Чем полезны занятия йогой? Об этом и не только расскажет руководитель клуба «Золотой лотос» Людмила Смыслова

Общество

Ногі, закінутыя за галаву, стойка на апошняй… Прыкладна так многія ўяўляюць сабе сутнасць ёгі, якая заваёўвае ўсё большую папулярнасць у многіх краінах свету. Дабратворны ўплыў асанаў (практыкаванняў) на арганізм адчулі і многія ўшачане. На працягу вось ужо 10 гадоў у раёне дзейнічае клуб аматараў гэтай індыйскай практыкі “Залаты лотас”, нязменным кіраўніком якога з’яўляецца Л.В.Смыслова. Двойчы на тыдзень, нягледзячы на капрызы надвор’я, стомленасць пасля рабочага дня і планы на выхадныя, да яе ў раённы цэнтр культуры і народнай творчасці спяшаецца нямала прадстаўніц прыгожай паловы. У чым прыцягальнасць такіх заняткаў? Навошта ёга патрэбна сучаснаму чалавеку? За адказамі на гэтыя і іншыя пытанні мы звярнуліся да Людмілы Васільеўны.

– Адразу скажу, што ёга – гэта не толькі комплекс асанаў і дыхальных гімнастык. Гэта рознабаковы падыход да ладу жыцця, магчымасць знайсці гармонію і раўнавагу з сабой, навакольным светам, палепшыць здароўе. На такіх занятках зліваюцца ў адзінае разум, дух і цела – мы становімся больш моцнымі, прычым, як фізічна, так і псіхалагічна.

– Як Вы прыйшлі ў ёгу?

– Шчыра скажу: выпадкова. У няпросты жыццёвы перыяд, калі адольвала дэпрэсія, спрабавала адцягнуць увагу ад праблем самымі рознымі справамі. Неяк сябры запрасілі з сабой у клуб ёгі Наталлі Горынай у Полацку. Першы занятак не ўразіў: не хапала актыўнасці, рэзкіх рухаў, скачкоў (дарэчы, такая рэакцыя цалкам нармальная – зразумець сутнасць ёгі, пераключыцца на новы ўзровень разумення свайго “я” адразу немагчыма). Аднак грошы былі заплочаны, таму прыйшла сюды ў другі, трэці раз… Хутка без гэтай практыкі ўжо не ўяўляла жыцця. Зараз усім, хто вырашыў пазнаёміцца з ёгай, раю не рабіць паспешных вывадаў і пахадзіць на заняткі хаця б некалькі тыдняў.

В.С.Гугіна:
– Наведваю заняткі ўжо чатыры гады. Такім чынам трымаю ў тонусе цела (асабліва даспадобы скруткі, асаны на гібкасць і расцяжку), прыводжу ў парадак думкі. Заўсёды выходжу з залы з пачуццём супакаення.
Неяк паспрабавала займацца дома – пад запісы з ютуба. Аднак хутка зразумела: гэта адназначна не тое! Удзячна нашаму кіраўніку Людміле Смысловай за годную арганізацыю сустрэч – з прымяненнем розных відаў ёгі, цікавай тэарэтычнай часткай.

Вырашыла арганізаваць аматарскае аб’яднанне ёгі і ў цэнтры культуры і народнай творчасці. Прайшла навучанне, атрымаўшы сертыфікат, у Наталлі Наважылавай у Мінску, распрацавала неабходную дакументацыю. Кіраўніцтва цэнтра пайшло насустрач – для заняткаў выдзелілі памяшканне. І вось з 2010 года займаюся любімай справай.

– Хто наведвае Вашы заняткі?

– Выключна прадстаўніцы прыгожай паловы, хаця ёга карысная і для мужчын. Доўгі час застаюцца вернымі “Залатому лотасу” Святлана Валова, Вікторыя Гугіна, Алена Сурміна, сярод актыўных наведвальніц – Алена Напрыенка і іншыя. Сустракаемся звычайна па серадах і суботах, бывае, арганізуем выязныя заняткі – напрыклад, у санаторыі “Лясныя азёры”. Сталі традыцыйнымі ў нас святочныя мерапрыемствы з тэматычным пераапрананнем. Для навічкоў клуба прадугледжана індывідуальная работа.

– Ці ёсць узроставыя абмежаванні для ёгі?

– Пачынаць ніколі не позна, можна нават пасля выхаду на заслужаны адпачынак. У праграме заняткаў для гэтага прадугледжаны індывідуальны падыход, з рэальнымі для выканання асанамі. Заўсёды нагадваю дзяўчатам, што трэба ўлічваць і агульны стан здароўя, і самаадчуванне ў канкрэтны дзень. Галоўнае правіла – нельга прычыняць сабе шкоду, кожнае практыкаванне павінна прыносіць задавальненне, ні ў якім разе не стамляць.

Што ж датычыцца дзяцей, то я б рэкамендавала, калі ёсць такое жаданне, хадзіць на спецыяльную дзіцячую ёгу (яе элементы, наколькі мне вядома, актыўна выкарыстоўваюцца ў дзіцячай зумбе, якая праводзіцца ў “Юнацтве-Ушачы”). Дарослая патрабуе значна большага ўсведамлення.

– Чым карысная ёга?

– Яна накіравана на ўмацаванне, выцяжэнне цягліц і цела. Актыўна практыкуецца ў ёзе дыханне праз нос, якое зараз – у перыяд распаўсюджання каранавіруса, надзвычай актуальнае. Уздзейнічаюць асаны і на нервовую, гарманальную сістэмы. Гэта незаўважна звонку, але арганізм перабудоўваецца. Скажам, сарвангасан (бярозка) і халасана (пастава плуга, пры якой ногі закідваюць за галаву) стымулююць работу шчытападобнай залозы. Практыка перавернутых поз паляпшае памяць, дзейнасць галаўнога мозгу. Валодае ёга і амаладжальным эфектам, калі займацца ёй сістэмна, хаця б двойчы на тыдзень. А лепш – прадугледзець невялічкія размінкі кожную раніцу. Асабіста я, каб зрабіць гэта і паспець на работу, доўгі час уставала ў 6 гадзін раніцы.

– Ці можна такім чынам схуднець?

– Невялікі эфект пахудання ёсць. Але ў асноўным гэта адбываецца з-за ланцуговай рэакцыі: займаючыся ёгай, мы міжволі мяняем харчовыя звычкі.

– Якая экіпіроўка патрэбна?

– Адзенне не павінна стрымліваць рухі. Звычайна гэта эластычныя ласіны ці легінсы, якія не пераціскаюць жывот, і спартыўны топ. На ногі можна апрануць тонкія шкарпэткі, але лепш займацца басанож, каб ногі не слізгалі па адмысловым дыванку.

– Дзякуй за цікавую размову. Поспехаў і цікавых знаходак “Залатому лотасу”!

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

Дарэчы

  • Гісторыя гэтай легендарнай філасофіі пачалася яшчэ ў перыяд 3300-1700 года да н.э. у індыйскай цывілізацыі. Археолагі знайшлі пячаткі тых часоў, дзе былі намаляваны фігуры ў позах ёгі.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *