Ушачскому музею — 40 лет

Общество

У гэтым годзе Ушацкі музей народнай славы імя У.Е.Лабанка разам з газетай святкуе і сваю круглую дату. Прычым двайную. Музей быў адкрыты для наведвальнікаў 6 лістапада 1970 года, а ў 1985 годзе пабудаваны новы будынак, які вось ужо 25 гадоў гасцінна прымае ўсіх наведвальнікаў.З пачатку заснавання і да сучаснага моманту раённы музей з’яўляецца цэнтрам патрыятычнага выхавання моладзі, месцам, дзе сэрцам можна дакрануцца да гісторыі роднага краю, яго каранёў. Калектыў музея прыкладае вялікія намаганні для захавання слаўнага мінулага нашай Бацькаўшчыны, садзейнічае прапагандзе ідэі нашай дзяржаўнасці, ушаноўвае памяць аб жыцці і творчасці славутых землякоў.

Ідэя стварэння музея партызанскага руху належыць камандзірам брыгады імя П.Панамарэнкі М.Уткіну і першага на Ушаччыне партызанскага атрада “Смерць фашызму” Ц.Плахатнюку. Ад імя партызан Полацка-Лепельскай зоны прапанова ў 1967 была накіравана ў ЦК КПБ. Уладзімір Елісеевіч Лабанок, чыё імя было прысвоена музею ў 1999-м, так і не ўбачыў сучасную экспазіцыю, не дажыў год. На галоўным фасадзе музея – манументальная кампазіцыя “Прарыў” мастака Ю.Любімава, а за манументальныя роспісы ў вестыбюлі мастак У.Крываблоцкі ў 1986 годзе атрымаў прэмію Ленінскага камсамола. Аналагічнага будынка, такога велічнага і прыгожага ў Беларусі няма.

Шматлікія фотаздымкі, дакументы, асабістыя рэчы, баявыя ўзнагароды, сцягі, зброя, партызанскія газеты і лістоўкі, карціны мастакоў-партызан сведчаць аб гераічных подзвігах Ушаччыны, воінах, якія ляглі ў абарончых баях. Шмат раздзелаў, прысвечаных знакамітым землякам. Героі таксама ўвасоблены ў творах мастакоў-партызан, многія выстаўлены ў зале “Партызанская карцінная галерэя”. Пастаянна змяняе свае экспазіцыі выставачная зала. Далёка не ўсё змешчана ў залах, сёння ў фондах музея захоўваецца больш 20 тысяч экспанатаў. Усё гэта наш музей. Ён пачэсна размясціўся ў цэнтры гарпасёлка, стаў месцам памяці і культуры. Сёння ён стварае адзіны гістарычны ансамбль разам з мемарыяльным комплексам “Прарыў” і сядзібай-музеем Васіля Быкава ў Бычках.

Ніхто не зможа расказаць і не ведае дакладней гісторыю партызанскай зоны, чым супрацоўнікі музея, сярод якіх пераважна маладыя работнікі. Штогод тут праводзяць каля 150 экскурсій. Прыемна адзначаць, што ва ўсіх наведвальнікаў музея застаюцца самыя лепшыя і незабыўныя ўражанні, а галоўнае, ёсць жаданне прыйсці сюды яшчэ раз.

В.ПОЛАЗАВА. На здымку:

калектыў музея.

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *