«Венера» на конкурсе эрудитов

Общество

У аўторак, 26 кастрычніка, ва Ушацкім раённым цэнтры пазашкольнай работы сустрэліся самыя разумныя, кемлівыя і знаходлівыя вучні нашага раёна. Тут праходзіў XII раённы чэмпіянат па інтэлектуальных гульнях “Эрудыт-2010”.Ужо стала добрай традыцыяй аддзелам адукацыі сумесна з аддзелам райвыканкама па справах моладзі і цэнтрам пазашкольнай работы праводзіць сярод устаноў адукацыі інтэлектуальныя спаборніцтвы па прынцыпе вядомых усім гульняў “Што? Дзе? Калі?” і “Свая гульня”.

На гэты раз у раённым чэмпіянаце прынялі ўдзел дзевяць юніёрскіх каманд (вучні 8-11 класаў) і адна каманда ювеналаў з Ушацкай школы “Усход” (7 клас), якая не пабаялася паспаборнічаць з больш вопытнымі ўдзельнікамі.

Хлопцы і дзяўчаты паказалі добрыя веды. За два туры гульні юным знаўцам прыйшлося адказаць на некалькі дзесяткаў пытанняў, якія закраналі розныя сферы жыццядзейнасці. Пераможцы вызначаліся па агульнай колькасці набраных балаў. Так, першае месца ў раённай інтэлектуальнай гульні “Эрудыт” заваявала каманда з Ушацкай школы “Венера” (кіраўнік – Л.В.Трафімава), якая, дарэчы, з’яўляецца неаднаразовым удзельнікам і пераможцам раённых, абласных і нават міжнародных спаборніцтваў. На другім месцы размясціліся каманды “Звычайныя людзі” з Арэхаўскай школы (кіраўнік – Г.А. Даўгаполава), “Ветразь” – з Вялікадолецкай (кіраўнік – Г.Л.Зелянік) і “Знаўцы” – з Кубліцкай (кіраўнік – Л.У.Верташонак), якія паказалі прыкладна аднолькавы вынік. Трэцюю прыступку на п’едэстале пераможцаў заняла каманда Вяркудскай школы “Эдэльвейс”. За кошт сродкаў аддзела райвыканкама па справах моладзі для пераможцаў спаборніцтва набыты дыпломы і каштоўныя падарункі. А каманда “Венера” прадставіць наш раён на адпаведным абласным чэмпіянаце, які адбудзецца ў г.Віцебску. Віншуем каманды з перамогай і жадаем удзельнікам і іх трэнерам яркіх перамог у новых конкурсах і турнірах!

К.КАВАЛЕЎСКАЯ.

На здымку:

каманда-пераможца.

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *