Маршруткой Ушачи-Минск управляет профессионал Татьяна Зарянко

Общество

– А шостай гадзіне раніцы на платформе нашай аўтастанцыі чакаю адпраўлення маршруткі на Мінск. Падыходзіць жанчына: “Ну што, садзіцеся, стартуем!” “Як жа мы паедзем? Вадзіцеля яшчэ няма!” – тлумачу ў адказ. “Ужо ёсць. Я – вадзіцель!” – усміхаецца яна.

Гэтую гумарыстычную гісторыю мы пачулі ад аднаго ўшачаніна. І сапраўды, бачыць жанчыну за рулём грамадскага транспарту нам даволі нязвыкла. Але ж той, хто актыўна карыстаецца новым рэйсам, што звязаў наш райцэнтр са сталіцай, ужо добра ведае Таццяну Заранка і паспеў ацаніць узровень яе прафесійнага майстэрства.

“Калі ў снежні даведалася, што патрэбны вадзіцель на гэты рэйс, адразу згадзілася, бо сама родам з Ушач, тут пражывае мама. Ды і паспрабаваць сябе ў ролі кіроўцы маршруткі цікава – у маёй багатай шафёрскай кар’еры менавіта такой спецыялізацыі яшчэ не было”, – расказвае Таццяна.

Працаваць за рулём было яе марай. Наша зямлячка – вадзіцель-універсал. Мае вялікі вопыт у пасажырскіх перавозках: не адзін год шчыравала ў Мінску на грамадскім транспарце. “У прынцыпе, вадзіць аўтобус мне падабалася. Адно засмучала – не паспееш разагнацца, як ужо трэба тармазіць! Таму любімым маім маршрутам быў “хуткасны” 115-ты, які ад Дружнай да Бараўлян рабіў толькі некалькі прыпынкаў”, – з гумарам распавядае жанчына.

Вельмі цікавым этапам яе кар’еры сталі некалькі гадоў працы на міжнародных грузавых рэйсах. Трэба сказаць, што да апошняга часу ў Беларусі прафесія дальнабойшчыка з-за складаных умоў працы была ў забароненым для жанчын спісе – айчынныя грузаперавозчыкі не маглі прымаць іх у штат. Уладкоўвацца тады даводзілася ў кампаніі суседніх краін, дзе не было абмежаванняў. “Дальнабойшчыцкі хлеб зусім нялёгкі! – адзначае Таццяна. – Чэргі на мяжы, спартанскія бытавыя ўмовы, адказнасць за груз, экстрэмальныя сітуацыі на дарогах… Памятаю, як аднойчы давялося адправіцца ў Еўропу на, мякка кажучы, немаладым “Вольва”. На адным з горных адрэзкаў прычэп пачало рэзка заносіць – бачу, што машына зараз “складзецца”, аднак не разгубілася і паспела яе выраўняць – літаральна перад носам у аўто, што рухалася па сустрэчнай. Яго ашаломлены вадзіцель паказаў мне ў знак захаплення вялікі палец!”

Увогуле ж Таццяна канстатуе, што ёй шанцавала: за ўвесь час міжнародных паездак не было ніводнай аварыі і сур’ёзнай паломкі, не давялося сутыкнуцца і са зламыснікамі. З вялікай цеплынёй расказвае пра вадзіцельскае братэрства: ад калег-мужчын ніколі не бачыла пагарды, а вось дапамагчы пры неабходнасці гатовы кожны! А колькі незабыўных уражанняў пакінулі падарожжы, якія дзівосныя віды давялося бачыць – так, напрыклад, паездкі ў Чалябінск лічыліся ў іх аднымі з самых небяспечных, але заварожваючыя Уральскія горы таго каштавалі!

Зрэшты, і пра цяперашні адрэзак кар’еры жанчына адгукаецца з не меншым захапленнем. Сцвярджае, што вельмі падабаецца мець непасрэдны кантакт з пасажырамі. “Калі вадзіла гарадскі аўтобус, мяне ад людзей аддзяляла шкло, цяпер жа мы – адзінае цэлае. Усе такія розныя, але пакуль не было ніякага негатыву – толькі ўдзячныя словы!” – адзначае гераіня аповеду.

Мы размаўляем з Таццянай падчас рэйсу і сапраўды бачна, што пасажыры ставяцца да яе вельмі прыязна. Яно і нядзіўна: як прафесіянал з вопытам, яна ведае псіхалагічныя моманты сэрвісу – як і што каму падказаць па дарозе, дапамагчы з багажом. Разумее, як хутка вырашыць і тэхнічныя моманты па машыне, калі раптам гэта патрэбна. Такая станоўчая атмасфера натхняе і надае сіл – нават калі ў пятніцу і нядзелю даводзіцца рабіць у сталіцу па два рэйсы. Крыху больш за месяц таму замяніла Таццяна свайго калегу, які ўвосень пачынаў паездкі і прыняў на сябе выклік абкаткі новага рэйсу. Цяпер, як жартуе Таццяна, у кампаніі кажуць: “Жанчына села за руль – маршрут пайшоў”. Ну а калі сур’ёзна, то прыкладаецца шэраг намаганняў, каб людзям спадабалася карыстацца гэтым рэйсам: ва Ушачах, напрыклад, робяцца прыпынкі ля крамы мэблі, паліклінікі, людзей з вёсак забіраюць і высаджваюць так, каб гэта было для іх зручна і бяспечна. Кіроўца актыўна камунікуе з кіраўніцтвам, каб у будучым з’явіліся новыя выгоды для пасажыраў – у тым ліку розныя тарыфы. Але ўжо і зараз можна канстатаваць, што інтарэс узрастае. “Нядаўна жанчына з Броўчына ехала да дачкі на вяселле ў Бягомль і казала, што вельмі зручна. Не трэба круціцца: сеў і даехаў”, – распавядае вадзіцель. Заказваюць паездкі адпачываючыя з “Лясных азёр”. Дарэчы, зрабіць гэта магчыма не толькі па тэлефоне, а і праз інтэрнэт. У перавозчыка ёсць прыкладанне, дзе можна хутка замовіць паездку і самастойна яе пацвердзіць у дзень адпраўлення.

Вольга СЕВЕРЫНА, Наталля БАГДАНОВІЧ.

Дарэчы

  • Па адным з даследаванняў Еўрапейскага аўтамабільнага клуба, жанчыны спраўляюцца з кіраваннем аўтамабілямі нават лепш, чым мужчыны. У ЗША яны складаюць каля пяці працэнтаў ад колькасці ўсіх перавозчыкаў. Ёсць нават кампаніі, дзе грузавымі міжнароднымі перавозкамі займаюцца толькі прадстаўніцы прыгожай паловы.


1 комментарий по теме “Маршруткой Ушачи-Минск управляет профессионал Татьяна Зарянко

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *