Многія сачылі за падзеямі VI Усебеларускага народнага сходу па тэлебачанні, іншыя праштудзіравалі газеты з праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця на наступную пяцігодку. А каб прачуць атмасферу форума, даведацца пра чакаемыя змены з прывязкай да свайго рэгіёну і галіны, і нацэлены сустрэчы дэлегатаў сходу з працоўнымі калектывамі. Старшыня райвыканкама У.Г. Аўдошка на гэтым тыдні пабываў ва УП ЖКГ Ушацкага раёна.
Уладзімір Генадзьевіч зазначыў, што пры падрыхтоўцы сходу паступіла каля трох тысяч прапаноў. Яны запісваліся падчас правядзення дыялогавых пляцовак, работы грамадскіх прыёмных, сустрэч са сваімі выбаршчыкамі дэпутатаў, у прыватнасці старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Паўлавіча Андрэйчанкі. У.Г.Аўдошка акцэнтаваў увагу на ўзважаным, грунтоўным выступленні спікера парламента, паспрабаваў перадаць эмацыянальнасць атмасферы форума і зацікаўленую размову пра лёс нашай краіны.
– Курс застаецца нязменным – сацыяльна арыентаваная дзяржава, заснаваная на моцнай эканоміцы, шматвектарная знешняя палітыка. Не будзе продажу зямлі і агульнай прыватызацыі, але мяняецца свет, таму перамены непазбежныя. Абяцаць можна многае. Гэта нескладана, паколькі добра вядома, што хочуць пачуць людзі. Але прынятыя на сходзе прагнозы на наступную пяцігодку не былі завоблачнымі разважаннямі, гэта паказчыкі, заснаваныя на канкрэтных разліках: рэальным росце УВП, крэдытах.
Адзін з накірункаў стратэгіі дзяржавы – моцныя рэгіёны. Гэта тое, што больш за ўсё датычыцца такіх маленькіх раёнаў, як наш. Камфортныя і бяспечныя ўмовы жыцця і працы, якасная і даступная сацыяльная інфраструктура, высокая мабільнасць, інвестыцыі ў новыя вытворчасці і прадукцыйная занятасць. Уладзімір Генадзьевіч пракаменціраваў асноўныя напрамкі стратэгіі на ўшацкіх рэаліях: “Вельмі бурнай была падзяка людзей сёлета за асфальтаванне вуліц у гарпасёлку, больш, чым на адкрыццё магазінаў ці іншыя сацыяльныя аб’екты, таму будзем імкнуцца “пераабуць” іх усе. Камунальнікі добра ведаюць сваю праблему – не хапае магутнасці цэнтральнай кацельні – яе чакае мадэрнізацыя. Параўнанне ўмоў знаходжання ў стацыянары нашай бальніцы і абласной – не на карысць апошняй, а рэканструкцыя яшчэ працягваецца, будзем закупляць і абсталяванне – для хуткай дапамогі, тэрапеўтычнага аддзялення, каб папоўніць іх апаратамі, неабходнымі для лячэння каранавіруса. Калегі з іншых раёнаў часта жартуюць, маўляў, Ушачы да чарговых дажынак рыхтуюцца, намякаючы на новабудоўлі. Сапраўды, нам грэх скардзіцца. Аднак жыллё патрэбна, і льготнае крэдытаванне маладых сямей у краіне працягнецца, як і будаўніцтва сацыяльнага, арэнднага жылля. Размяркоўваем 14 такіх кватэр у новым доме – рэкордна многа ў параўнанні з мінулымі гадамі, аднак недастаткова. Арэнднага жылля, маласямеек павінна быць больш, з правам выкупу, каб спецыяліст ведаў, што яго чакае, калі застанецца. Права на такое жыллё, лічу, павінны мець не толькі работнікі дзяржаўных прадпрыемстваў, а і прадпрымальнікі. Розніцы няма, галоўнае – каб чалавеку хацелася тут застацца, усё задавальняла. Мабыць і больш забаў у сталіцы ці Віцебску, няма ў нас тэатраў, толькі ці многа ў іх бываюць тыя, хто там жыве. Ну а пра занятак спортам і казаць няма чаго: зайздросны фізкультурна-аздараўленчы комплекс, у дадатак з’явяцца бегавыя трэнажоры, валейбольная, баскетбольная пляцоўкі са штучным пакрыццём на стадыёне ля школы. Дастаткова прадуктовых магазінаў, не стае сучасных дзіцячых дваравых пляцовак, ведаем пра гэта, толькі ўсё ўпіраецца ў сродкі, а раённага бюджэту, да прыкладу, хапіла б толькі на фінансаванне сферы адукацыі.
Самае галоўнае – прадукцыйная і адпаведна аплачваемая праца. Хачу зазначыць, што за мінулы год тэмп росту валавой прадукцыі жывёлагадоўлі ў раёне склаў 124 працэнты. Гэты лепшы паказчык у вобласці атрымалі дзякуючы адкрытым свінагадоўчым комплексам “Віцебскаграпрадукта”. Вядзём перамовы, каб прыватнік захацеў пашырыць сваю прысутнасць на тэрыторыі нашага раёна. Прадукцыйнасць працы там і на нашых сельгаспрадпрыемствах, на жаль, не параўнаць, і рэарганізацыя стратных гаспадарак працягнецца. Зямля пуставаць не будзе, абавязкова апрацуецца – дзяржаўнымі ці прыватнымі суб’ектамі – не мае значэння. Дарэчы, таму ж “Віцебскаграпрадукту” мы перадалі і 3,5 тысячы гектараў зямлі, і для догляду за ёй таксама патрэбны людзі. Работа знойдзецца ўсім, толькі працаваць неабходна з поўнай аддачай. Ніхто акрамя саміх беларусаў не падыме эканоміку краіны. Наіўныя спадзяванні, што Еўрасаюз зацікаўлены ў росквіце Беларусі і будзе проста так укладаць сюды сродкі. Практыка суседніх краін пераконвае, што паспяховыя раней прадпрыемствы закрываюцца, бо канкурэнты. І як вынік, людзі шукаюць лепшыя ўмовы працы і жыцця, пакідаюць свае краіны – насельніцтва Літвы, напрыклад, скарацілася з 4 мільёнаў да двух. Так што спадзявацца трэба толькі на сябе, цаніць тое, што маем, і пачынаць перамены таксама з сябе. У Беларусі абраны эвалюцыйны, а не рэвалюцыйшы шлях развіцця. А моц дзяржавы – у адзінстве яе народа”.
Вольга КАРАЛЕНКА.