В Витебске подведены итоги конкурса «Женщина года 2020». Среди победителей — ушачанка Мария Ярмош

Общество

У Віцебску падвялі вынікі абласнога этапу конкурсу “Жанчына года-2020”, які аблвыканкам праводзіць сумесна з абласной арганізацыяй грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”. Гэта ганаровае званне будуць насіць 30 прадстаўніц прыгожай паловы рэгіёну розных прафесій, якія адзначаны ў шасці намінацыях – “Паспяховы кіраўнік”, “Гаспадыня сяла”, “Актыўная жыццёвая пазіцыя”, “Мацярынская слава”, “Духоўнасць і культура”, “Сэрца аддаю людзям”. Надзвычай прыемна, што пераможцам у намінацыі “Гаспадыня сяла” стала старшыня Кубліцкага сельвыканкама Марыя Васільеўна Ярмош.

Многія ўшачане ведаюць Марыю Васільеўну як вельмі актыўнага, неабыякавага, працаздольнага чалавека. 29 гадоў яна прысвяціла педагагічнай дзейнасці, апошнія тры працуе ў Кубліцкім сельвыканкаме.

Складана пераацаніць ролю М.В.Ярмош у рэалізацыі ў 2020 годзе раённага праекта “Яўрэйскае мястэчка – Кублічы”. На старонках газеты мы ўжо падрабязна расказвалі, як у аграгарадку была створана адмысловая музейная экспазіцыя. Каб гэтая задума стала рэальнасцю, у мясцовых жыхароў Марыя Васільеўна сабрала больш за 1000 унікальных прадметаў! У гэтым годзе праца па дапаўненні музея працягваецца. У рамках рэалізацыі праекта М.В.Ярмош знайшла спонсараў і быў устаноўлены ў цэнтры аграгарадка памятны знак “Кублічы – яўрэйскае мястэчка”. Дадатковыя спонсарскія сродкі, якія ёй удалося сабраць у рэкордна кароткія тэрміны, былі накіраваны на добраўпарадкаванне мясцовых яўрэйскіх могілак (усяго на гэтыя мэты асвоена больш 4 тысяч беларускіх рублёў).

Яшчэ адным накірункам яе плённай дзейнасці на тэрыторыі сельсавета стала папулярызацыя малой радзімы нашага вядомага земляка, Народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава – вёскі Бычкі. З мэтай прыцягнення турыстаў яна ініцыіравала ўстаноўку білборда ля дарогі ў Селішчы, арганізавала добраўпарадкаванне ў Бычках, на грамадзянскіх могілках, дзе пахаваны бацькі пісьменніка. Таксама па ініцыятыве М.В.Ярмош пашырана праезная частка да сядзібы-музея, каб туды маглі даехаць буйнагабарытныя экскурсійныя аўтобусы.

У 2020 годзе яна прымала актыўны ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын. Напрыклад, на тэрыторыі Кубліцкага сельсавета ёй асабіста арганізавана чатыры суботнікі з прыцягненнем актывістаў БСЖ. Не засталася Марыя Васільеўна ў баку і ад работ па добраўпарадкаванні дзіцячай школы мастацтваў, выдзеліўшы для пасадкі больш за 20 кустоў дэкаратыўных раслін, вырашчаных на ўласным прысядзібным участку. Менавіта яна першай прывезла адзенне і абутак у нядаўна адкрыты дабрачынны цэнтр і арганізавала збор і дастаўку рэчаў, якія сабралі жыхары Кубліцкага сельсавета. Можна доўга гаварыць і пра тое, як уважліва старшыня сельвыканкама ставіцца да зваротаў людзей, імкнецца вырашаць праблемы вяскоўцаў.

А яшчэ Марыя Васільеўна творчы чалавек, свет яе захапленняў не зводзіцца да аднаго накірунку. Асаблівае месца ў яе жыцці займаюць кветкі. Дом, у якім пражывае сям’я Ярмош, не быў бы такім прыгожым, калі б не задумы гаспадыні па кветкавым афармленні і азеляненні. Пастаянны догляд за раслінамі прыносіць Марыі Васільеўне асаблівае задавальненне. Такімі ж “зялёнымі” выглядаюць і памяшканні, і тэрыторыя сельсавета.

Вышыванне – таксама яе хобі. Гэтым жанчына занялася нядаўна, аднак у калекцыі больш за 50 карцін, а сёлета асвоіла яшчэ і выраб ёлачных упрыгожанняў з вышыўкай. Яшчэ адно захапленне – падарожжы, М.Ярмош пабывала ў многіх цікавых месцах Беларусі, далёкага і блізкага замежжа. Гэта, на яе думку, самы лепшы адпачынак – убачыць штосьці новае.

Трэба зазначыць, што яна не толькі выдатная гаспадыня, а і клапатлівая жонка, маці двух сыноў. Зрэшты, якраз у момант правядзення цырымоніі ўзнагароджання ёй прыйшоў Ліст падзякі з Беларускага нацыянальна-тэхнічнага ўніверсітэта за годнае выхаванне сына Мацвея, які з’яўляецца студэнтам пятага курса энергетычнага факультэта.

Ад мерапрыемства ў абласной філармоніі, дзе сабраліся лепшыя жанчыны Прыдзвіння, у Марыі Васільеўны засталіся незабыўныя ўражанні і эмоцыі, а яшчэ падвоілася жаданне і энергія рабіць больш і развівацца далей. Да ўшанавання жаночай эліты далучыліся вядомыя мужчыны-кіраўнікі, у іх ліку старшыня абласнога Савета дэпутатаў У.Цярэнцьеў, начальнікі ўпраўленняў па ахове здароўя і культуры аблвыканкама М.Вішнявецкі і М.Падгурскі, галоўны выратавальнік вобласці С.Мялешкін. Шмат было сказана цёплых слоў, віншаванняў. І не раз у адрас прыгожых, таленавітых гучала: “Жанчыны могуць усё!”

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *