Ручнік спрадвеку быў не толькі неабходнай бытавой рэччу, а і элементам упрыгожання сялянскага жылля, нёс пэўную інфармацыю пра людзей. Так, у любой матырынскай хаце ён вісеў на драўляным круку ля дзверы – госці не толькі ведалі, дзе выцерці рукі, а і складалі ўражанне пра гаспадыню: ручнік вымыты, выкачаны (пагладжаны каталкай) ды яшчэ і з прыгожай вышыўкай – значыць, годная жанчына тут жыве.
Аляксандра Іванаўна Рудзёнак такія кампліменты атрымлівала заўсёды. Сваёй працавітасцю і гаспадарлівасцю, талентамі і беражлівымі адносінамі да мясцовых традыцый яна заслужыла павагу не толькі ў роднай вёсцы, а і далёка за яе межамі. Не абміналі жанчыну ўвагай і журналісты: толькі тэлевізіёншчыкі чатыры разы ладзілі здымкі ў яе хаце. А знакаміты беларускі этнограф Янка Крук, які прыязджаў збіраць інфармацыю пра старажытныя абрады, паслухаўшы яе красамоўны аповед, узрушана ўсклікнуў: “Аляксандра Іванаўна – сапраўдны прафесар этнаграфіі!”
Зрэшты, да гэтага ганаровага звання можна дадаць і яшчэ адно – заслужаны дзеяч рукадзельнага мастацтва. І мы напрасіліся ў госці да жанчыны, каб палюбавацца багатай калекцыяй яе вышывак.
Гэты спрадвечны занятак перажывае зараз рэнесанс: пакоі добрай паловы ўшачанак упрыгожваюць уласныя работы і нават школьніц на ўроках працы навучаюць вышыванню. На дапамогу сучасным рукадзельніцам прыйшлі падрабязныя схемы з адпаведным наборам канвы і нітак, што дазваляе вырабляць вельмі дасканалыя карціны. Справа карпатлівая і захапляльная, але ж такім чынам крыху змяншаецца элемент творчасці. Аляксандра Іванаўна стварае свае малюнкі не па схемах, а экспромтам. І нават канву апошнім часам не выкарыстоўвае – вышывае па звычайнай тканіне. “Пачынаю з цэнтральнага элемента – а потым развіваю ўзор, “малюю” ніткамі, як падказвае фантазія”, – расказвае мая суразмоўца. Не толькі ў выкананні, а і ў сюжэтах яна захоўвае традыцыйныя народныя матывы – кветкі, арнаменты, выявы птушак.
Фартухі, навалачкі, сурвэткі – іх дзясяткі, і ніводны ўзор не паўтараецца. А вось і вышытыя яе рукамі кашулі народнага фальклорнага калектыву “Матырынская спадчына”, якому А.Рудзёнак прысвяціла 33 гады. З захапленнем разглядаю яркі ручнік з двума пеўнямі, выраблены спецыяльна да абласнога свята “Вялікая вясельніца”, што з фурорам прайшло ва Ушачах чатыры гады таму. Дарэчы, палатно да яго майстрыха выткала яшчэ ў маладосці. Рознаму рукадзеллю яна навучылася ад мамы Ганны Якаўлеўны Шалак. А вось вышываннем захапілася ў 12 год. “Прыехала да суседкі госця ды ўзялася за сімвалічную плату вясковым дзецям кашулькі вышываць. Я як убачыла яе за справай, дык аж сон не браў. Знайшла дома лапік анучы, дастала іголку з ніткай… Потым узялася вышываць насоўку. Атрымалася, відаць, няблага, бо старэйшая сястра забрала яе, каб пафарсіць на сяле – тады было модна заторкнуць насоўку ў рукаў, каб яна была напалову бачная”, – з усмешкай прыгадвае Аляксандра Іванаўна.
Іх у бацькоў было пяцёра, вольны час не марнавалі: хлопцы дапамагалі тату ў цяслярскай рабоце, дзяўчаты рукадзельнічалі. Падчас такіх пасядзелак маці расказвала пра старажытныя звычаі і стравы, спявала абрадавыя песні, што чула ад бабулі. У гасцінную хату часта наведваліся суседзі: аж двойчы на дзень заглядваў дзед Ігнат, інвалід Грамадзянскай вайны, – Сашу ён любіў асабліва, бо яна ўмела слухаць – старому ж было што распавесці пра тое, як жылі даўней.
Усё пачутае дзяўчына запомніла, каб потым перадаць нашчадкам. Захоўваецца скарб матырынскай спадчыны і ў яе аўтэнтычных вышыўках. А некаторыя работы майстрыхі раз’ехаліся па свеце: так, беларускія ручнікі нагадваюць пра радзіму яе пляменніцам у Санкт-Пецярбургу. А праўнучак Паша, калі прыязджае з райцэнтра ў госці, з цікавасцю назірае, як прабабка чаруе над чарговай вышыўкай. Хоць і не той ужо зрок, ад любімага занятку Аляксандра Іванаўна не адмаўляецца: вось і нядаўна нявестка Галіна Сяргееўна Рудзёнак прывезла ёй з Ушач чаканы заказ – набор каляровых нітак.
Наталля БАГДАНОВІЧ.
- Самы старажытны ручнік калекцыі быў вышыты Аляксандрай Іванаўнай 60 год таму да свайго вяселля: па матырынскіх абрадах, напярэдадні цётка нявесты павінна была прынесці ў хату жаніха некалькі ручнікоў, каб аздобіць сцяну ля іконы, а на край стала клала абрусы, што сцялілі ў доме адразу пасля святкавання. У першую ж раніцу сямейнага жыцця муж абавязкова выціраўся не матуліным, а жончыным ручніком. Калі ж матырынская дзяўчына зацяжарвала да вяселля – ніякіх цырымоній не ладзілі, а проста цішком, звычайна ў прыцемках, перавозілі яе з парай падушак у дом кавалера. Пра такое казалі: пайшла замуж “свіным пераходам”.