Молодёжь Ушаччины приняла участие в форуме об умных городах в Глубоком

Общество

На бягучым тыдні ў Глыбокім прайшоў навукова-практычны форум “Інтэлектуальная моладзь: ад SMART-ініцыятывы да SMART-горада”. Удзел у мерапрыемстве, ідэя правядзення якога належыць дэпутату ад Докшыцкай выбарчай акругі №22, старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь У.П.Андрэйчанку, прынялі і нашы землякі: прадстаўнікі працоўнай моладзі, члены Маладзёжнай палаты Ушацкага раёна.

Стварэнне “разумных гарадоў” – адно з рашэнняў VI Усебеларускага народнага сходу. Прадугледжваецца павышэнне якасці нашага жыцця за кошт больш шырокага выкарыстання сучасных лічбавых тэхналогій. Работа ж у гэтым накірунку даверана моладзі, якая зможа рэалізаваць такім чынам свае творчыя амбіцыі. Пра гэта ў вітальным слове, адрасаваным удзельнікам форуму, адзначыў Уладзімір Паўлавіч.

Менавіта яны – смелыя і амбіцыйныя юнакі і дзяўчаты з Докшыцкага, Глыбоцкага і Ушацкага раёнаў – былі запрошаны на мерапрыемства. Удзел у ім прынялі таксама дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, прадстаўнікі Міністэрства сувязі і інфарматызацыі, Савета маладых навукоўцаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка “Вялікі камень”, прадстаўнікі профільных падраздзяленняў абласнога і раённых выканаўчых камітэтаў. Усе яны гаварылі аб важнасці фізіка-тэхнічных, біялагічных, інфармацыйных тэхналогій, аб эфектыўнасці ўкаранення інавацыйнага аграпрамысловага комплексу. Асобная тэма – рэалізацыя маладзёжных ініцыятыў як дзейсны спосаб уцягнення юнакоў і дзяўчат у грамадска-карысную дзейнасць. Дарэчы, ідэй у падрастаючага пакалення хоць адбаўляй, што пацвердзіла адмысловая відэапрэзентацыя. Так, члены Маладзёжнай палаты Ушацкага раёна завочна падзяліліся з прысутнымі прапановамі наконт увядзення ў бібліятэках аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы з распрацоўкай спецыяльнага дадатку і прысваеннем усім выданням індывідуальных QR-кодаў, наконт стварэння інфармацыйнай карты-даведніка па Ушаччыне, размяшчэння на вуліцах невялікіх станцый для смецця, за здачу якога чалавек на месцы зможа, скажам, падзарадзіць тэлефон ці атрымаць мінімальную суму. Усе гэтыя і многія іншыя ідэі будуць уважліва вывучаны прадстаўнікамі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і па магчымасці ўкаранёны ў жыццё.

– Вельмі ўразіла выстава-прэзентацыя “Дасягненні моладзі сёння – паспяховае развіццё і росквіт краіны заўтра”, – падзялілася з намі ўдзельніца форуму Кацярына Гарадко. – У адной зале былі прадстаўлены дзясяткі ўнікальных ідэй і інавацыйных праектаў, што рэалізуюцца моладдзю Глыбоччыны ў спорце, жывапісе, адукацыі, культуры. Засталася ў захапленні ад батлейкі, створанай для асаблівых гледачоў, якія дрэнна бачаць або чуюць.

– А мяне зацікавілі найперш тэхнічныя вынаходніцтвы, – далучыўся да размовы ўшачанін Яўген Жодзік. – Было прапанавана з дапамогай адмысловых акуляраў адправіцца ў віртуальны тур па Глыбоччыне, паназіраць за робатамі, якія свецяцца, рухаюцца і нават танцуюць. Запомніўся і створаны з дробных дэталяў спірограф, што стварае ўнікальныя малюнкі на белым аркушы паперы.

У рамках форуму магчымасцю абмеркаваць, узгадніць перспектыўныя напрамкі ўзаемадзеяння па стварэнні і ўкараненні перадавых распрацовак, прычым, не толькі ў буйных гарадах, але і ў невялікіх населеных пунктах, скарысталіся ўсе жадаючыя. Да спецыялістаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі звярнулася намеснік старшыні Ушацкага райвыканкама А.В.Пашковіч. Яна нагадала, што наш раён, на жаль, застаецца ў лідарах па распаўсюджанні баршчэўніка, і прапанавала пры дапамозе вучоных зрабіць Ушаччыну эксперыментальнай пляцоўкай па барацьбе з зялёным агрэсарам самымі сучаснымі метадамі. Выказала спадзяванне Алена Васільеўна і на тое, што ў нашым раёне працягнецца работа археалагічнай экспедыцыі, якая ўжо дазволіла адкрыць нямала цікавых фактаў. Вельмі дарэчы, як зазначыла А.В.Пашковіч, было б стварэнне на Ушаччыне і новых аб’ектаў вытворчасці, аднак для гэтага патрэбна садзейнічанне з боку дэпутацкага корпусу, да якога яна і звярнулася. Між тым, зацікаўленыя ў гэтым пытанні знайшліся.

Па выніках форуму была прынята рэзалюцыя, якой прадугледжваецца шэраг мерапрыемстваў, што павінны паспрыяць рэалізацыі канцэпцыі “Разумны горад”. Для ўсіх жа ўдзельнікаў гэтае мерапрыемства стала выдатнай магчымасцю займець новых сяброў, аднадумцаў, партнёраў, гатовых сумеснымі намаганнямі зрабіць інавацыйныя ідэі рэчаіснасцю.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *