Воспоминания П.И.Протасевича

Общество

З хваляваннем сустракаю чарговы, 80-гадовы юбілей роднай газеты “Патрыёт”. Шкада, што азмрочаны ён уходам сёлета з жыцця адразу двух былых рэдактараў “раёнкі” – Вадзіма Грынкевіча і Фёдара Волаха. Светлая ім памяць і шчырыя спачуванні родным і блізкім.

Бег часу няўмольны. Мяняюцца пакаленні газетчыкаў. Толькі за перыяд маёй работы ў рэдакцыі больш дзесятка чалавек улілося ў калектыў і пакінула яго ці з-за пераходу на іншае месца працы, ці па іншых прычынах. І, вядома ж, многае сціраецца з памяці. Аднак добра памятаю свае першыя працоўныя крокі ў рэдакцыйным калектыве.

Было гэта ў снежні 1966 года. Толькі што аднавілі Ушацкі раён, выдзеліўшы яго са складу Лепельскага. Спешна фарміраваўся штат рэдакцыі раённай газеты, першы нумар якой пасля аднаўлення меўся ўбачыць свет 1 студзеня 1967 года. У першым “эшалоне” калектыву журналістаў былі рэдактар Вадзім Грынкевіч, намеснік рэдактара Уладзімір Раманоўскі – былыя супрацоўнікі Гарадоцкай раённай газеты (мае галоўныя настаўнікі), адказны сакратар Юрый Лыжын і загадчык аддзела пісьмаў Яўген Ляонаў (абодва з Полацка), загадчык сельскагаспадарчага аддзела Уладзімір Первянёнак, прыехаўшы з Глыбоцкага раёна, фотакарэспандэнт – ушачанін Мікалай Васілеўскі і аўтар гэтых радкоў, які толькі што вярнуўся на радзіму пасля тэрміновай службы ў арміі.

ПАСЛЯ сустрэчы і кароткай размовы з рэдактарам Вадзімам Антонавічам Грынкевічам працу пачаў… нарыхтоўшчыкам дроў для ацяплення выдзеленага пад рэдакцыю будынка былога інтэрната Ушацкай сярэдняй школы. Шчыравалі ў лесе ўтраіх: работнікі друкарні Мікалай Іванавіч Марковіч, Рыгор Гладышаў і я. А ў будынку тым часам ішоў рамонт: мясцовыя майстры клалі печы, пераабсталёўвалі памяшканні пад будучыя аддзелы рэдакцыі.

Паралельна журналісты рыхтавалі матэрыялы для першага нумара газеты. Не было яшчэ ні сталоў, ні крэслаў. Рабочым месцам з’яўляліся падаконнікі. Успамінаю, як Уладзімір Сяргеевіч Раманоўскі распытвае па тэлефоне свайго завочнага субяседніка пра справы ў адным з калгасаў, а я, “зялёны” газетчык, уважліва прыслухоўваюся да тэмы размовы, унікаю, пра што і як пытаецца мой вопытны калега. Так пазнаваліся “азы” журналісцкай працы. З цягам часу накапліваўся і асабісты вопыт, хаця не абыходзілася і без кур’ёзаў.

Прыгадваю такі выпадак. Атрымаў заданне падрыхтаваць публікацыю да чарговай гадавіны Вялікай Перамогі. Асядлаў свой веласіпед (аўтамашыны на той час у рэдакцыі яшчэ не было) і скіраваўся у няблізкую вёску Звонь на сустрэчу з дырэктарам мясцовай пачатковай школы Іванам Емяльянавічам Крахоткам, які ў гады вайны быў камісарам партызанскага атрада імя Суворава Полацка-Лепельскага партызанскага злучэння. Занатаваўшы ў блакнот яго ўспаміны, вярнуўся ў рэдакцыю і ўзяўся за падрыхтоўку газетнага матэрыялу. Аднак праца застопарылася: недабраў нейкіх звестак. Вопытны журналіст умомант абышоў бы гэтыя творчыя “рыфы” і выдаў бы гатовую публікацыю. Мне ж, пачаткоўцу, здавалася важнай кожная дробязь. Таму, не раздумваючы, паімчаў на веласіпедзе на другую сустрэчу з ветэранам. Гэты імпэт акупіўся ўрэшце вялікім, грунтоўным нарысам.

ГАЗЕТА была нашым любімым дзецішчам, і мы з энтузіязмам “шліфавалі” кожны яе радок і нумар. Жаданым госцем і сябрам была яна ў сем’ях і працоўных калектывах ушачан. І мы імкнуліся захаваць і прымножыць гэты давер да “раёнкі”.

Папулярнасць “раёнцы” надавалі публікацыі па самай разнастайнай тэматыцы. Па магчымасці шырока і шматпланава асвятлялі мы пытанні развіцця прамысловасці і сельскай гаспадаркі, асветы, аховы здароўя і культуры, ходу жыллёвага і вытворчага будаўніцтва, добраўпарадкавання населеных пунктаў. Сапраўднымі падзеямі былі заўсёды для жыхароў раёна і для нас, журналістаў, сустрэчы са знакамітымі людзьмі: палітычнымі дзеячамі, мэтрамі навукі і культуры, славутымі землякамі. Вялікую цікавасць праяўлялі мы ў сваіх публікацыях да гісторыі роднага краю, да пытанняў аховы роднай прыроды. Ды хіба пералічыш усё тое, што лягло ў газетны летапіс раёна і за час асабістай працы ў “раёнцы”, і тым больш за 80 гадоў яе творчага жыцця!

ПРЫЯЛІ нашай творчай і выніковай працы ўзаемны давер і таварыскасць, што існавалі ва ўзаемаадносінах паміж кіраўніцтвам раёна і рэдакцыйным калектывам. Без дробязнай апекі будаваў

 

сваю работу з супрацоўнікамі рэдакцыі першыя сакратары райкама партыі Мікалай Іванавіч Дземянцей, Васіль Кірылавіч Пасах, Вячаслаў Сямёнавіч Русак, старшыня райвыканкама Іван Фадзеевіч Цараў, сакратар райкама партыі Генадзь Цімафеевіч Селязнёў. “Сваімі людзьмі” былі ў рэдакцыі загадчыкі аддзела прапаганды і агітацыі райкама КПБ Эдуард Міхайлавіч Шайбак і Уладзімір Стэфанавіч Спаткай. Такі стыль узаемаадносін даваў свабоду творчым эксперыментам калектыву, магчымасць самастойна выпрацоўваць свой пункт гледжання на існуючыя справы і праблемы і адпаведна рэагаваць на іх.

УДЗЯЧНЫ я і нашым тагачасным калегам — работнікам друкарні, якія тады былі членамі нашага калектыву: загадчыцы Ганне Браніславаўне Гаркавенка, друкарам Мікалаю Іванавічу Марковічу і Уладзіміру Жлобе, лінатыпісту (сённяшняму супрацоўніку рэдакцыі) Рыгору Гладышаву, наборшчыцам Зінаідзе Кучаронак, Любові Быкавай, Але Коршун.

Цёплым словам хочацца згадаць нашых памочнікаў – няштатных карэспандэнтаў газеты. Пастаянную творчую сувязь з рэдакцыйным калектывам падтрымлівалі Яўген Мончык з Вялікіх Дольцаў, Фёдар Хамёнак з Матырына, Уладзімір Жданко з Глыбачкі, Канстанцін Швядко з Мосара, Уладзімір Крывапушчанка з Ушач і многія іншыя.

1978 годзе мне давялося развітацца з родным калектывам: прызначылі рэдактарам Глыбоцкай раённай газеты. Але і падчас працы на Глыбоччыне, а затым у Віцебску лічыў сябе перш за ўсё “патрыётаўцам”, пры любых абставінах знаходзіў магчымасць пабываць у роднай рэдакцыі, сустрэцца з калектывам яе супрацоўнікаў.

З нагоды 80-годдзя заснавання Ушацкай раённай газеты рады сардэчна павіншаваць сённяшніх і былых работнікаў рэдакцыі, былой друкарні, усіх землякоў-ушачан са слаўным юбілеем “раёнкі”. Няхай і надалей застаецца яна шчырым сябрам і надзейным паплечнікам кожнага з вас ва ўсе будні і святы!

Пётр ПРАТАСЕВІЧ, супрацоўнік рэдакцыі газеты “Патрыёт”з 1966 па 1978 гады.

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *