Такая она, юбилярка

Общество

Здаецца, такая ўнушальная дата, столькі падзей мінула за 80 гадоў выхаду газеты. Але і па сённяшні дзень людзі нязменна сустракаюць паштальёна, які яе прыносіць, словамі: “Раёнка” свежая прыйшла!” Сапраўды, што-што, а гэта не змянілася. Але, на радасць, змянілася сама газета.

Сёння мы два разы на тыдні трымаем у руках многапалоснае выданне, якое поўнасцю адлюстроўвае жыццё раёна, прычым, ва ўсіх яго сферах. Пад пільнай увагай журналістаў “Патрыёта” знаходзяцца і адукацыя, і культура, і сельская гаспадарка, і медыцына. Спіс гэты можна доўжыць і доўжыць.

Кожны нумар утрымлівае цікавую, карысную і змястоўную інфармацыю. Напрыклад, мне, як студэнтцы, вельмі падабаецца чытаць артыкулы, прысвечаныя жыццю моладзі, студэнцтву. Прыемна бачыць знаёмыя твары на старонках газеты, а тым больш і нешта новае даведвацца пра гэтых людзей. Яшчэ школьніцай стала пісаць у газету, раблю гэта ахвотна.

Сама з вёскі Апанаскавічы, таму ведаю, што працаўнікі сельскай гаспадаркі з вялікім задавальненнем чытаюць “Патрыёт”, бо ў кожным нумары ёсць інфармацыя пра перадавыя сельгаспрадпрыемствы, пра самых актыўных работнікаў на вёсцы. І гэта не кажучы пра перыяд сяўбы і збору ўраджаю. У такі адказны час “раёнка”працуе не менш актыўна, чым самі механізатары, вадзіцелі і камбайнеры. Журналісты аператыўна выязджаюць на палі амаль усіх гаспадарак раёна і тое, як здабываецца хлеб, бачаць на свае ўласныя вочы.

Дзякуючы рубрыцы “Пульс тыдня” жыхары раёна і без тэлевізара ведаюць, што адбываецца ў краіне. А пра падзеі ў раёне іх інфармуе рубрыка “Коратка аб розным”.

Акрамя гэтага, амаль у кожным нумары ёсць выступленні спецыялістаў з розных арганізацый, якія даюць карысныя парады: як не захварэць, правільна афармляць дакументы, выконваць правілы бяспекі, якія грыбы есці можна, а якія нельга. Гэта ўрачы, педагогі, біёлагі, эколагі, работнікі аддзела па надзвычайных сітуацыях…

Як любое сур’ёзнае выданне, “Патрыёт” змяшчае і афіцыйную інфармацыю: законы, дырэктывы, пастановы, статыстыку.

Нельга не адзначыць і тое, што пры газеце існуе літаратурнае аб’яднанне “Неруш”. Вакол яго групуюцца таленавітыя, творчыя людзі, якія не толькі пішуць літаратурныя творы.

Больш практычным чытачам у газеце таксама ёсць на што звярнуць увагу: старонку “Суботні настрой”, рубрыкі “Куплю”, “Прадаю”, “Прагноз надвор’я”.

Вось менавіта ў такім выглядзе святкуе свой 80-гадовы юбілей газета “Патрыёт”, яе рэдакцыя. І я, як чытач, шчыра дзякую, паважаныя супрацоўнікі, за вашу няпростую працу. Жадаю і надалей толькі развівацца і толькі ўдасканальвацца.

К.ГАЙКО,

студэнтка Віцебскага дзяржуніверсітэта імя П.М.Машэрава.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *