Ушачанка Елизавета Шарамет делает красивые снимки и хочет превратить любимое хобби в профессию

Общество

Для адных радасць – пасля цяжкага працоўнага дня размясціцца на канапе перад тэлевізарам ці пачытаць кнігу, а для маладой ушачанкі Лізаветы Шарамет – узяць у рукі фотаапарат і зрабіць незвычайны здымак. Медык па спецыяльнасці робіць цудоўныя фота. Усе, хто іх бачыў, гавораць толькі самае станоўчае, а пра саму дзяўчыну, што яна душэўны, крэатыўны і цікавы чалавек.

Як і многія дзяўчаты, Лізавета даўно любіла фатаграфавацца сама, а яшчэ зрабіць кадры прыгожых месцаў, прыроды. Калі ўраджэнка вёскі Жары прыехала працаваць ва Ушачы, асабліва ёй падабаліся ракурсы каля касцёла і рэчкі. З цягам часу зразумела, што здымаць хочацца ўсё больш, а камеры мабільнага тэлефона недастаткова. Так і нарадзілася мара пра добры фотаапарат. Пакуль збірала на яго, усур’ёз зацікавілася фатаграфіяй. Глядзела відэаролікі па тэме ў інтэрнэце, назірала за работай прафесійных фатографаў, прайшла спецыяльныя анлайн-курсы. І восенню мінулага года ўжо трымала мару ў руках. З вялікім задавальненнем дзяўчына разбіралася ў магчымасцях новага апарата, як толькі з’яўлялася вольная хвілінка, лавіла ўдалыя кадры, здымала родных, знаёмых, сяброў. А ў хуткім часе пачала рабіць і цэлыя фотасесіі, прычым, бясплатна, толькі каб набіць руку. Ды і мэта – прысвяціць час любімаму хобі. А ў канцы 2020-га ўжо зарэгістравалася ў якасці рамесніка.

– Часцей за ўсё да мяне зараз звяртаюцца з просьбай зрабіць сямейныя ці дзіцячыя фотасесіі, – прыкмячае Л.Шарамет. – І гэты накірунак мне вельмі падабаецца. Люблю “жывыя”, непастановачныя фота. Калі прыходжу, напрыклад, здымаць сям’ю, кажу героям не звяртаць на мяне ўвагі, а гуляць, займацца, а я тым часам лаўлю цікавыя моманты і эмоцыі. Не менш прыемна працаваць на прыродзе, зрэшты, самай папулярнай лакацыяй сярод апошніх маіх кліентаў была тэрыторыя непадалёк ад санаторыя “Лясныя азёры”. Адточваю навыкі не толькі непасрэдна ў фота, а і ў яго апрацоўцы, вывучаючы спецыяльныя камп’ютарныя праграмы.

Лізавета імкнецца не стаяць на месцы, а развівацца, ставіць на мэце спасцігаць штосьці новае. Прыступіўшы да абавязкаў медыцынскай сястры ў яслях-садзе №4 гарпасёлка, яна паралельна задумалася аб вышэйшай адукацыі. І абрала для гэтага накірунак біяэкалогіі ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце. “Не паверыце, але яшчэ з дзяцінства я баялася лесу, – расказвае Лізавета. – Калі і выбіралася зрэдку ў грыбы-ягады з роднымі, то была сканцэнтравана не на зборы дароў прыроды, а каб на мяне не села якое-небудзь насякомае, а побач не з’явіўся вуж ці змяя. Таму, выбіраючы спецыяльнасць, вырашыла не толькі “вышку” атрымаць, а і свой страх перамагчы”.

І гэта ёй удалося. Дзве курсавыя работы дзяўчыны былі звязаны з вывучэннем экалагічнай характарыстыкі і засялення навакольных лясоў Ушач жужалем. А каб зрабіць гэта грунтоўна, Лізавета з мая па кастрычнік збірала насякомых з дапамогай спецыяльных пастак: у невялікія ямкі ў лесе ставіла шкляначкі, у якіх быў воцат з вадой. Прычым, збор мае мноства нюансаў, напрыклад, пастка ў лесе павінна быць 10-14 дзён, а ў дажджлівы перыяд яшчэ менш. За два сезоны назбірала дзве тысячы штук! Знаёмыя нават жартавалі, што ў наваколлі, пэўна, пасля Лізы і не засталося жужаляў. Насамрэч, сваімі вопытамі старанная дзяўчына не нанесла ўрону прыродзе. Зрэшты, трапіў Лізавеце і надзвычай рэдкі экзэмпляр жужаля, які папоўніў фонды адпаведнага музея ўніверсітэта. Абедзве курсавыя дзяўчына абараніла на выдатную адзнаку, а цяпер падагульняе тэму ў дыпломнай рабоце.

Дарэчы, накіроўваючыся за насякомымі, Л.Шарамет ніколі не вярталася з лесу без прыгожых фота. У кадр траплялі не толькі агульныя краявіды, а і тыя, каго раней панічна баялася.

Яна хоча развіваць сваё захапленне і выношвае шматлікія планы, сярод бліжэйшых – набыць дадатковыя аб’ектывы да свайго апарата, ажыццявіць адмысловыя фотапраекты, а яшчэ скончыць фоташколу, каб у будучым ператварыць любімае хобі ў прафесію.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *