На вытворчай нарадзе, якую правёў старшыня раённага выканаўчага камітэта Алег Анатольевіч Кавалёнак, разглядалася шмат пытанняў. Па-першае, аб расчыстцы дарог у зімовы час. Паколькі праблем з расчысткай трас не ўзнікала нават у мінулую складаную зіму, то асаблівую ўвагу трэба звярнуць на расчыстку вясковых дарог. Павінен быць складзены і прытрымлівацца графік расчысткі вёсак, а дапамогу ДРБУ-105 і камунгасу павінны аказваць і гаспадаркі, якія пры расчыстцы дарог да ферм і сіласных ям будуць ахопліваць і частку дарог у населеных пунктах.
Алег Анатольевіч даў даручэнне камунгасу і раёну электрычных сетак на наладжванне асвятлення згодна стандартам як па гарпасёлку, так і па іншых населеных пунктах раёна. А вось асвятленне дарогі ў напрамку мікрараёна вуліцы Віцебскай плануецца зрабіць у канцы месяца. У будучым далей у тым напрамку падоўжыцца і тратуар.
Кіраўнік раёна параіў камунгасу выдзеліць адну машыну пад катафалк, ці заказаць спецыяльную, паколькі такая паслуга запатрабавана.
За пэўнымі арганізацыямі замацаваны ўчасткі па ўборцы хмызнякова-драўніннай расліннасці, якая пры набыцці шчапаздрабняльнай машыны будзе перарабляцца.
Падняў Алег Анатольевіч і пытанне абслугоўвання людзей праз банкаматы, інфакіёскі і тэрміналы. Хоць наш раён мае лепшыя паказчыкі па безнаяўным разліку нават адносна больш населеных раёнаў вобласці, трымальнікі пластыкавых картачак не павінны адчуваць ніякіх нязручнасцей. Дырэктар Цэнтра банкаўскіх паслуг №221 У.Г.Аўдошка паведаміў, што хоць банкам і перавыкананы план па ўстаноўцы тэрміналаў на 6 адзінак, заказана абсталяванне яшчэ дванаццаці, каб ахапіць усе аграгарадкі і магазіны гарпасёлка, акрамя гэтага звонку магазіна “На Віцебскай” з’явіцца трэці інфакіёск, а ў блізкай перспектыве і банкамат. Упраўляючая аддзялення “Белаграпрамбанка” Г.А.Цісковіч паведаміла, што ў хуткім часе таксама будзе выкананы план, устаноўлена 14 дадатковых тэрміналаў.
Былі разгледжаны і сельскагаспадарчыя пытанні. У прыватнасці, аб працягванні ўздыму зябліва, а таксама аб перадачы на ўтрыманне “Райаграсервісу” цялят з “Агра-Селішча” з-за нездавальняючага іх утрымання там.
Старшыня райвыканкама даў даручэнне на працягванне капрамонту дома па Савецкай, на перадачу на ўтрыманне ДРБУ-105 на наступны год дарогі Жары-Дутчына, на хутчэйшую газіфікацыю як дамоў ў вёсцы Ліпавец і пасёлку лясгаса, так і 10 дамоў у Ільюшыне. Галоўны інжынер “Ушачырайгаза” паведаміў, што дамы падключаюцца згодна з атрыманнем заявак, затрымка выйшла з-за таго, што ўладальнікі своечасова не падрыхтавалі ўсе неабходныя дакументы і не аформілі крэдытаў, максімальна за дзень можна падключаць тры дамы. Калі спатрэбіцца, газавікі гатовы выканаць работы і ў суботу, а да газіфікацыі Ільюшына плануюць прыступіць праз 10 дзён.
Вызначаны месцы правядзення масавых мерапрыемстваў у час агі- тацыі за кандыдатаў у Прэзідэнты.
В.КАРАЛЕНКА.