“Нарэшце мы дачакаліся вялікага футбола!” – не хаваў радасных эмоцый балельшчык са стажам Іван Харытонавіч Басуеў. І сапраўды, хоць адкрыты турнір Ушацкага раёна, што праходзіў у апошнія выхадныя зімы ў спарткомплексе “Юнацтва-Ушачы”, выяўляў мацнейшых у міні-футболе, а за першынство змагаліся 10-11-гадовыя хлопчыкі, эпітэт “вялікі” ў дачыненні да спартыўнага дзейства аказаўся падыходзячым. На пляцоўцы было горача, будучыя зоркі айчыннага футбола разыгрывалі камбінацыі, смела ішлі ў абводку і зрывалі апладысменты шматлікіх балельшчыкаў.
Падобныя прадстаўнічыя турніры на базе нашага комплексу ўжо сталі добрай традыцыяй – у гэты раз, праўда, удзельнікі з Расіі не прыехалі, затое сетку ўзмацнілі чатыры сталічныя дружыны, канкурэнцыю якім склалі дзве каманды нафтанаўцаў, палачане і міёрскія футбалісты. Гаспадары ж гарэлі жаданнем максімальна скарыстацца фактарам “родных сцен”. І ўжо першая гульня падапечных Рамана Мікалаевіча Фядосенкі з аднагодкамі з Міёр пацвердзіла рэальнасць такіх намераў – на сем галоў, чатыры з якіх правёў наш капітан Мікіта Бадзякін, сапернікі змаглі адказаць толькі адным трапным стрэлам. А вось у паядынках са сталічнымі камандамі “Захад” і “Арсенал” наш галкіпер Мацвей Жаваранак увогуле пакінуў вароты сухімі, тады як яго сябры адгрузілі мінчанам яшчэ па “сямёрцы”.
Такое магутнае выступленне нашай дружыны на папярэднім этапе зрабіла яе галоўным фаварытам вырашальных матчаў. У паўфінальнай гульні супраць каманды Полацкай ДЮСШ, якой ушачане літаральна тыдзень таму саступілі на яе дамашнім турніры, барацьба завязалася толькі ў першым тайме, а па заканчэнні паядынку табло засведчыла чарговы разгромны лік – 5:1. Нашы землякі трапілі ў фінал, дзе ім супрацьстаяў яшчэ адзін мінскі клуб “Фрунзенец”. Галоўны матч турніру атрымаўся відовішчным і інтрыгуючым. І хоць гаспадары мелі тэрытарыяльную перавагу, госці востра контратакавалі: на тры галы ўшачан яны адказалі двума. На апошняй хвіліне зал хорам пачаў зваротны адлік імгненняў матча – і доўгачаканы свісток зафіксаваў перамогу нашых землякоў у гэтым феерычным турніры. “Срэбра” і “бронза” дасталіся адпаведна “Фрунзенцу” і палачанам.
Але ж, напэўна, больш за юных ігракоў радаваліся іх балельшчыкі – а літаральна ў кожнага была ўласная група падтрымкі. Вельмі гучна хварэлі на трыбунах за самага юнага футбаліста Мацвея Кандрацкага: 9-гадовы хлопчык падстрахаваў каманду, калі тэрмінова спатрэбілася даўкамплектаваць склад. Віншавалі блізкія і сябры Ягора Зарубу, Мікіту Жалейку, Глеба Седзіна. Ледзь стрымліваў слёзы радасці за ўнука дзядуля Аляксандр Фёдаравіч Бадзякін. Абдымалі Лёшу Хадана мама Юлія і тата Мікалай. Радавалася ўдалай гульні Глеба Мурашова яго сям’я. Увесь уік-энд правялі на трыбунах, хварэючы за сына, Андрэй і Алёна Жаваранкі – адметна, што яны жывуць у Полацку і спачатку Мацвей наведваў мясцовую спартыўную школу, але ж варатарская вакансія, пра якую ён марыў, там была занятая, і тады Жаваранкі, якія родам з Ушацкага раёна, прывезлі хлопчыка ў наш ФСК. Другі год юны палачанін спецыяльна прыязджае ва Ушачы на трэніроўкі, стаў ключавым іграком каманды, а гэты турнір увогуле правёў на “выдатна”.
І такія ж вышэйшыя адзнакі чулі ад гасцей арганізатары. “Тут такі комплекс! Проста агонь!” – дзяліўся з некім па тэлефоне сваімі ўражаннямі трэнер адной са сталічных каманд, у якім мы пазналі былую зорку айчыннага футбола Мікалая Рындзюка. Гэты таленавіты нападаючы ў свой час іграў за барысаўскі БАТЭ і маскоўскі “Лакаматыў”, забіваў галы ў складзе нацыянальнай сборнай і, канечне, шмат чаго пабачыў за сваю футбольную кар’еру – таму асабліва прыемна было пачуць з яго вуснаў такую ацэнку нашага спартыўнага збудавання. Увогуле ж літаральна ўсе прыезджыя трэнеры, футбалісты і іх бацькі ў адзін голас казалі, што хочуць вярнуцца ва Ушачы. Ды і мы, балельшчыкі, будзем з нецярпеннем чакаць чарговых “вогненных” турніраў!
Наталля БАГДАНОВІЧ.
- На цырымоніі ўзнагароджання ўшачане атрымалі і асабістыя прызы: Мікіта Бадзякін, забіўшы 14 галоў, стаў лепшым бамбардзірам і іграком турніру, а Мікіта Жалейка – лепшым футбалістам каманды.