У раёне працягваецца вакцынацыя ад каранавіруса. І хоць разлічваць на прышчэпку могуць толькі асобныя катэгорыі грамадзян, пытанняў ва ўшачан застаецца больш, чым адказаў. Выправіць сітуацыю закліканы адмысловыя выступленні спецыялістаў у працоўных калектывах. Так, на мінулым тыдні з педагогамі Ушацкай школы і работнікамі ТЦСАН, якія актыўна кантактуюць з дзецьмі і асноўнай групай рызыкі – пажылымі, сустрэўся галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна П.А.САЎЧАНКА.
Ён расказаў, што вакцынацыя ад COVID-19 пачалася на Ушаччыне 12 лютага. Першымі прышчапіліся работнікі аховы здароўя (не толькі медыкі, але тэхнічны, абслугоўваючы персанал). Ужо ў мінулую пятніцу яны атрымалі другую дозу вакцыны. Апошняя, дарэчы, папярэдне прайшла ўсе неабходныя даклінічныя іспыты, чатыры фазы клінічных, таму ў яе якасці сумнявацца не даводзіцца. Па звестках даследчыкаў, эфектыўнасць расійскага “Спутніка V” сярод грамадзян ва ўзросце 18-60 гадоў склала 95 працэнтаў, сярод старэйшых – 90.
– Да ўвядзення прэпарата ёсць пэўныя супрацьпаказанні, – зазначыў Павел Аляксандравіч. – Да іх адносяцца гіперадчувальнасць да кампанентаў вакцыны, цяжкія алергічныя рэакцыі на некаторыя медыкаменты, а таксама ўзрост – прышчэпка робіцца толькі дарослым (пасля 18 гадоў). Не варта імунізавацца тым, хто мае вострае інфекцыйнае захворванне, абвастрэнне хранічнага – ім для пачатку раю паправіць здароўе.
Пужацца нязначнаму дыскамфорту (павышэнню тэмпературы цела да 37 градусаў, пачырваненню, свербу ў месцы ўколу) пасля ўвядзення вакцыны не варта. Гэта нармальная рэакцыя арганізма. Калі ж пасля ўвядзення першага кампанента прэпарата ўзнікнуць вострыя пабочныя рэакцыі (анафілактычны шок, павышэнне тэмпературы цела звыш 40 градусаў), другую прышчэпку рабіць не будуць. Але бывае такое нячаста.
Па словах П.А.Саўчанкі, у нашай краіне мяркуецца правесці вакцынацыю ў чатыры этапы. У першы трапляюць таксама работнікі сацустаноў з кругласутачным знаходжаннем грамадзян, іх непасрэдныя падапечныя, прадстаўнікі сістэмы адукацыі, у другі – асобы з хранічнымі захворваннямі, цяжкім цячэннем названай інфекцыі, а таксама старэйшыя за 60 год, у трэці – работнікі сферы гандлю, грамадскага харчавання, транспарту, культуры, спорту і некаторых іншых, ну а потым – усе жадаючыя. На Ушаччыне запланавана прышчапіць ад каранавіруса 60 працэнтаў насельніцтва.
– У сакавіку-красавіку ў сувязі з сезоннасцю цыркуляцыі вірусаў традыцыйна павышаецца захваральнасць на розныя інфекцыі, – падкрэсліў Павел Аляксандравіч. – Таму раю ўсім, каму зараз прапануецца вакцынацыя, не адмаўляцца. Аднак напачатку адэкватна ацаніце стан свайго здароўя, дапаможа ж у гэтым участковы тэрапеўт.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.