Между Ушачским районом и Смоленском подписан новый проект «Атлас памяти. Партизанский фронт»

Общество

На мінулым тыдні ў гарпасёлку сустракалі гасцей са Смаленска. Нагадаем, што ў ліпені 2019 года паміж Ушацкім раённым Саветам дэпутатаў і рэгіянальнай грамадскай арганізацыяй “Беларуская нацыянальна-культурная аўтаномія Смаленскай вобласці” было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве, якое стала адпраўной кропкай у справе рэалізацыі розных сумесных праектаў.

Яшчэ ў 2019-м, пасля летняга аўтапрабегу, які праходзіў у рамках 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, быў выпушчаны “Атлас Памяці” – своеасаблівая карта дарог Смаленшчыны, Браншчыны і многіх раёнаў Віцебшчыны, у тым ліку Ушацкага – з інфармацыяй аб памятных месцах, звязаных з Вялікай Айчыннай вайной. Работа праведзена значная! Аднак, як сказаў кіраўнік смаленскай дэлегацыі С.Р.Крыўко, далёка не ўсё атрымалася ўключыць у адну кнігу і яе электронны варыянт.

– Незаслужана забытым у некаторых рэгіёнах застаецца партызанскі рух, – са шкадаваннем адзначыў Сяргей Расціслававіч. – Напрыклад, у нас на Смаленшчыне многія помнікі, знакі размешчаны ў глухіх мясцінах, куды даўно не ступала нага чалавека. Пабываўшы ж на Ушаччыне – у партызанскім краі, дзе свята захоўваецца памяць пра подзвіг народа, убачыўшы мемарыяльны комплекс “Прарыў”, прыйшлі да ўсведамлення, што на вас трэба раўняцца. Дапаможа ж у гэтым наш новы праект “Атлас памяці. Партызанскі фронт”, на які праз фонд прэзідэнцкіх грантаў Расійскай Федэрацыі ўжо атрымана неабходнае фінансаванне. Па-сутнасці, гэта працяг праграмы па ўвекавечанні памяці аб вайне, толькі ў больш вузкім напрамку.

Плануецца, што ўдзел у праекце прымуць Бранск, Смаленск, адзін з рэгіёнаў Міншчыны (ён пакуль не вызначаны), а таксама некалькі раёнаў Віцебскай вобласці. Падпісанае ж у адзначаны дзень старшынёй райсавета Н.М.Марковіч і кіраўніком смаленскай дэлегацыі С.Р.Крыўко (на здымку) пагадненне стала своеасаблівай згодай на гэта з боку Ушаччыны. У бліжэйшы час будуць сабраны фотаздымкі нашых партызанскіх аб’ектаў, іх апісанне, адрасы, якія ўвойдуць у адмысловае выданне. Знайсці такую інфармацыю можна будзе і ў інтэрнэце – на расійскіх і беларускіх сайтах.

– Распачаць праект хацелі яшчэ летась, аднак свае карэктывы ўнесла пандэмія, – зазначыў Сяргей Расціслававіч. – Аднак у гэтым ёсць плюсы: час дазволіў годна падрыхтавацца і нават штосьці атрымаць. Так, напрыклад, па нашых аповедах, у тым ліку пра Ушачы, гістарычным факультэтам Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта выпушчана кніга “Рэспубліка-партызанка”. Цікавая кніга пра Вялікую Айчынную вайну выйшла таксама з-пад пяра нашага сябра Андрэя Герашчанкі, які ўзначальвае арганізацыю суайчыннікаў за мяжой.

Названыя выданні смаляне перадалі гаспадарам сустрэчы, адзначыўшы пры гэтым, што Ушаччына – надзвычай гасцінны край, дзе ёсць нямала перспектыў. У прыватнасці, добра захоўваюцца ў нас кулінарныя здабыткі – невыпадкова наш раён аказаўся ў ліку тых, што ў рамках яшчэ аднаго праекта будуць займацца зборам рэцэптаў, нюансаў прыгатавання такой старажытнай стравы, як лапун. Пасля візіту нашай дэлегацыі ў Смаленск з прапановай аб супрацоўніцтве з раённай арганізацыяй Беларускага саюза жанчын выступілі прадстаўніцы грамадскага аб’яднання “Жанчыны Смаленшчыны”.

Абодва бакі сустрэчы выказалі ўпэўненасць, што плённае супрацоўніцтва і сяброўства абавязкова будзе працягвацца.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *