Правесці VI Усебеларускі народны сход трэба на самым высокім узроўні. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе па пытаннях падрыхтоўкі і правядзення форуму. «Па-першае, неабходна паглядзець, ці ўсё гатова для сустрэчы дэлегатаў. У сталіцу прыедуць прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў, госці, – сказаў кіраўнік дзяржавы. – І ўсе павінны адчуваць сябе як дома. Таму неабходна забяспечыць бяспеку, камфортныя ўмовы работы і адпачынку ўдзельнікаў сходу». Па-другое, фармат форуму трэба эфектыўна выкарыстоўваць для вырашэння найбольш актуальных пытанняў. «Тут збяруцца людзі розных узростаў, прафесій і сацыяльных статусаў. За імі – тысячы, мільёны беларусаў, працоўных калектываў. Гэтых людзей выбраў народ. Мы павінны пачуць голас кожнага, увесь спектр меркаванняў, які ёсць сёння ў рэспубліцы, па самых розных пытаннях нашага жыцця», – падкрэсліў А.Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што па выніках работы Усебеларускага народнага сходу звычайна прымаецца рэзалюцыя, у якой абагульнены канцэптуальныя палажэнні. А больш дэталёвая прапрацоўка тых ці іншых пытанняў, іх канкрэтызацыя – у праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця.
У час падрыхтоўкі да шостага Усебеларускага народнага сходу былі акумуліраваны ўсе канструктыўныя думкі і разумныя ініцыятывы, выказаныя людзьмі. Аб гэтым заявіў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка па выніках нарады ў кіраўніка дзяржавы. Адказваючы на пытанне аб тым, чым падрыхтоўка цяперашняга сходу адрознівалася ад папярэдніх, ён назваў значную працягласць працэсу.
Праграма развіцця краіны, якая будзе абмяркоўвацца на УНС, паводле слоў Р.Галоўчанкі, не простая і не банальная, у ёй закладзена шмат новых ідэй. Аднак ім яшчэ трэба быць адобранымі дэлегатамі форуму. «Ужо нават у час абмеркаванняў на абласных сходах паступала шмат не проста прапаноў, але і крытычных выказванняў, – адзначыў прэм’ер-міністр. – Не сакрэт, што праграма распрацоўвалася ўрадам, і мы маем сваё бачанне на гэта. Але нейкія рэчы лепш відаць з глыбіні, а не здалёк. Таму даводзіцца карэкціраваць, і на самай справе цяпер уся сэнсавая работа накіравана на тое, каб актуалізаваць праграму». Р.Галоўчанка падкрэсліў, што гэты дакумент павінен стаць фактычна дарожнай картай развіцця Беларусі, таму павінен быць напоўнены канкрэтным зместам.
Па матэрыялах БелТА.