2009-ы год, безумоўна, быў для нас складаным, але нягледзячы на гэта мы стараліся працаваць нават лепш, чым раней. Быў завершаны капітальны рамонт будынка, які цяпер выдатна выглядае як знешне, так і ўнутры, добраўпарадкавана тэрыторыя. Створаны выдатныя ўмовы для работнікаў банка, ацанілі гэта і нашы кліенты, якія зараз з задавальненнем ідуць да нас. Вялікі вопыт работы на рынку банкаўскіх паслуг, а таксама пастаяннае ўдасканаленне сваёй дзейнасці, дазваляе банку не толькі выжываць у складаных умовах, але і ўтрымліваць вядучыя пазіцыі ў сектары эканомікі.
– Назва банка гаворыць сама за сябе і прадугледжвае цеснае супрацоўніцтва з аграпрамысловымі арганізацыямі і прадпрыемствамі. Што змянілася ў рабоце з імі за апошні год?
Па-ранейшаму асноўнай нашай
работай з’яўляецца крэдытаванне арганізацый аграпрамысловага комплексу. Наш банк уносіць вялікі ўклад у развіццё сельскай гаспадаркі раёна, ажыццяўляе крэдытную падтрымку ўрадавых дзяржаўных праграм па развіцці аграпрамысловага комплексу. У гэтым годзе значнай падзеяй для сельскай гаспадаркі раёна стала будаўніцтва фермы ў Завячэллі, а для нас гэта самы вялікі крэдытуемы аб’ект. Будаўніцтва фермы пракрэдытавана нашым банкам на 8,5 мільярда рублёў. Мы ажыццяўляем крэдытную падтрымку юрыдычным асобам раёна. На сённяшні дзень сума крэдытных укладанняў складае больш 50-ці мільярдаў рублёў, з іх менавіта на аграпрамысловы комплекс прыходзіцца 95,8 працэнта.
– Што новага з’явілася ў гэтым напрамку?
– Крэдытная падтрымка новага кірунку – аграэкатурызму, які ў апошні час актыўна развіваецца ў краіне. У нашым раёне пакуль што нямнога такіх аб’ектаў, а намі пракрэдытаваны пакуль што адзін – аграсядзіба “Зялёны бераг”, які ажыццяўляе сваю дзейнасць у Глыбачцы Глыбачанскага сельсавета. Людзі нясмела ідуць на такі важны крок, які патрабуе вялікіх фінансавых сродкаў, але мы будзем рады бачыць новых кліентаў, што працуюць у гэтым напрамку.
– Ці павялічваецца колькасць вашых кліентаў?
– Наша аддзяленне ажыццяўляе комплекснае абслугоўванне юрыдычных, фізічных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, праводзіць крэдытныя аперацыі як у беларускіх рублях, так і ў замежнай валюце, прапаноўвае новыя паслугі, а таму і кола нашых кліентаў паступова павялічваецца. Асаблівае месца ў дзейнасці банка займаюць паслугі, якія прапаноўваюцца прыватным кліентам – гэта размяшчэнне грашовых сродкаў на ўклады, разлікова-касавае абслугоўванне, аперацыі з замежнай валютай, рэалізацыя латарэйных білетаў, каштоўных металаў, а таксама юбілейных і памятных манет. Дарэчы, дзве апошнія паслугі – рэалізацыя каштоўных манет і металаў карыстаюцца попытам сярод насельніцтва. Цэняцца не толькі залатыя, але і сярэбраныя, меднанікелевыя. У нас можна набыць манеты самых розных серый: “Знакі задыяка”, “Праваслаўныя святыя”, “Нацыянальныя паркі і запаведнікі Беларусі” і многія іншыя. Па-ранейшаму карыстаюцца папулярнасцю і віды ўкладаў. Асноўнымі з’яўляюцца “Линия роста”, “Старт” і “Время денег”, апошні быў адкрыты ў 2009 годзе. Асаблівасць укладаў не толькі ў высокіх працэнтных стаўках, але і ў магчымасці папоўніць іх або зняць у любым аддзяленні “Белаграпрамбанка”. На сённяшні дзень у нас 4,2 тысячы ўкладчыкаў. Каля трох тысяч чалавек карыстаюцца пластыкавымі карткамі нашага банка і гэта лічба паступова расце. Зручнасць разліку карткамі даўно ацанілі іх уладальнікі.
У сувязі з прафесійным святам нельга не сказаць і пра наш калектыў, які вылучаецца высокакваліфікаванымі спецыялістамі. Мы цэнім тых людзей, якія даўно працуюць і тых, хто прыйшоў нядаўна. Ёсць у нас заслужаныя работнікі, якія працуюць у сістэме банка больш трыццаці гадоў – гэта намеснік упраўляючага В.П.Захарэнка, галоўны бухгалтар В.І.Жданко, намеснік галоўнага бухгалтара Г.А.Крывец. Крыху з меншым стажам працуюць Я.М.Долгая, А.М.Пятніца, Л.Л.Полазава, Н.С.Шчэрбік, Т.П.Дзямешка. Больш трэці калектыву – моладзь да 30 гадоў. Нельга не адзначыць маладых спецыялістаў аддзела рознічных паслуг, якія працуюць крыху больш двух гадоў – В.М.Міхейка, І.Б.Бурак, А.М.Закрэўскі і тых, якія зусім нядаўна ўліліся ў наш калектыў – В.Г.Баранава, Д.С.Крахотка, А.Ю.Мамон. Усе яны актыўныя, добрасумленныя, добра спраўляюцца з пастаўленымі няпростымі задачамі. Мы ўдзячны за ўклад у развіццё банка і нашым ветэранам працы – В.П.Шнітко, А.І.Дук, В.М.Бурак, З.М.Кісель, В.С.Дзмітраніца. Напрыканцы хачу павіншаваць усіх банкаўскіх работнікаў з прафесійным святам, пажадаць ім моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, поспехаў у працы, упэўненасці ў заўтрашнім дні.
Падрыхтавала В.ПОЛАЗАВА.