Пра тое, што на наступны дзень трэба быць у ваенкамаце, Пецю Крупеню па тэлефоне паведаміў бацька. Са Смальян, дзе хлопец вучыўся на агранома, даехаць да родных Судзілавіч было складана – пакуль дабіраўся да Лепеля, спазніўся на вячэрні мінскі аўтобус, але варыянт не прыбыць раніцай па павестцы быў настолькі непрымальны, што юнак усю ноч ішоў ва Ушачы пешшу.
Служба для нашага земляка пачалася з танкавай вучэбкі ў туркменскім горадзе Тэджэн, а вясной 1983-га ў Кабуле прызямліўся самалёт, па трапе якога ў ліку іншых навабранцаў сышоў будучы механік-вадзіцель сапёрнай роты дэсантна-штурмавой брыгады Пётр Крупеня. На бліжэйшыя паўтара года месцам яго прабывання стаў палатачны гарадок у Гардэзе, што ў 110 кіламетрах на поўдзень ад сталіцы. Але непасрэдна “на базе” ён правёў агульным чынам месяцаў 5-6 – на астатні час прыпалі баявыя “камандзіроўкі”. Вадзіць Пятру давялося інжынерную машыну БТС – амаль той жа танк, толькі з кулямётам замест башні ды з траламі для выяўлення мін на дарозе. Іх задачай было ехаць наперадзе калон, расчышчаючы ім шлях. Хапала і руціннай працы па абслугоўванні і рамонце тэхнікі. Якраз гэтым быў заняты герой аповеду ў адзін з дзён, калі раптам у аўтапарк прыбеглі са штаба брыгады з трывожным паведамленнем: у гарах кіламетраў за сорак ад іх душманы акружылі разведроту. На выручку байцам тут жа адправіўся выратавальны дэсант, у складзе якога аказаўся і Пётр. “Сутыкненне было жорсткім, – прыгадвае ён. – Маджахедам удалося падбіць адзін з нашых танкаў, два члены экіпажа былі паранены. На полі бою загінуў маладзенькі лейтэнант з рамонтнай роты, які толькі днямі прыбыў у брыгаду. Калі мы адбілі разведчыкаў і бой скончыўся, яго цела пагрузілі ў наш БТС…”
Гэты эпізод ніколі не сцерці з памяці. Нагадвае пра яго і медаль “За баявыя заслугі”, атрыманы за тую аперацыю. Трэба сказаць, што на першым этапе вайны кіраўніцтва было не надта шчодрым на ўшанаванні – Пётр стаў другім у раёне афганцам, удастоеным баявой узнагароды. Яшчэ больш складана было заслужыць ордэн. Але магчыма! “Быў у нашай роце сапёр, якога звалі Валерый Ордэнаў. Якраз калі я прыбыў у брыгаду, ён пасля сур’ёзнага ранення абедзьвюх ног мог датэрмінова адправіцца ў Саюз, аднак папрасіў камандаванне, каб яму дазволілі застацца. Казаў, як жа я вярнуся дамоў на паўгода раней, мне ж сорамна будзе. Пайшоў на дэмбель з хлопцамі свайго прызыву, а за геройскі ўчынак падчас адной з аперацый атрымаў Ордэн Чырвонай Зоркі, цалкам апраўдаўшы сваё гаваркое прозвішча!”, – распавядае Пётр Пятровіч.
Засталіся ў памяці і яркія моманты салдацкага быту, які ў іх брыгадзе ўсяляк імкнуліся аздобіць – напрыклад, з аміячных бочак змайстравалі сцэну для клуба, дзе ладзіліся кінасеансы і выступленні артыстаў – неяк завітаў з канцэртам нават сам Леў Лешчанка.
Аднаго разу нашага земляка нечакана выклікалі ў штаб – аказалася, з Судзілавіч у далёкі Гардэз прыйшла пасылка: гэты факт быў дзіўны, бо ў той час для падобных адпраўленняў патрабаваўся спецыяльны дазвол. З 28 чалавек роты, здаецца, ніхто дагэтуль іх не атрымліваў. Нядзіўна, што самому адрасату лічы што нічога і не дасталася: апалавінілі скрыню яшчэ ў штабе, ды і кожнага сапёра трэба было пачаставаць: хоць гродзенскай цыгарэткай, хоць мінскай цукеркай…
А таямніцу той пасылкі адкрыла мне мама воіна-інтэрнацыяналіста Паліна Кузьмінічна: “Мой муж, Пётр Іванавіч, у тыя гады саўгасную партарганізацыю ўзначальваў, за актыўнасць і прынцыповасць быў у пашане ў раённага кіраўніцтва, вось і звярнуўся непасрэдна да першага сакратара райкама Ніканора Міхайлавіча Гірсы, каб той пасадзейнічаў дазволу. Вядома ж, на раённым узроўні гэта наўрад ці вырашалася, але пасылку ў нас прынялі!”
У першыя ж паўгода службы ў Афганістане да сына не даходзілі нават лісты ад бацькоў. Ад Пятра пісьмы былі, але без акалічнасцяў і зваротнага адрасу – Крупені нават не ведалі, дзе служыць іх сын. Ды і тады, калі пісаць пра Афган дазволілі, хлопцы стараліся не паведамляць блізкім лішняга.
За час службы Пётр перажыў шмат выпрабаванняў. Апошні такі момант быў непасрэдна перад адпраўкай у Саюз: літаральна на яго вачах афганцы збілі два транспартных верталёты (за вялікі памер іх называлі “каровамі”) – менавіта на іх хлопцы павінны былі пакінуць месца службы. А замест гэтага шукалі астанкі загінуўшых пілотаў… На наступны дзень “каровы” прыляцелі ўжо з іншага боку, і перш чым сесці на борт, дэмбелям давялося выканаць апошняе афганскае заданне: разгрузіць з салона зброю і боепрыпасы для тых, хто заставаўся на чужой зямлі…
“Пашанцавала нам моцна. Пеця, напэўна, у кашулі нарадзіўся, – задумліва кажа Паліна Кузьмінічна. – Абышлі яго афганскія кулі і снарады, ды і хваробы не чапляліся”. А яшчэ прыгадвае той дзень, калі малодшы сын без папярэджання вярнуўся дамоў. Першай убачыла яго бабуля, бо жыла бліжэй да пачатку вёскі, маці ж у гэты час даіла ў хляве карову… Прынамсі, ішоў Пеця са службы таксама пешшу. Праўда, усяго некалькі кіламетраў, што аддзяляюць Судзілавічы ад шашы: аўтобус, які заходзіць у іх вёску, адпраўляўся з Ушач крыху пазней, і ён паехаў на бліжэйшым, што кіраваўся на Дольцы – а тыя кіламетры да роднай хаты лічы што прабег!
…Колькі год прайшло з тых падзей. Шмат і радаснага, і горкага было ў лёсе іх сям’і. Адслужыў у Венгрыі і вярнуўся дамоў старэйшы брат Іван, сярэдні Сяргей марыў пра неба, вывучыўся на лётчыка, але трагічны выпадак абарваў яго жыццё. Ну а Пётр пасля арміі вярнуўся ў тэхнікум, працаваў у “Кублічах” памочнікам агранома, брыгадзірам, а калі справы ў гаспадарцы пайшлі кепска, уладкаваўся паштальёнам. Кажа, што гэтая работа вельмі падабалася: добразычлівага мужчыну з нецярпеннем чакалі ў навакольных вёсках, шкада, што праз тры гады штат аддзялення скарацілі – і з працай цяпер вельмі складана…
Зараз Паліна Кузьмінічна і два яе сыны – адны з нешматлікіх жыхароў, што засталіся ў вёсцы. Мужчыны вырошчваюць агародніну, трымаюць птушку, ходзяць у лес і на рыбалку. А якімі смачнымі яблычкамі з уласнага саду мяне пачаставалі! Гады і перажыванні дадалі іх матулі маршчын і хвароб, але яе вочы, якія ўжо мала што бачаць, застаюцца пяшчотнымі і прамяністымі. А як святлее твар жанчыны, калі яна распавядае пра нявестку, унукаў і маленькую праўнучку, якую таксама назвалі Палінкай. Хай будзе яна шчаслівай і ніколі не чытае лісты “пад капірку”…
Наталля БАГДАНОВІЧ.
- Была ў роце “ваенная хітрасць”: напярэдадні баявога паходу салдат пісаў штук пяць кароткіх лістоў – простых, як пад капірку: жывы, здаровы, усё нармальна… Пакуль яго не было, таварышы па чарзе адпраўлялі вестачкі, каб бацькі не хваляваліся. Вось толькі здаралася, што чыталі іх, а сынок ужо ляцеў дадому “грузам 200”.