Из одной шишки 30 домов! В Ушачском лесхозе собирают хвойный урожай

Общество

Віцебшчына ўжо перавыканала план па зборы хваёвага ўраджаю. Спецыялісты адзначаюць, што ў цэлым па вобласці такі ўраджай шышак у прыватнасці елкі еўрапейскай збіралі шэсць гадоў таму. Клапоцяцца пра будучыню лесу гэтымі днямі і ўшацкія лесаводы. Як адбываецца збор, на якіх участках і ці ўсе шышкі пойдуць на насенне? Пра гэта і многае іншае мы даведаліся, адправіўшыся ва ўгоддзі Ушацкага лясгаса.

– Аптымальны тэрмін для збору шышак – лістапад-люты. Пазней у гэтым няма сэнсу: надыходзіць пара натуральнай сушкі, шышкі раскрываюцца, насенне высыпаецца, – расказвае на шляху да заснежанай дзялянкі ляснічы Сарочынскага лясніцтва С.М.Ільюшэвіч. – Адпраўляючыся ў лес на звычайныя работы па доглядзе за ляснымі культурамі, леснікі, вальшчыкі лесу паралельна займаюцца і нарыхтоўкай шышак. Канечне, для гэтай мэты не ссякаюцца ўсе дрэвы без разбору. Вось у гэтым квартале якраз намечаны для рубкі некаторыя елкі з хваёвым ураджаем.

Гул пілы – і неўзабаве вялікае дрэва падае на зямлю. Работнікі лясніцтва абрываюць з галінак шышкі. Але далёка не ўсё згадзіцца для атрымання з яго ў будучым насеннага матэрыялу. “Смалістыя, вельмі маленькія ці пашкоджаныя – некандыцыя. Потым сабранае яшчэ раз пераглядаем і перабіраем у лясніцтве. Як бы ні стараўся, бывае трапіць дрэнны экзэмпляр. Канечне, колькасць і якасць залежыць ад многіх фактараў, у прыватнасці – месца, глебы. За сваю працоўную кар’еру ўжо столькі шышак сабраў!” – кажа вальшчык лесу са стажам А.Первянёнак.

Займаюцца ж зборам усе сем лясніцтваў. Пасля чаго хваёвы ўраджай “сцякаецца” ў Вялікадолецкае лясніцтва, на базе якога ёсць спецыяльная сушылка. У ёй матэрыял праходзіць апрацоўку да “крылаткі”.

– У семечку, якое знаходзіцца ў шышцы, ёсць крылца, таму яго называюць крылаткай, – тлумачыць інжынер па лесааднаўленні і лесаразвядзенні Ушацкага лясгаса Кацярына Васільеўна Ардынская. – Калі шышка раскрываецца, семечкі выпадаюць, а дзякуючы крылцы вецер падхоплівае яго і можа панесці за кіламетр ад елкі, такім чынам, натуральным шляхам фарміруецца хвойны лес. Мэта ж ручнога збору шышак – назапасіць у свае фонды насенне. Пасля сушкі ў Вялікіх Дольцах адпраўляем матэрыял у Глыбоцкі вопытны лясгас, дзе ён праходзіць дапрацоўку – аддзяляецца крылатка і атрымліваецца семка. Затым узоры насення накіроўваюцца на экспертызу ў рэспубліканскі лясны селекцыйна-насенняводчы цэнтр, дзе вызначаецца якасць і выдаецца пасведчанне, якое дазваляе высяваць насенне ў лесапітомніках і вырошчваць з яго сосны і елкі. Магу сказаць, што сёлетні сезон сапраўды ўраджайны, а таму стараемся назапасіць максімальны аб’ём. Тым больш што пры правільным захоўванні якасць насення не губляецца на працягу 4-5 гадоў.

Трэба адзначыць, што пра насенны фонд ушацкія лесаводы клапоцяцца грунтоўна. Так, работнікі лясніцтваў спецыяльна выязджалі для збору шышак і на палепшаныя селекцыйныя плантацыі сасны і елкі ў Полацкі і Глыбоцкі лясгасы, каб мець і эліту.

Толькі ўявіце, што ў адной шышцы знаходзіцца столькі насення, колькі праз 80-100 гадоў хопіць на пабудову 30 дамоў. А значыць стараюцца зараз работнікі лесу ўжо для будучых пакаленняў.

Вольга КАМАРКОВА.

Дарэчы

  • З тоны сасновых шышак атрымліваюць каля 10 кг насення, а з тоны яловых – удвая больш. Добры ўраджай сасна прыносіць раз у два гады, а елка – толькі праз чатыры-пяць.

Факт

  • Ушацкі лясгас ужо нарыхтаваў 8 тон сасновых шышак, перавыканаўшы план роўна ў два разы, і 10 яловых пры заданні ў 7,5 тоны.

Цікава

  • У сярэднім у адной яловай шышцы змяшчаецца каля ста штук насення. Шышкі на елцы пачынаюць расці не раней чым праз 10 гадоў, але не пазней, чым праз 50. Залежыць гэта ад умоў вырастання дрэва.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *