«Лучше всех знаком с Ушаччиной» — инженер по землеустройству Константин Демидович о своей работе

К профессиональному празднику Общество

Марозец, аднак, шчыпле шчокі, прабіраецца ў пальчаткі, снег перасыпаецца праз верх ботаў, калі абыходзіш па бялюткай цаліне контуры ўчастка. “Няпраўда, дзень сёння выдатны. Гэта вам проста нязвыкла, а для нас – будзённая справа, два дні на тыдні абавязкова праводзім на свежым паветры. І работу сваю любім, – усміхаецца інжынер па землеўпарадкаванні “Віцебскгіпразема” Канстанцін Дземідовіч. – Каб не марозіць заказчыка, мы вызначаем з ім толькі ўмоўныя межы, самі ж потым робім дэталёвыя замеры на мясцовасці, звяраемся з картамі”.

На здымку: А.Пасілаў і К.Дземідовіч.

Сучаснае абсталяванне крыху спрасціла работу інжынераў і да мінімуму знізіла хібы. “Камп’ютарызаваны” і межы ўсіх населеных пунктаў, таму на месца геадэзісты выязджаюць з аэраздымкамі канкрэтнай мясцовасці. “Бачыце, гэта ўжо землі агульнага карыстання, так што памер участка давядзецца падразаць”, – паказвае карту зусім малады супрацоўнік Алег Пасілаў. На ўзбраенні інжынераў не толькі электронны тахеометр для вызначэння вуглоў ці спутнікавы прыёмнік, які паказвае каардынаты, а і простыя жалезныя калкі, якімі вызначаюцца межы ўчастка.

У “Віцебскгіпраземе” за канкрэтнымі спецыялістамі замацаваны пэўныя раёны. Канстанцін Анатольевіч Дземідовіч абслугоўвае Ушацкі і Бешанковіцкі з 2006-га, кажа, што менавіта на гэты і наступны год і прыпаў самы пік нагрузкі. Таму спецыяліста ведаюць у твар сотні ўшачан. Ён жа ў сваю чаргу сцвярджае, што лепш за ўсіх знаёмы з Ушаччынай: “Старшыні сельсаветаў ведаюць толькі сваю тэрыторыю, а я – абсалютна ўсю. Гэта толькі па нявопытнасці мог прыехаць у Слабаду і не застаць заказчыка – трапіў у жарскую замест сарочынскай. Цяпер заўсёды ўдакладняю сельсавет, ведаю, што многа аднолькавых назваў. Як і тое, што да Калужчына разбітая, самаробная дарога, а да Губінкі яе зусім няма, бо заказчык-пчаляр дастаўляў мяне туды па возеры на лодцы. За пятнаццаць год многа цікавых момантаў звязана з Ушаччынай. Пасля вызначэння ўчастка пад торфанарыхтоўку за Двор Жарамі ўволю наеўся дурніц і на сабе прачуў беларускую назву “голубікі” – вельмі балела галава ад багуну, што заўсёды суправаджае па балотах гэтую расліну”.

Па кадастравым нумары ўчастка можна адкрыць яго на сайце map.nca.by і азнаёміцца з тэхнічнымі характарыстыкамі.

Некалькі дзён на месцы, а потым праект складаецца ў офісе. Ну а пасля афармленняў усіх дакументаў заносіцца ў агульны кадастр. А акрамя заказаў прыватнікаў у інжынераў па землеўпарадкаванні зараз прыбавілася работы ад энергетыкаў: у сувязі з увядзеннем у строй атамнай электрастанцыі ідзе замена ліній электраперадач. Ды і зямельныя надзелы жыхароў аформлены пакуль далёка не ўсе, так што на Ушаччыне К.Дземідовіч і А.Пасілаў яшчэ доўга будуць частымі гасцямі, і чаканымі.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *