Заваяваць прыхільнасць гледачоў і журы, закрануць тонкія струны іх душы праз выкананне ўсяго двух музычных кампазіцый – задача не з простых.
Але з ёй справіліся ўдзельнікі раённага конкурсу маладых выканаўцаў “Песні юнацтва нашых бацькоў”, што прайшоў на мінулым тыдні ва Ушачах. Праявіць сцэнічнае майстэрства, артыстызм, вакальныя здольнасці на гэты раз пажадалі сямёра юнакоў і дзяўчат.
Больш за сем дзясяткаў гадоў прайшло пасля заканчэння Вялікай Айчыннай, але жорсткае ліхалецце пякучым болем і зараз адгукаецца ў сэрцах людзей. Тэме вайны, перыяду аднаўлення былі прысвечаны выступленні ў рамках першай старонкі конкурсу – песні бессмяротнай эпохі. Многія суправаджаліся відэасюжэтамі ці фотазастаўкамі на экране, харэаграфічнымі і нават тэатралізаванымі нумарамі груп падтрымкі канкурсантаў. Шчодрымі апладысментамі сустракалі гледачы выступленні Анастасіі Марозавай і Аляксандра Грыневіча – акрамя выдатнага вакалу работнікі цэнтра культуры і народнай творчасці парадавалі сваёй “экіпіроўкай”: ваенная форма была да твару абаім. Пранікнёным лірызмам, чуллівымі акордамі дзяліліся са сцэны Лілія Смаляк з песняй “Майскі вальс” і Аляксандра Зільберт з “Каханнем працягласцю ў жыццё” – дзяўчаты прадстаўлялі Вялікадолецкі СДК і дзіцячую школу мастацтваў адпаведна.
Больш аптымістычнай па тэматыцы стала другая частка праграмы – у яе аснову ляглі творы беларускіх кампазітараў. Асаблівым патрыятызмам было прасякнута выступленне работніка дзіцячай школы мастацтваў Таццяны Сухастаўскай, якая выканала знаёмую ўсім песню, словы і музыка якой належаць В.Яткоўскаму, “Вечна жыві, мая Беларусь”. Свае высокія пачуцці да Радзімы праз кампазіцыю “Я люблю Беларусь” вядомага выканаўцы Сашы Нэма выказала са сцэны выхаванка раённага цэнтра дзяцей і моладзі Алеся Бойчанка. Ну а пасля пранікнёнага нумара самай юнай удзельніцы конкурсу Ганны Александровіч, якая таксама прадстаўляла цэнтр, у зале доўга не змаўкалі авацыі.
Як адзначыла, падводзячы вынікі конкурсу, старшыня журы, намеснік старшыні райвыканкама А.В.Пашковіч, выканаўчы ўзровень удзельнікаў творчага фестывалю не можа не радаваць: кожнаму выступленню ўласцівыя індывідуальнасць, яркасць, творчы каларыт. Менавіта таму без узнагарод у гэты дзень не застаўся ніхто. А п’едэстал гонару занялі А.Зільберт, Т.Сухастаўская і А.Грыневіч (першае, другое і трэцяе месцы адпаведна), а прыз сімпатый гледачоў безагаворачна дастаўся Г.Александровіч.
Дарэчы, адзначаны ў гэты дзень былі не толькі юныя вакалісты. За вялікі асабісты ўклад у забеспячэнне падрыхтоўкі і правядзення грамадска-палітычных мерапрыемстваў старшыня райвыканкама У.Г.Аўдошка ўручыў жыхарам раёна Лісты Падзякі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.