Яркім стартам Года народнага адзінства для юнакоў і дзяўчат Ушаччыны стала мерапрыемства, наладжанае на бягучым тыдні ў абласным цэнтры. Тут, на базе Віцебскай ордэна “Знак пашаны” дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны адбылася іх сустрэча з выкладчыкамі і студэнтамі, якія прымаюць удзел у міжнародным праекце па развіцці маладзёжнага культурна-пазнавальнага турызму “Жамчужныя каралі Святой Русі: да 75-годдзя Вялікай Перамогі”.
У яго рамках яшчэ ўлетку планавалася наведаць Ушаччыну, пазнаёміцца з нашымі славутасцямі і тымі людзьмі, якія набліжалі Перамогу. Вось толькі няпростая эпідсітуацыя зрабіць гэта, на жаль, не дазволіла, таму было вырашана падзякаваць ветэранам Вялікай Айчыннай вайны нашага краю завочна. Памятныя падарункі для іх перададзены нашай дэлегацыі. Як запэўніў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама П.А.Алексяёнак, у бліжэйшы час яны будуць уручаны ўсім адрасатам.
Карыстаючыся выпадкам, Пётр Аляксандравіч расказаў прысутным пра наш раён і тыя перспектывы, якія чакаюць тут маладое пакаленне. Магчыма, хтосьці са студэнтаў пасля заканчэння ВНУ пажадае пачаць кар’еру і асесці менавіта на Ушаччыне.
– Эмоцый сёння атрымалі нямала! – падзяліўся наш калега Яўген Жодзік. – Сустрэча дазволіла не толькі пазнаёміцца з маладымі людзьмі з іншых рэгіёнаў, але пачэрпнуць для сябе шмат карыснай інфармацыі па тэме культурна-пазнавальнага турызму, захавання гістарычнай памяці, папулярызацыі подзвігу братэрскіх народаў Расіі і Беларусі ў Вялікай Айчыннай вайне. Запомніцца гэты дзень і адразу некалькімі экскурсіямі: па выставах акадэміі і Віцебскага абласнога музея Героя Савецкага Саюза М.Шмырова.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.