Менавіта такі выраз, хоць і з’яўляецца неверагодным, яскрава характарызаваў дзейства, што адбывалася ў мінулую суботу на катку ля фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Нягледзячы на амаль экстрэмальнае надвор’е – з марозам і пранізлівым ветрам, раённы чэмпіянат па хакеі сабраў нямала аматараў гэтай гульні.
“Ніякія выпрабаванні нам не страшныя! На лёдавай пляцоўцы такі запал – хоць распранайся!” – жартавалі ўдзельнікі матчаў. Ні на хвіліну не гублялі пільнасці і групы падтрымкі – трэба было не толькі зручныя для прагляду месцы заняць, але і трымаць напагатове сугрэў – цёплыя курткі, каву для сваіх блізкіх.
Ужо з першых хвілін лядовых баталій стала зразумела: сумаваць не давядзецца ні суддзям, ні гледачам. Усе тры каманды, як ладныя хакейныя дружыны, даказвалі сваю спартыўную годнасць.
Напружанай атрымалася гульня паміж аддзяленнем Дэпартамента аховы і райаддзелам па надзвычайных сітуацыях. Падчас нядаўняга Дня снегу на аналагічных спаборніцтвах абедзве каманды былі ў ліку фіналістаў (першае і другое месцы адпаведна), а таму іх імкненне пацвердзіць ці перайначыць лідарства было бясспрэчным. Шайба літаральна лётала па пляцоўцы, перыядычна трапляючы ў вароты то адной, то другой дружыны. Ні замена саставу, ні зламаная галкіперам аховы Уладзімірам Чумаковым клюшка не дапамаглі ў асноўным часе выявіць лідара – толькі ў авертайме ўдача зноў аказалася на баку прадстаўнікоў Дэпартамента.
Вельмі эфектна выглядала на пляцоўцы каманда “Ветэран”, у склад якой увайшлі як прафесіяналы, так і навічкі. Да ліку першых несумненна адносіцца Пётр Шамровіч, які ў свае гады выглядае на лёдзе вельмі дастойна, дасць фору многім маладым. “А прыз лепшаму варатару не прадугледжаны?” – прама падчас гульні жартаваў менш вопытны Аляксандр Федарэнка. І, трэба сказаць, меў на гэта цалкам заслужаныя падставы: адбіць моцныя ўдары сапернікаў яму часта ўдавалася.
Паўтары гадзіны напружанай барацьбы, хвіліны чакання – і вынікі вядомы. Трэцяе месца заняла каманда “Ветэран”, другое – РАНС, першае – Дэпартамента аховы, ну а лепшым іграком безагаворачна прызнаны П.Шамровіч. Ад сектара спорту і турызму райвыканкама ўсе яны атрымалі кубкі, дыпломы і медалі.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.