Пасля заканчэння школы, службы ў арміі, Мікалай Данілавіч паспеў папрацаваць шафёрам і зборшчыкам у сталярцы. Пасля ўладкаваўся працаваць у РКБА (у той час – “Арцель Першага мая”), дзе і адбылося “знаёмства” з фатаграфіяй. Шмат чытаў спецыялізаванай літаратуры, аналізаваў дзейнасць знакамітых фотамастакоў. Тэорыю вывучыў, а вось з практыкай было складана. Таму, калі з’явілася магчымасць прайсці спецыяльныя курсы перападрыхтоўкі, нават і не задумваўся над тым, ці патрэбна гэта яму. На працягу некалькіх месяцаў знаёміўся з нюансамі фотамастацтва, вучыўся працаваць з асвятленнем, рэтушаваннем і г.д. А калі вярнуўся з курсаў, з галавой акунуўся ў работу. Як прызнаецца зараз Мікалай Данілавіч, той перыяд яго жыцця быў вельмі складаным, але ў той жа час цікавым і насычаным на прыемныя падзеі.
У 1967 годзе яму прапанавалі пасаду фотакарэспандэнта ў газеце “Патрыёт”. Давёўшы да канца работу ў РКБА, разлічыўшыся з заказамі, М.Д.Васілеўскі стаў супрацоўнікам рэдакцыі.
Вельмі адказны, працавіты, таленавіты, апантаны творчасцю – такім ведаюць Мікалая Данілавіча былыя калегі, сябры і знаёмыя. Яму прыходзілася працаваць у розных жанрах – гэта і партрэт, і рэпрадукцыя, і макраздымка, не кажучы ўжо аб рэпартажах і мастацкай фатаграфіі. Фотакарэспандэнт на тое і майстар сваёй справы, што ён можа выканаць абсалютна любое заданне, якое б складанае яно ні было. Сам жа М.Д.Васілеўскі сцвярджае, што займацца любімай справай заўсёды было проста. Нават з прыходам і распаўсюджаннем лічбавых тэхналогій цяжкасцей у яго не ўзнікала: уважліва вывучаў інструкцыі, выпісваў галоўнае і метадам спроб, і памылак прывыкаў да навінак тэхнічнага прагрэсу. Здаецца, няма нічога такога, пра што б не ведаў Мікалай Данілавіч, у чым бы не разбіраўся.
“Ні дня без кадра” – гэта не проста крылаты выраз, а яшчэ і аксіёма ў працы фотакарэспандэнта. Зрабіць кожны свой кадр асаблівым, запамінальным – складаная задача, з якой Мікалай Данілавіч заўсёды спраўляўся.
У газету яго прывяло, можна сказаць, захапленне фатаграфіяй. Для яго было цудам атрыманне малюнка на лісце фотапаперы. Хто не праводзіў бяссонных начэй, працуючы над растворамі фіксажу і праяўляльніка, не зразумеюць мастака. Як прызнаецца Мікалай Данілавіч, заўсёды было прыемна ўсведамляць, што тваімі вачыма бачаць свет тысячы чытачоў.
Фотамастацтва стала для М.Д.Васілеўскага наймацнейшым наркотыкам у добрым разуменні гэтага слова. А калі чалавек захварэў гэтай дзіўнай хваробай, то гэта да апошняга ўздыху. Хочацца спадзявацца, што ў жыцці Мікалая Данілавіча яшчэ наперадзе самыя цікавыя кадры і непаўторныя імгненні. Сілы, а галоўнае, жаданне працаваць у яго ёсць, а значыць творчая дзейнасць гэтага чалавека будзе працягвацца.