Кожны месяц працуе “грамадская прыёмная”, якая адкрыта пры райвыканкаме, каб аказаць бясплатную юрыдычную кансультацыю маламаёмным катэгорыям грамадзян. Раз у месяц згодна з графікам у “грамадскую прыёмную” прыходзяць прадстаўнікі пракуратуры, суда, натарыус і адказваюць на пытанні грамадзян. На старонках газеты мы будзем друкаваць тыя, што закранаюць інтарэсы шырокага кола жыхароў раёна. Чарговы раз у “грамадскай прыёмнай” дзяжурыла загадчык натарыяльнай канторы Жанна Леанідаўна КАВАЛЕНКА.
Пытанне жыхаркі г.п.Ушачы:
– У 1982 годзе я другі раз зарэгістравала шлюб. У мужа ва ўласнасці быў жылы дом, які яны пабудавалі з першай жонкай. З 1986 года я прапісана ў доме, жыву, за час сумеснага жыцця з мужам значна палепшылі стан дома, памянялі вокны, пабудавалі многа гаспадарчых памяшканняў. Цяпер я даведалася, што былая жонка майго мужа збіраецца заявіць правы на дом. Ці мае яна такое права?
– І вы, і першая жонка маеце правы на гэты дом. Яна – бо ён быў пабудаваны ў перыяд яе шлюбу з вашым мужам, а вы – бо на працягу шлюбу ўкладваліся сродкі за кошт вашай з мужам сумеснай маёмасці, што значна павялічыла кошт жылля. Аднак кропку ў гэтай справе зможа паставіць толькі суд.
Пытанне жыхара вёскі Заазер’е.
– У 2001 годзе памерла мая маці. За афармленнем сваіх спадчынных правоў на працягу 6 месяцаў у натарыяльную кантору не звяртаўся. Усе гэтыя гады даглядаў дом, карыстаўся хатнімі прадметамі, мэбляй. Акрамя мяне ёсць яшчэ спадчыннікі, аднак яны не прэтэндуюць на дом. Зараз хачу аформіць свае правы, як гэта зрабіць?
– Калі вы ўсе гэтыя гады карысталіся домам, даглядалі яго і гэты факт вядомы сельскаму выканаўчаму камітэту, на тэрыторыі якога знаходзіцца дом, то сельвыканкам сваёй даведкай можа пацвердзіць вам факт уступлення ва ўладанне і кіраванне спадчыннай маёмасцю. Акрамя гэтага, калі вы на працягу 6 месяцаў пасля смерці наследадаўцы плацілі страхавыя ўзносы, то гэта таксама сведчыць аб фактычным уступленні ва ўладанне і кіраванне. У адваротным выпадку вам давядзецца звяртацца ў суд з заявай аб устанаўленні факта прыняцця спадчыны, а пасля пацвярджэння ўказанага факта – у натарыяльную кантору і аформіць свае спадчынныя правы.
Пытанне жыхаркі гарпасёлка:
– Хто мае льготы пры афармленні дарэння або завяшчання?
– На 50 працэнтаў вызваляюцца ад уплаты дзяржаўнай пошліны пенсіянеры, інваліды, а таксама законныя прадстаўнікі асоб, прызнаных у вызначаным парадку недзеяздольнымі, якія дзейнічаюць ад іх імя і ў іх інтарэсах. Дзяржаўная пошліна за пасведчанне дагавора дарэння на карысць блізкіх родных складае 2 базавыя велічыні (на сённяшні дзень 70 тысяч рублёў), за пасведчанне завяшчання – адна (35 тысяч рублёў).