
Захапленні бацькі, дарэчы, паўтарыў і Сяргей Аляксандравіч. Ён таксама асвоіў фатаграфію, скакаў з парашутам, трапна страляў і наогул актыўна займаецца спортам.
Цікава, што практычна ўсе Алабіны маюць па дзве вышэйшыя адукацыі. Педагагічны і інстытут марксізма-ленінізма скончыў Аляксандр Сяргеевіч, інжынерная і юрыдычная адукацыя ў начальніка раённага аддзела ўнутраных спраў Сяргея Аляксандравіча, географ і эканаміст – дачка Таццяна, якая і зараз працягвае вучыцца – асвойваць мову, культуру другога народа. Юрыдычную адукацыю атрымоўвае нявестка Аксана Аляксандраўна, якая да гэтага скончыла гандлёвы і лясны тэхнікумы. Ну а педагог Ларыса Аляксееўна ўжо на пенсіі паспяхова асвоіла нялёгкую навуку прадпрымальніцтва.
Штодня ў кватэры Алабіных старэйшых раздаецца званок… з Італіі. Дарагое задавальненне, аднак вельмі цесная сувязь у Тані з роднымі і краінай. Беларускае грамадзянства не толькі ў яе, але і ў сына Луіджыа. Толькі чатыры гады споўнілася хлопцу, а ён, як і маці, авалодвае адразу трыма мовамі. Калі прыязджае ва Ушачы – гаворыць па-руску, у самым паўночным гарадку Італіі Рыджіо Калабрыя – на родным, пераймае ад бацькоў і англійскую. Двойчы былі ў дачкі Алабіны, адпачывалі, знаёміліся са шматлікімі славутасцямі Рыма і наогул Італіі. Яна ж імкнецца штогод прыязджаць дадому.
Летам і збіраецца разам многанацыянальная сям’я. Ва ўнуках жа цячэ руская, беларуская, грэчаская (па нявестцы Аксане) і італьянская кроў. Аднак нягледзячы на розны тэмперамент, усе знаходзяць агульную мову, любяць, паважаюць адзін аднаго. І ў адрамантаваным бацькоўскім доме Ларысы Аляксееўны становіцца яшчэ ўтульней… Калі замалёўкі з натуры робіць Аляксандра (названая ў гонар двух дзядоў) – студэнтка каледжа мастацтва і культуры, будучы мастак-жывапісец, а ў больш далёкіх перспектывах – дызайнер. Калі разам гуляюць больш блізкія па гадах беларуская ўнучка Даша і італьянец Луіджыа. Калі ўсе яны побач.
Чырвоная дата календара, да якой і прымяркоўвалі вяселле Алабіны, стала для іх сям’і шчаслівай.