Для пенсіянера сёння што галоўнае, канечне ж, магчымасць размаўляць адзін з адным, дзяліцца навінамі, у тым ліку і тымі, з якімі знаёмяцца праз газету.
– Якраз толькі новая інфармацыя і трымае нас на плыву, не дазваляе зачахнуць, – гаворыць Наталля Фадзееўна Аваднёва з вёскі Акуліна. У свой час яна ў рэдакцыю звярталася па сваіх жыццёвых пытаннях: каб дапамаглі, разабраліся. У 2007 годзе пра гэтую цікавую няўрымслівую жанчыну напісала ў газету выпускніца Вяркудскай школы Крысціна Гайко. А сёлета падрабязна расказала на старонцы “раёнкі” пра захапленні Наталлі Фадзееўны яе знаёмая Галіна Васільеўна Сурвіла з Лутава. Іх аб’ядноўвае многае. Сярод усяго іншага тое, што вельмі любяць чытаць “Патрыёт”, абмяркоўваць надрукаванае і нават на працягу многіх гадоў вядуць падшыўкі.
– У вольныя хвіліны саджуся і перачытваю тое, што пісалася раней, – расказвае Наталля Фадзееўна, равесніца нашай газеты. – Мне гэта вельмі цікава. Шмат знаходжу ўсяго пра сваіх знаёмых, пра былыя падзеі. Я ж на сваім шляху шмат перажыла. У вайну аказалася ў ліку палонных, цудам выратавалася, потым сям’я жыла ў зямлянцы, вучылася я ва Ушацкай школе, працавала ў Гарбаціцкай і Загорскай, райкаме камсамола, паштальёнам. Многае з напісанага некалі ў газеце адгукаецца ў маім сэрцы. А пра тое, што сёння адбываецца, тым больш хочацца чытаць. Жадаю моцнага здароўя і творчых поспехаў работнікам рэдакцыі. Пішыце яшчэ больш вясёлага, а яшчэ і справядлівага.
Г.ВАРАТЫНСКАЯ