Нашы землякі спрадвеку аднолькава ўпэўнена трымалі ў руках і плуг, і сякеру, і вінтоўку – што і нядзіўна, бо абарона роднай зямлі заўсёды лічылася святым мужчынскім абавязкам. А бывае і так, што ваенная служба становіцца сямейнай справай. Вось і начальнік адасобленай групы (Ушацкага раёна) ваеннага камісарыята Лепельскага і Ушацкага раёнаў Леанід Пятровіч Шахноўскі зазначае, што ў іх родзе амаль усе “хадзілі ў пагонах”.
На фінскай сцюдзёнай зямлі
Пачынаецца ж вайсковая гісторыя Шахноўскіх з дзядулі Максіма Нікіфаравіча. Зрэшты, была яна кароткай і трагічнай: свайго продка не памятае не тое што ўнук, а і сын, які быў зусім маленькі, калі чырвонаармеец з Астапаўшчыны загінуў у адным з баёў савецка-фінскай вайны 1939-1940 гадоў. Ні абставін смерці, ні дакладнага месца ў сям’і не ведалі: у пахавальнай быў засведчаны толькі факт гібелі. А яшчэ застаўся групавы ваенны здымак, з якога паглядаў малады прыгожы хлопец, што так мала паспеў у жыцці. На працягу доўгіх год яго нашчадкі вельмі хацелі высветліць што-небудзь пра Максіма Нікіфаравіча, знайсці месца яго апошняга спачыну. Спробы не давалі выніку, аднак яны не гублялі надзеі – і вось нядаўна ў адкрытым доступе з’явілася кніга “На той войне незнаменитой”, у якой айчынны пісьменнік і навукоўца А.Літвін распавёў пра ўдзел войскаў Беларускай асобай ваеннай акругі ў прыгаданай кампаніі. У выданні быў прыведзены спіс нашых суайчыннікаў, што загінулі і зніклі без вестак на гэтай вайне. З вялікім хваляваннем унук адкрываў старонку з прозвішчамі на літару “Ш” – і нарэшце родныя даведаліся, што чырвонаармеец 286 стралковага палка Максім Шахноўскі загінуў 9 лютага 1940 года ў баі ля сяла Мерккі. “Цяпер у мяне новая вялікая мара – пабываць на магіле свайго дзеда”, – адзначае Леанід Пятровіч. Кнігу ж ён прачытаў цалкам і раіць яе ўсім, хто цікавіцца ваеннай гісторыяй ці, магчыма, таксама шукае звесткі пра сваіх родных, што не вярнуліся са сцюдзёных палёў не так часта ўзгадваемай савецка-фінскай вайны – а ў спісе значыцца шмат ушацкіх прозвішчаў…
Балтыйскія залівы і кубліцкія нівы
Фінская вайна забрала ў хлопчыка з Астапаўшчыны Пеці Шахноўскага тату, Вялікая Айчынная пазбавіла дзяцінства, але яго маці здолела адна выхаваць сына дастойным і моцным. Калі ж прыйшоў час ісці ў армію – Пётр трапіў у марфлот. Служыць давялося ў Таліне. Балтыйская эскадра на мяжы 50-х і 60-х лічылася адной з мацнейшых у свеце, флот аснашчаўся якасна новай ваеннай тэхнікай – наш зямляк спраўна нёс баявую вахту і ганарыўся сваёй прыналежнасцю да ваенна-марской справы. Калі ж мінулі тры гады абавязковай службы, вырашыў застацца на звыштэрміновую.
Пётр Максімавіч правёў у ВМФ яшчэ некалькі год, атрымаў афіцэрскае званне, служба яму падабалася, але ўвесь час ён непакоіўся пра маці, якой не было каму дапамагаць у цяжкай вясковай працы, а таму прыняў рашэнне вярнуцца на радзіму. Мужчына з ваеннай загартоўкай не згубіўся і ў цывільным жыцці: стварыў сям’ю, пабудаваў у Кублічах дом і для сябе, і для матулі, працаваў у мясцовым саўгасе на інжынернай пасадзе, але кожнае жніво садзіўся за штурвал камбайна. А калі падрос сын Лёня – утварыўся сямейны экіпаж, ды такі зладжаны, што нязменна трымаў лідарства на ўборачнай. Шахноўскія прыгадваюць, што ў сярэдзіне 80-х у “Кублічах” на жніве працавала аж 22 “Нівы” – ім жа амаль заўсёды ўдавалася намалочваць больш за іншых: экіпаж прэміравалі збожжам, на 1 верасня на школьнай лінейцы Лёню ўручалі то прыёмнік, то фотаапарат, а на сваю першую зарплату ён купіў пазалочаны камандзірскі гадзіннік!
“Кансэнсус” паміж медыцынай і арміяй
Прынамсі, кубліцкі хлопчык быў спрытны не толькі ў працы, яму добра даваліся ўсе навукі – вось да апошняга і вагаўся, куды паступаць. Вырашыў паспрабаваць сябе ў самай гуманнай прафесіі, падаў дакументы ў Полацкі медкаледж – і праз колькі часу ва Ушацкай райбальніцы сустракалі новага фельчара. “З першым працоўным месцам мне пашанцавала, трапіў у выдатны калектыў: працаваць побач з Ленай Ярмош, Таняй Андрэевай, Сяргеем Касяком, іншымі калегамі з “хуткай дапамогі” і прыёмнага пакою было настолькі камфортна, што калі паступіла прапанова перайсці на пасаду фельчара ў полацкую ваенную часць, я вагаўся, – распавядае Л.Шахноўскі. – Запытаў парады ў бацькі, і той зазначыў, што ваенная служба – лічы што наша сямейная справа. А значыць, варта паспрабаваць!”
Апроч фельчарскіх абавязкаў навічку-кантрактніку давялося загадваць аптэкай. Аглядаў салдат, выязджаў на вучэнні, аказваў першую дапамогу. А яшчэ вучыў навабранцаў… правільна замотваць анучы. “Самай распаўсюджанай прычынай звароту да фельчара тады былі пацёртасці ног: далёка не ўсе адразу асвойвалі тэхналогію армейскага “абування” – на шчасце, цяпер гэтую праблему ўхілілі шкарпэткі ды берцы”, – з усмешкай зазначае Леанід Пятровіч. Паралельна наш зямляк набыў у ВДУ імя П.Машэрава спецыяльнасць сацыяльнага педагога і псіхолага, пасля чаго быў назначаны на адпаведную пасаду ў батальёне, атрымаў афіцэрскае званне. Пазней меў вопыт работы псіхолагам палка, намеснікам начальніка каманднага пункта па ідэалагічнай рабоце ў розных часцях. Трэба сказаць, што без граматных псіхолагаў у сучаснай арміі проста не абысціся. Тэсціраванне і анкетаванне, гутаркі з прызыўнікамі ў ваенкаматах і ваеннаслужачымі ў часцях, штодзённы допуск на баявыя дзяжурствы, ацэнка маральнага стану, настрою салдат і афіцэраў – фактычна, яны павінны ведаць, чым жыве і дыхае кожны вайсковец. Ад армейскіх псіхолагаў залежыць вельмі многае, а часта нават і лёсы людзей. Л.Шахноўскі прыгадаў гісторыю, калі жонка аднаго з навабранцаў паведаміла хлопцу, што мае намер з ім развесціся. Той вельмі засмуціўся і папрасіў адпусціць яго ў звальненне, каб утрэсці праблему. Аднак кіраўніцтва не хацела даваць дазвол – раптам гэта спатканне завершыцца скандалам… Тады псіхолаг паручыўся за яго паводзіны і ўзяў справу “пад асабістую адказнасць”. Салдат сустрэўся з жонкай, яны памірыліся, хлопец дастойна служыў, стаў сяржантам і дагэтуль яны з Леанідам Пятровічам падтрымліваюць сяброўскія сувязі.
Трэба сказаць, што ў нашага земляка былі добрыя перспектывы працягу службы ў сваім палку, у тым ліку з павышэннем звання і пасады, аднак у 2016 годзе ён атрымаў прапанову ўзначаліць адасобленую групу Ушацкага раёна – і не змог адмовіцца ад нагоды вярнуцца на радзіму, быць бліжэй да сваіх ужо немаладых бацькоў. Хоць і давялося асвойваць зусім новую спецыфіку дзейнасці, аднак з дапамогай калектыву адаптаваўся даволі хутка і, канечне, пра сваё рашэнне зусім не пашкадаваў.
Як, зрэшты, і ўвогуле пра тое, што паслухаў параду бацькі і стаў ваенным. А гэта іх сямейная лінія мусіць працягнуцца і далей: сын і дачка яго сястры з’яўляюцца курсантамі Полацкага кадэцкага вучылішча. Ды і малодшыя сыны самога Леаніда Пятровіча прымяраюць перад люстэркам татаву фуражку, вельмі любяць ездзіць з ім у цір, а з канструктара лега па-майстэрску збіраюць ваенную зброю і тэхніку… Па ўсім відаць, традыцыі абаронцаў Айчыны ў родзе Шахноўскіх моцныя і трывалыя!
Наталля БАГДАНОВІЧ.