В сфере общественного питания Ушачского района постепенно снижается количество пластика

Общество

Сёлета дзень абароны правоў спажыўцоў прысвечаны “Барацьбе з забруджваннем пластыкавымі матэрыяламі”. Праблема, якая навідавоку для простага чалавека. Ну а даследаванні ў гэтай галіне сведчаць, што да 2050 года ў сусветным акіяне будзе больш пластыку, чым рыбы. А 40 працэнтаў вырабленага за ўвесь час выкідваецца пасля аднаго выкарыстання, а потым дзесяцігоддзямі ляжыць на звалках.

Яшчэ з першага студзеня гэтага года ў Беларусі як і па ўсёй Еўропе ўведзена забарона на выкарыстанне пластыку ў сферы грамадскага харчавання. І першая кропка, куды мы наведаліся, быў магазін “Кулінарыя”. Кліентка якраз папрасіла порцыю катлет, і “Папараць-кветка” прыгожа ўляглася практычна на ўсю папяровую талерку. Падалі і відэлец – з кукурузы. Ужываць яго ў якасці гарніру, канечне, не варта, бо ў складзе акрамя крухмалу з гэтых круп усё ж шмат іншых складнікаў. Аднак такі відэлец, як і лыжкі, папяровыя стаканы, у якія наліваюць каву ці гарбату, драўляныя размешвальнікі цукру – здольны самараскладацца пры ўтылізацыі. А мэта забароны на пластыкавы посуд – скараціць колькасць адходаў, якія нельга паліць, бо выдзяляюць шмат таксічных рэчываў, не гніюць, і горы якіх сталі глабальнай праблемай для навакольнага асяроддзя.

Спецыяльны, харчовы пластык яшчэ многа дзе прымяняецца і дазволены пры ўпакоўцы ўласнай прадукцыі. У той жа “Кулінарыі” торт, рулет ці пірожнае вам пры жаданні пакладуць у пластыкавы кантэйнер. Цэх па розліве напіткаў працуе толькі з пластыкавай бутэлькай і наогул у продажы шмат тавараў “апранута” менавіта ў яго. На гэтую эканамічную тару перайшлі вельмі многія вытворцы – на 15 апошніх год прыходзіцца палова ўсяго вырабленага пластыку. Штогод толькі ў воды сусветнага акіяну яго трапляе каля 8 мільёнаў тон, ад чаго гіне 100 тысяч марскіх млекакормячых і чарапах і 1 мільён марскіх птушак.

Прыгадайце пра гэта, калі будзеце збірацца на пікнік – аддайце перавагу папяроваму посуду, які потым можна спаліць, ці відэльцам з крухмалу, якія распадуцца ў зямлі за 180 дзён. А пры паходзе ў магазін вазьміце з сабой кантэйнер, каб пакласці пірожнае, сумку з тканіны, каб не набываць чарговы пакет з поліэтылену, які вы выкінеце на сметнік.

Вольга КАРАЛЕНКА.

  • З ўсёй пластмасы, што выпускаецца ў год, 50 працэнтаў – аднаразовага выкарыстання.
  • Біяраскладальны посуд робяць з самых нечаканых відаў расліннай сыравіны: кукурузнага і бульбянога крухмалу, пшанічнай саломы, цукровага трыснёгу, бамбукавай фібры.
  • За 50-60 гадоў, з моманту масавага выпуску ў сярэдзіне мінулага стагоддзя, выраблена каля 8,3 мільярда тон пластыку, біяраскладальнага з яго – толькі чатыры мільёны тон, што ў 2075 разоў менш. Пластыкавых адходаў зараз каля 70 мільярдаў тон. З іх 79 працэнтаў знаходзіцца на звалках ці проста ў прыродным асяроддзі, 12 – спалена і толькі 9 перапрацавана для паўторнага выкарыстання. У лідарах па перапрацоўцы пластыку – Еўропа і Кітай: там паўторна выкарыстоўваецца каля 30 і 25 працэнтаў ад пластыкавых адходаў адпаведна.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *