На «прямой линии» связисты

Общество

Без электрычнай і паштовай сувязі сучаснаму чалавеку абысціся немагчыма. Яны трывала ўвайшлі ў наша жыццё даўно, аднак, не страчваюць сваёй актуальнасці і пастаянна радуюць, здзіўляюць новымі відамі cучасных і неабходных паслуг. Чым сёння жывуць, якія паслугі аказваюць і чым плануюць у бліжэйшай будучыні парадаваць шматлікіх кліентаў вузлы электрычнай і паштовай сувязі нашага раёна? Пра гэта мы прапанавалі пагаварыць сваім чытачам падчас чарговай “прамой лініі”, якая праходзіла ў рэдакцыі 10 лістапада. На гэты раз яе гасцямі сталі начальнікі РВЭС і РВПС А.А.РАДЗЮШ і Г.І.СВІДЗІНСКАЯ.

Як адзначыў Аляксандр Аляксандравіч, на сённяшні дзень паслугамі электрасувязі ў раёне карыстаюцца больш за шэсць тысяч абанентаў. Для забеспячэння насельніцтва, суб’ектаў гаспадарання надзейнай сувяззю праводзіцца мэтанакіраваная работа па мадэрнізацыі тэлефонных станцый і ліній сувязі. На сённяшні дзень ва Ушацкім раёне дзейнічае 21 АТС: 4 – у гарпасёлку і 17 – на вёсцы. У наступным годзе пры наяўнасці фінансавання плануецца адкрыццё яшчэ пяці станцый: у Арэхаўне, Пліне, Вялікіх Дольцах, Селішчы і Кублічах.
Жыхароў вёскі Петухі, як паведаміла падчас тэлефоннай размовы з А.А.Радзюшам Н.Дайлідзёнак, непакоіць той факт, што ў іх населеным пункце толькі адзін стацыянарны тэлефон, і той часам не працуе. Аляксандр Аляксандравіч патлумачыў, што збоі ў рабоце тэлефоннай сувязі ў вёсцы адбываюцца не па віне РВЭС, аднак гэтае пытанне будзе трымацца на кантролі. А таксама ён параіў падумаць жыхарам вёскі аб падключэнні новых тэлефонаў. На сённяшні дзень з гэтым няма ніякіх праблем. Пашырэнне нумарной ёмістасці і магчымасці новых электронных станцый дазволілі ліквідаваць чаргу на ўстаноўку тэлефонаў. Там, дзе няма магчымасці для ўстаноўкі ці затратна пракладваць кабель, выкарыстоўваецца бесправадная тэхналогія. Дзякуючы гэтаму любы чалавек, нават у аддаленым маленькім населеным пункце, можа стаць абанентам РВЭС, для гэтага неабходна звярнуцца ў вузел электрычнай сувязі з адпаведнай заявай – і ўжо на працягу сутак тэлефон будзе падключаны.
З пытаннем аб тэрмінах замены радыётэлефона на стацыянарны звярнулася С.Аўдошка. Зварот грамадзянкі выкліканы тым, што кожны дзень прыходзіцца шмат працаваць з інтэрнэтам, а хуткасць доступу ў радыётэлефоне меншая за тую, якую дае стацыянарны тэлефон. Аляксандр Аляксандравіч паабяцаў удакладніць аб’ём работы РВЭС на бліжэйшы час і да канца тыдня вызначыць тэрмін выканання замены.
Праблемай пакуль застаецца разблакіроўка тэлефонных ліній. На сённяшні дзень у гарпасёлку 270 карыстальнікаў блакіраваных тэлефонаў, на вёсцы – 450. Аб тэрмінах правядзення работ па разблакіроўцы тэлефонаў па вуліцы Калінінскай гарпасёлка звярнулася жыхарка г.п.Ушачы Глінская.
А.А.Радзюш адзначыў, што зараз работнікамі РВЭС вядзецца планамерная работа па гэтым пытанні, а таму ў хуткім часе яно будзе вырашана.
Г.Башун са Строктаў паведаміла, што нядаўна падала ў РВЭС заяўку аб пераносе тэлефона з аднаго дома ў другі – супрацоўнікі арганізацыі праклалі кабель, устанавілі разетку, і на гэтым спынілі работу, спасылаючыся на неабходнасць дапрацоўкі тэлефоннага абсталявання. Аляксандр Аляксандравіч запэўніў жанчыну, што разбярэцца з сітуацыяй, высветліць усе акалічнасці справы.
Калектыў РВЭС робіць усё магчымае для таго, каб абаненты заўсёды былі “на сувязі”. Канечне, абсталяванне часам дае збоі, але супрацоўнікі вузла электрасувязі кантралююць гэта і своечасова выпраўляюць недахопы. Пацверджаннем стала тэлефанаванне жыхаркі Капылоўшчыны Харак, якая падзякавала Аляксандра Аляксандравіча за аператыўнасць работы яго падначаленых.
Начальнік РВПС Галіна Іванаўна Свідзінская сказала, што звычайна людзі цікавяцца тэрмінам выдачы пенсіі ці ўмовамі падпісной кампаніі, аднак падчас “прамой лініі” тэлефанаванняў, якія б датычыліся работы раённага вузла паштовай сувязі, не было. Гэта можна патлумачыць у першую чаргу тым, што грамадзяне са сваімі пытаннямі звяртаюцца ў бліжэйшыя паштовыя аддзяленні, якіх у раёне 20 (19 – сельскіх і 1 – гарадское), або да паштальёнаў, і яны своечасова і якасна вырашаюцца.
К.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *