Ученицы Ушачской детской школы искусств Варвара Ларченко и Надежда Романовская продолжают покорять конкурсные вершины

Культура

Працягваюць пакараць конкурсныя вяршыні навучэнцы эстраднага аддзялення Ушацкай дзіцячай школы мастацтваў.

Так, цікавым і незвычайным вопытам стаў для юных спявачак Надзеі Раманоўскай і Варвары Ларчанкі ўдзел у міжнародным праекце “Road to Dream” (“Дарога да мары”). Яго арганізатары пастараліся зрабіць своеасаблівы мікст анлайн і афлайн фарматаў: журы праглядала папярэдне дасланыя відэа вакальных нумароў, аднак суперфінал конкурсу, у які трапілі абедзве ўшачанкі, праходзіў у прамым эфіры з трансляцыяй на YouTube. У чымсьці гэта было падобна на фармат Еўрабачання, але члены міжнароднага журы не толькі выстаўлялі ацэнкі канкурсантам, а і давалі падрабязны каментарый кожнаму нумару, адзначалі, што спадабалася, а над чым яшчэ варта папрацаваць.

Вось як, напрыклад, выказаў свае ўражанні ад выступлення Вары музычны дзеяч з Украіны Ігар Грахоцкі: “Ты сапраўдная запальнічка!.. Смела спрабуй сябе ў розных амплуа: актрысы, танцоўшчыцы, мадэлі!” Старанні 8-гадовай ушачанкі былі ацэнены дыпломам лаўрэата ІІІ ступені ­– і мы шчыра віншуем Варвару з першай у кар’еры міжнароднай узнагародай!

Не хавалі свайго захаплення члены журы ад песні з рэпертуару Эдзіт Піаф, якую выканала Надзя, – дзяўчынка стала лаўрэатам І ступені. А яшчэ падчас прамога ўключэння з Ушач падзялілася эмоцыямі і адказала на пытанні вядучых фіналу. А паколькі справілася з гэтым выдатна, нашу зорачку запрасілі прыняць удзел у дзённіках праекта “Star Flowers”, якія выходзяць на YouTube-канале – выступіць у рубрыцы, дзе дзеці вучаць сваіх аднагодкаў фразам на роднай мове. Трэба адзначыць, што пераможцаў арганізатары не губляюць з поля бачання: Надзея ўжо атрымала прапанову паспрабаваць свае сілы ў конкурсе, які праводзіць Македонія.

Прынялі дзяўчаты ўдзел і ў рэспубліканскім праекце “Беларускія таленты”, дзе Надзея таксама стала ўладальніцай І месца, а Варвара – дыпламантам І ступені. Н.Раманоўская паклала ў сваю ўжо багатую скарбонку таксама дыплом лаўрэата І ступені міжнароднага конкурсу “Кубак дружбы. Еўропа + ТВ” і дзве ўзнагароды за другое месца ў адкрытых расійскіх праектах “На залатых хвалях” і “Берагі маёй мары”. Ну а на мінулым тыдні дзяўчына парадавала педагога Алену Анатольеўну Сазонаву, сваіх родных і сяброў, а таксама ўсіх, хто сочыць за яе поспехамі, першым месцам і дыпломам намінанта на Гран-пры прэстыжнага міжнароднага конкурсу “Талент года”.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

Меркаванне

  • “Дзяўчынцы ўсяго 12, а голас зусім дарослы, сфарміраваны… Спадабаўся артыстызм, прыгожыя глыбокія “нізы”, вібрацыя. Вельмі перспектыўная!” – такую характарыстыку Н.Раманоўскай дала кампазітар і выкладчык вакала з Ізраіля Яўгенія Шор на конкурсе “Road to Dream”.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *