюдна ў мінулую сераду было на мехдвары ў вёсцы Глыбачка. “Нават журналісты да нас прыехалі, недарэмна рыхтаваліся!” – з добрым настроем сустракаў гасцей дырэктар ААТ “Дземенец” Васіль Уладзіміравіч Хамёнак. Хоць вопыту ў маладога кіраўніка пакуль нямнога, затое ёсць энтузіязм, веды і надзейнае плячо памочнікаў: працэс падрыхтоўкі тэхнікі курыраваў вопытны інжынер Уладзімір Ягоравіч Хамёнак, які два месяцы таму вярнуўся на гэту пасаду. Ды і механізатары, як падалося, старанна і адказна рыхтавалі замацаваныя за імі адзінкі. Падчас сяўбы вялікая нагрузка прыпадзе на МТЗ-3522 Аляксандра Гусёнка. Інспектар канстатаваў, што агрэгат цалкам спраўны і ўкамплектаваны, у поўным парадку дакументы на тэхніку, правы, медыцынская даведка і страхоўка ў механізатара. Хопіць спраў “Амкадору” Аляксандра Лук’яненкі, “Беларусам” Мікалая Яловіка, Аляксандра і Ільі Спірыдовічаў, Аляксандра Атрашкевіча, Васіля Пятроўскага, Аляксандра Асяпёнка. “Асабіста ў мне значных клопатаў і не было, – канстатаваў апошні. – Падфарбаваў, што трэба, праверыў вузлы і агрэгаты – усё працуе. Стараюся сачыць за трактарам, своечасова праводзіць тэхабслугоўванне”. Вядома ж, меліся ў правяраючых і некаторыя заўвагі. Крыху не хапіла часу, каб пафарбаваць прычэп энерганасычанага трактара, але гэты недахоп быў ухілены яшчэ да канца дня. Аператыўна, прама за час агляду, падправілі хібы з электрыкай у маленькім МТЗ-320.4. Такім чынам, з 10 выстаўленых у роўны строй адзінак у “Дземенцы” не атрымала дазвол на выхад у поле толькі адна, якую трэба крыху “падшаманіць”. Спадзяюцца паспець адрамантаваць і яшчэ аднаго “жалезнага каня”, у якога няспраўны рухавік.

Агляд тэхнікі ў “Дземенцы”.

Што датычыцца мехдвароў іншых гаспадарак, то там падстаў для станоўчых эмоцый было менш. У філіяле “Маяк- Ушацкі” частка тэхнікі атрымала допуск да работ яшчэ восенню, асобную не паспелі адрамантаваць (так, напрыклад, у вельмі патрэбным на сяўбе “Кіраўцы” днямі выявілася сур’ёзная паломка ў каробцы перадач), таму на лінейку было выстаўлена ўсяго 5 трактароў. Толькі палова з 12 адзінак з першага разу прайшла тэхагляд у “Ільюшынскім”, аднак кіраўніцтва гаспадаркі актыўна ўзялося за справу і ёсць падставы спадзявацца, што ў бліжэйшы час выправіць сітуацыю. Яшчэ менш аптымістычна выглядалі глыбачанцы, дзе ніводная адзінка не атрымала дазвол на выхад у поле – як па тэхнічных момантах, так і проста з-за неахайнага выгляду. І зусім непадрыхтаваным аказаўся, на жаль, мехдвор “Вялікадолецкага”. “Відавочна, што гэтай гаспадарцы з вялікай колькасцю тэхнікі і пасяўных плошчаў, як і іншым адстаючым, неабходна тэмінова выправіць становішча. Часу для гэтага ўжо зусім мала, і мы будзем пільна сачыць за сітуацыяй”, – адзначае С.М.Качан.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

  • Хоць і агрызаецца яшчэ зіма начнымі маразамі, ды подых вясны ўжо не стрымаць, а значыць, самы час аглядаць тэхніку, што праз лічаныя тыдні выйдзе на палеткі.
  • Згодна ч.5 арт.18.11 новага Кодэксу аб адміністрацыйных парушэннях, на юрыдычную асобу, якая эксплуатуе трактары і самаходныя машыны без адпаведнага штампу ў тэхталоне, можа быць накладзены штраф у памеры да 10 базавых велічынь.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *