Убачыўшы вынікі года па прывагах, шчыра кажучы, была ўражана нечаканаму ўзлёту “Глыбачан”. Нават перапыталі, ці не памыліліся ў разліках, паколькі ўхітрыліся абагнаць нават “Маяк-Ушацкі”. На комплексе апошняга догляд вядзецца па даўно адладжанай тэхналогіі, з пастаяннай наяўнасцю камбікармоў адпаведна ўзросту гадаванцаў. А як тут? Пацешныя белагаловікі ў новым прафілакторыі выглядалі настолькі сытымі, былі такімі чысценькімі, што захацелася падрабязна даведацца пра сакрэты гаспадаркі.
Першае, на чым акцэнтавала ўвагу зараз загадчыца комплексу, а ў нядаўнім часе лабарант Таццяна Іванаўна Тускенус (на здымку), гэта пастэрызатар. Менавіта яна адказвала за электроннае абсталяванне. З’явіўся ён яшчэ летам і значна паўплываў на здароўе, прывагі і захаванасць маладняку.
– Сюды заліваем цэльнае малако, якое па метаду паравой лазні пэўны час апрацоўваецца пры тэмпературы 70 градусаў: не кіпяціцца, таму гінуць толькі хваробатворныя мікраарганізмы, а ўсе каштоўныя вартасці захоўваюцца. Аўтаматычна тэмпература даводзіцца да 37 градусаў і малако выдаецца даглядчыку на кармленне малых.
За гэтым працэсам і засталі мінулагодняга лідара па прывагах Аксану Пятроўну Пліскевіч. Сутачных цялят яна паіла з соскі. Паразмаўляць часу не было, хвалявалася, каб малако не астыла.
Нельга было не звярнуць увагі і на “цялячыя яслі” ці прафілакторый, які разгарнуўся ўздоўж вонкавых сцен кароўніка. Эканамічнае рашэнне: адна сценка ўжо гатовая, заставалася толькі паставіць слупы, пакласці балькі і зашыць другі бок памяшкання полікарбанатам, накрыць зверху шыферам. І хоць гэта абышлося гаспадарцы ў капейчыну, яно таго каштавала. Справілі наваселле да маразоў. Іх, дарэчы, цяляты не баяцца, а скразнякоў ва ўнутраным двары няма. Плюс кожны нованароджаны атрымаў свой асобны пакой з персанальным вядзерцам для цёплай вады і камбікорму. Умовы, сапраўды, як у прафілакторыі.
– Зараз у нас тут 34 клеткі, будзем будаваць яшчэ на 25-30 месцаў, бо пагалоўе павялічваецца, – кажа дырэктар гаспадаркі Аляксей Віктаравіч Ладноў. Плюс і на вуліцы 8 пластыкавых домікаў з загончыкам, кармушкай. Яны маленькія, разлічаны на ўтрыманне аднаго цяляці, таму мяркуем набыць такія як у “Селішчы”, на некалькі галоў.
З прыходам новага кіраўніка, ветэрынарнага ўрача па адукацыі, і адбыліся многія змены. Акрамя пастэрызатара і прафілакторыя, гэта набыты апарат для размарожвання малодзіва – лішкі яго трапляюць у халадзільнік, і калі ў якой каровы няма ці мала яго, дастаюць рэзервовы. Яшчэ адзін вельмі важкі для здаровага пагалоўя аспект – наяўнасць спецыяльнага для малых камбікорму КР-1. Ну і, канечне, кадравы састаў жывёлагадоўлі. Аляксей Віктаравіч і сам штодня бывае на комплексе, і адзначае, па-першае, галоўнага заатэхніка Міхаіла Сяргеевіча Калбасава, якому яшчэ пры папярэднім кіраўніку выдзелілі арэнднае жыллё. Прайшоў адпаведныя курсы і добра працуе асемянатарам Андрэй Літвін з Дубраўкі. Дарэчы, для яго маладой сям’і таксама знайшлося жыллё. Стараецца, асвойвае прафесію і малады ветэрынарны ўрач Алеся Дзенісёнак, якая працуе ў гаспадарцы па мэтавым накіраванні. Калі трэба, аказваюць дапамогу спецыялісты ветстанцыі. “Нічога незвычайнага, проста нармальныя, патрэбныя ўмовы для выхаду здаровага пагалоўя. І, дарэчы, за 6 месяцаў мінулага года мы не пазбавіліся ні адной галавы, хаця ў пачатку 2020-га падзеж быў вялікім, – дадае кіраўнік.
І не толькі па гэтым вельмі важным паказчыку ў КУСГП “Глыбачаны” відавочныя зрухі – гаспадарка плюсуе амаль па ўсіх. Па выніках работы за студзень на 8 тон павысіла валавы надой і на 16 літраў – сярэдні на карову. 531 грам складаюць сярэднясутачныя прывагі, што на 67 больш адпаведнага мінулагодняга перыяду. За кошт прыросту дойнага статку на 53 галавы павялічылі пагалоўе жывёлы (зараз 1051). Атрымалі 39 цялят супраць 28, а па іх выхаду на сто кароў і цялушак яны за мінулы год дзеляць другое месца ў раёне з “Дземенцам” – 71 галава. Павысіць варта якасць малака (здаецца вышэйшым гатункам, а не экстрай) і таварнасць – 84 працэнты – неблагі паказчык, калі ўлічыць, што малыя атрымліваюць цэльнае малако, а не замяняльнік, аднак і не 88, як у “Маяку-Ушацкім” і не 92, як зараз патрабуецца. Добрую карову ці ладнага быка за год не вырасціш, вельмі ад многіх фактараў залежаць вынікі жывёлагадоўлі. І верыцца, што станоўчыя зрухі ў гэтай галіне ў “Глыбачан” – не часовыя і гаспадарка верне былую славу, калі была племсаўгасам па вырошчванні цялушак для ўсяго раёна і не толькі.
Вольга КАРАЛЕНКА.