Зараз машына – практычна ў кожным двары. У савецкія ж часы індывідуальны сродак руху быў хутчэй раскошай.
І не таму, што людзі не маглі сабе дазволіць, наадварот, банкаўскія рахункі і патрэбныя тысячы рублёў на іх мелі вельмі многія, а вось машыны ў вольны продаж не паступалі. Адной з прывілей, што мелі перадавыя аграрыі – права на пакупку “Жыгулёў” ці “Масквічоў” – каму што выпадзе. На апошняй марцы і вярталася ў канцы васьмідзясятых з аўтакрамы ў Белае даярка Зінаіда Аляксандраўна Рубіс. Гэта быў трэці на вёсцы аўтамабіль.
У Белае ўраджэнка Гары выйшла замуж. Вёскі блізкія – на супрацьлеглых баках возера Трошча, толькі першая больш перспектыўная – са школай, магазінам, зернесушылкай і вялікай фермай на 200 галоў кароў і 150 цялушак. Яна і стала асноўным месцам працы Зінаіды Аляксандраўны. Ад 25 да 37 кароў даіла – праз апараты, аднак абавязкова з “ручным кантролем”. “Агрэгат спрашчаў даенне, але давяраць яму ўсё ж нельга. Каровы розныя, ёсць наравістыя, якія проста могуць не аддаць малако, – тлумачыць З.Рубіс. – Таму я заўсёды прытрымлівалася парад маіх старэйшых калег. Цёця Валя Карабань вучыла і сама так заўсёды рабіла: падмые вымя, памасіруе, падключыць апарат, а пасля абавязкова рукамі дадоіць, каб пераканацца, што нічога не засталося. Раздойвалі ж толькі рукамі. Гэта самае складанае, а набіралі групы не раз. У Глыбачанах з племянной гаспадаркі прывозілі, калі-небудзь мы іх нават самі выбіралі. Справа заставалася толькі за кармамі, ну а з імі было па-рознаму. Калі старшынёй “Адважнага барацьбіта” стаў Мікалай Мікалаевіч Леанавец, мы аджылі – разумеў, наколькі важна да зялёнкі даць канцэнтраты. І камбікорм быў у дастатку, а надой з нашай і мосарскай ферм не ўмяшчаўся ў адзін малакавоз.
Хаця далёка не заўсёды былі такія ружовыя часы. Прыгадвае перадавая даярка, як прыйшла на абедзенную дойку, а яе кароў няма. Не хацелі разбіваць групу першацёлак і назаўтра прывезлі ёй 27 “быкоў”. Так Зінаіда Аляксандраўна цялушак называла не толькі таму, што не давалі пакуль малака, былі і непрывучаныя, з норавам. Намучылася з імі. Як і аднойчы ў канцы лета з каровамі, калі не было канцэнтратаў. Як іх загнаць у пусты, без камбікорму, станок. Вось і спрачалася з загадчыцай фермы. Падчас аднаго з такіх працоўных момантаў нечакана прыехаў Н.М. Гірса. “У вас урадзіла, не ўрадзіла, а мукі ўсё роўна няма. Заўтра раніцай каб была! Прыеду, праверу”, – загадаў тады першы сакратар райкама партыі. І ў 5 гадзін быў на ферме, а некалькімі хвілінамі да гэтага прывезлі і муку.
“А неяк завітаў да нас дырэктар райплемаб’яднання Р.П.Бункевіч. Ён і падказаў, што як перадавікі, можам атрымаць аўтамабіль. Я паехала ў райвыканкам, дзе мяне сапраўды ўключылі ў спіс, – прагадвае прыемны момант З.Рубіс. – Цэлая эпапея была з яго атрыманнем, аднак з другога разу ўсё ж вярталася на сваім аўто – блакітным “Іж-Комбі”. Грошы меліся, зараблялі мы добра – па 200-250 рублёў – штогод трымалі лідзіруючыя пазіцыі не толькі па гаспадарцы: 4150 кілаграмаў – сярэдні надой па ферме. На наступны год пасля мяне машыну атрымала і напарніца Клара Васькевіч, ну а потым наогул ажыятаж на іх наступіў – не атрымаць”.
Менш года не хапіла ёй да 20-гадовага стажу, патрэбнага на датэрміновую пенсію, калі закрылі іх ферму. Прапаноўвалі на цэнтральную ў Мосар ісці, толькі жанчына ўвесь час трымала вялікую ўласную падсобную гаспадарку, таму і адмовілася, рэальна ацаніўшы сітуацыю ў калгасе. Была загадчыцай мясцовага склада, а пасля ліквідацыі гаспадаркі паўтара года – сацыяльным работнікам.
Да нядаўняга трымала Зінаіда Аляксандраўна ўласную кароўку – “Ласка” давала па 30 літраў малака. І зараз не купляе магазіннае – бярэ ў сяброў. Працяглы час з’яўляецца і старэйшынам вёскі Белае, дапамагаючы вырашаць злабадзённыя пытанні з расчысткай дарог, зборам сродкаў самаабкладання, год таму ўстаноўлены тры кантэйнеры для збору смецця. Гэтая вёска з мноствам дагледжаных сядзіб добра глядзіцца ў любы час, а прыгожы ўтульны дом З.А.Рубіс – адзін з прыкладаў таго. Ды і сама Зінаіда Аляксандраўна маладжавая энергічная жанчына. Нават не верыцца, што гэта ў яе сямейным архіве, як і ў Мосарскай бібліятэцы яшчэ з мінулага стагоддзя беражліва захоўваюцца вялікія, на ўсю паласу, артыкулы пра перадавую даярку Зінаіду Рубіс. Ну а “Масквіч” з трэцім па вёсцы нумарам спраўна служыў дзесяцігоддзі і стаў фінансавым падмуркам сынавай іншамарцы.
Вольга КАРАЛЕНКА.