Несмотря на трудности, дубровчане Наталья Краснова и Андрей Будько справляются со всем

Общество

Дубраўчан Н.А.Краснову і яе ўнука А.Будзько засталі за важнай справай. У светлай кухні, дзе заўсёды чысценька і пахне прысмакамі, жанчына займалася перасадкай, палівам пакаёвых кветак. З захапленнем назіраў за ўмелымі дзеяннямі бабулі, ні на хвіліну не адыходзячы ад яе і падаючы па патрэбе кубачак з вадой, Андрэй. Такія мілыя зносіны ў гэтым доме – з’ява прывычная. Ужо больш 11 гадоў героі нашага аповеду жывуць пад адным дахам, а Наталля Анатольеўна стала для хлопчыка па-сутнасці другой мамай.

Часы, калі дачка, паддаўшыся ўплыву каханага чалавека, пачала выпіваць, ураджэнка Турасполля ўспамінаць не любіць. Сапраўдным болем сталі для яе і сямейныя скандалы, у адным з якіх фізічна пацярпеў маленькі Андрэй. Наталля Анатольеўна часта забірала ўнука, які з нараджэння мае сур’ёзныя праблемы са здароўем і групу інваліднасці, да сябе, займалася яго выхаваннем. Гэта, тым не менш, ад развалу сям’ю не выратавала. Не ўбачыўшы пазітыўных змен, кампетэнтныя органы прынялі рашэнне аб пазбаўленні дачкі жанчыны бацькоўскіх правоў.

Вядома, дапусціць, каб любімы ўнучак трапіў у прытулак, Н.А.Краснова не магла – хутка сабрала неабходныя дакументы і аформіла апякунства. Ну а ўжо праз год разам з ім святкавалі наваселле – прасторны дом па вуліцы Цэнтральнай у Дубраўцы выдзеліла мясцовая гаспадарка, у якой працаваў сын жанчыны.

Быць у адказе за такога асаблівага хлопчыка, сапраўды, няпроста, прызнаецца Наталля Анатольеўна. Перыядычна трэба ездзіць на медыка-рэабілітацыйную экспертную камісію, строга кантраляваць прыём лекавых сродкаў, сачыць за захаваннем правільнага харчавання.

– Унучак любіць усё, што гатую: супы, кашы, катлеты, – расказвае жанчына. – І дапамагае мне, з’яўляючыся сапраўдным майстрам па шаткаванні. Бывае, што даводзіцца абмяжоўваць яго ў ежы. Тады часам скардзіцца, не размаўляе са мной. Аднак да гэтага ўжо прывыкла, для мяне галоўнае – здароўе Андрэя.

Дарэчы, у тое, што А.Будзько з наяўнымі ў яго паталогіямі зусім не зляжа, мала хто мог паверыць. Наталля Анатольеўна ж “не чула” страшных дыягназаў, расціла ўнука як самага звычайнага здаровага хлопчыка. Змалку вучыла яго самастойнасці, прыцягвала да пэўных спраў па гаспадарцы, брала з сабой ва Ушачы за пакупкамі, запрашала ў госці іншых дзяцей, каб тыя разам змаглі пагуляць.

Закрыццё Дубраўскай школы, на жаль, не дазволіла Андрэю навучацца ў калектыве – усе дзевяць гадоў на дом да яго прыходзілі настаўнікі Людміла Пятроўна Краснова, Тамара Васільеўна Грыгор’ева. Пэўныя жыццёвыя ўрокі давала і сама Наталля Анатольеўна. Цяпер, адыходзячы з дому, яна можа не хвалявацца: падагрэць абед унук здолее, а свавольнічаць з запалкамі ці лезці ў разеткі не стане.

Так, нягледзячы на ўзрост – летам А.Будзько адзначыць паўналецце, гэта надзвычай наіўны, мілы хлопчык, якому пры знаёмстве можна даць максімум 10 гадоў. Любіць глядзець мульцікі, слухаць музыку, маляваць і ляпіць з пластыліну. Запомніўся ён многім нашым чытачам па артыкуле, у якім расказвалі, што да Новага года Андрэй папрасіў у Дзядулі Мароза не наварочаныя тэлефоны ці камп’ютары (хоць апошні, канечне, быў бы яму дарэчы), а простую зімнюю куртачку. Зрэшты, такая сціпласць, як і асаблівыя шчырасць, ветлівасць, – таксама ў хлопца ад Н.А.Красновай.

Жанчына адчувае сябе па-сапраўднаму шчаслівым чалавекам. Дачка неўзабаве здолела выйсці з крывой сцяжыны – зараз у яе добры муж, маленькі сынок і ўладкаваная кватэра ў Глыбачцы. Наталлі Анатольеўне і Андрэю яна тэлефануе літаральна штодня, цікавіцца справамі, ну а калі прыязджае, ва ўсім дапамагае. Любіць бываць у яе і хлопец – каб атрымаць чарговую порцыю эмоцый і падарункаў, паназіраць за маленькім брацікам, пабегаць у двары з мясцовымі дзецьмі. І ўсё ж мяняць месца жыхарства ён пакуль не збіраецца: з бабуляй – самым блізкім і любімым чалавекам – заўсёды цёпла, шчыра, камфортна.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *