У панядзелак, 15 сакавіка, краіна адзначыла Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Да гэтай даты ва ўсіх куточках нашай дзяржавы праведзена патрыятычная акцыя “Мы – грамадзяне Беларусі!” з урачыстым уручэннем пашпартоў. У такой асаблівай атмасферы самыя актыўныя, таленавітыя юнакі і дзяўчаты сталі паўнапраўнымі грамадзянамі краіны. У іх ліку – і нашы юныя землякі.
Напэўна, на ўсё жыццё запомняць гэту дату Лізавета Пахолак з Ушацкай школы і Аляксандра Урбан з Ільюшынскай. Менавіта гэтыя вучаніцы – грамадскія актывісткі, пераможцы алімпіяд, навукова-практычных канферэнцый і творчых конкурсаў – аказаліся ў ліку 17 шчасліўчыкаў ад Віцебскай вобласці, якім давялося трапіць у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь на адно з цэнтральных мерапрыемстваў узгаданай вышэй акцыі. Пуцёўку ў дарослае жыццё падчас урачыстай цырымоніі ўручэння пашпартоў яны атрымалі з рук спікера ніжняй палаты парламента Уладзіміра Паўлавіча Андрэйчанкі.
Падобнае дзейства прайшло ў панядзелак і ў нашым раёне – галоўны дакумент грамадзяніна атрымалі 9 юнакоў і дзяўчат. Амаль ніводнае мерапрыемства, асабліва спартыўнае, не абыходзіцца без удзелу Дар’і Дрозд і Мацвея Васільева з Ушацкай школы. Нямала творчых дасягненняў у Дзмітрыя Ільюшэнкі, Ганны Маковіч і Анастасіі Пашко з гэтай жа альма-матэр. Пераможцамі школьнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі, прызёрамі школьных, раённых спартыўных і творчых спаборніцтваў адпаведна з’яўляюцца Аляксандра Пячура і Дар’я Ражноўская з райцэнтра. Поспехі ў конкурсах “Калядная зорка” і “ТэхнаЁлка” традыцыйна дэманструе Лілія Варатынская з Ільюшына. А ў скарбонцы Анастасіі Рамашэўскай з Арэхаўскай школы – прызавыя месцы на раённых этапах рэспубліканскага конкурсу па фларыстыцы “Кветкі Перамогі” і абласнога конкурсу сацыяльных праектаў “Хто, калі не мы”.
Са знакавай датай – Днём Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь – удзельнікаў урачыстасці, што ладзілася ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці, павіншавала намеснік старшыні райвыканкама А.В.Пашковіч.
– Мы жывём у маладой суверэннай дзяржаве, дзе Канстытуцыя вызначае правы і абавязкі кожнага з нас, – зазначыла яна. – У гэты дзень жадаю вам моцнага здароўя і трывалых ведаў, якія закладуць падмурак паспяховай будучыні. Хай атрымаецца ажыццявіць усё, што вы задумалі!
Пад гучныя апладысменты прысутных Алена Васільеўна і начальнік Ушацкага райаддзела ўнутраных спраў Аляксей Іванавіч Іспянькоў уручылі маладым людзям пашпарты, падарункавае выданне “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь” і, канечне ж, Канстытуцыю нашай краіны.
У гэты ж дзень некалькі школьнікаў нашага раёна папоўнілі рады самай масавай маладзёжнай арганізацыі – Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Першы сакратар райкама БРСМ Дзіяна Калбасава ўручыла юнакам і дзяўчатам членскія білеты і значкі, пажадала актыўнага грамадскага жыцця, добрых спраў на карысць Радзімы, аптымізму і невычэрпнай энергіі.
Святочнага настрою мерапрыемству дадаў канцэрт, падрыхтаваны работнікамі дзіцячай школы мастацтваў і цэнтра культуры.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.