Старейшина Виктор Федоренко вдохновляет жителей Лутова Сельца своим примером

Ими гордятся Общество

“Вы лепш прыязджайце летам, калі ўсё квітнее – вось тады ў нас сапраўды прыгожа”, – часта даводзіцца нам чуць ад вясковых жыхароў. Але нядаўна мы завіталі ў Лутава Сяльцо, прайшліся па гладкай белай вуліцы з утульнымі дамамі, над якімі ў блакітнае неба роўнымі слупкамі павольна ўздымаўся дымок, палюбаваліся іскрыстымі ад сонечных промняў навакольнымі даляглядамі – і паставілі пад сумненне агучаную вышэй выснову.

Зрэшты, няма нічога дзіўнага, што вёска, якая па выніках пазалеташняга конкурсу была прызнана самым добраўпарадкаваным населеным пунктам раёна, прывабна выглядае ў любы сезон. Тутэйшыя гаспадары ў пераважнай сваёй большасці руплівыя і акуратныя, дбаюць пра парадак на зямлі. А яшчэ ў вяскоўцаў ёсць лідар, гатовы спрыяць вырашэнню любых праблемных пытанняў – актыўны, прынцыповы і хварэючы за справу старэйшына Віктар Васільевіч Федарэнка.

Гэтую пасаду мужчына займае тры гады, але паспеў ужо многае. А пачаў са справы, якую палічыў найбольш актуальнай. Раней аўтамагазін спыняўся ў першай частцы даволі працяглай вёскі і бабулькі, што жывуць у канцы, загадзя выпраўляліся за пакупкамі, тапталіся на абочыне з кіёчкамі. Старэйшына звярнуўся да кааператараў з прапановай зрабіць два прыпынкі, а ў іх месцах задумаў устанавіць альтанкі. Да справы з гатоўнасцю падключыўся дэпутат Ушацкага сельскага Савета Аляксандр Сцяпанавіч Чапельнікаў, які мае дом у Лутавым Сяльцы: адну альтанку заказалі ў лясгасе, другую вясковыя актывісты змайстравалі самі. Цяпер аўтакраму зручна чакаць у любое надвор’е, ды і выгляд вёскі збудаванні аздобілі. А вось што ніяк не надавала ёй прыгажосці, дык гэта нічыйная струхлелая адрына на бачным месцы. Каб арганізаваць яе знос, давялося старэйшыну падключыць да справы шэфаў, а яны за вёскай замацаваны “зайздросныя” – райаддзел МНС. Старая пабудова была разабрана выратавальнікамі падчас аднаго з раённых суботнікаў і больш не псуе вясковы пейзаж.

Увогуле ж у вёсцы 57 дамоў – і толькі два з іх нежылыя. Ёсць, праўда, некалькі праблемных падворкаў, гаспадары якіх не сочаць за парадкам. З такімі Віктар Васільевіч вядзе персанальную тлумачальную работу. Некаторыя прыслухоўваюцца і хаця б з большага абкошваюць двор. А бывае, што чуе пагардлівае “Табе трэба – ты і ўбірай!..” Затое прыемна старэйшыну, калі вёска прырастае рупліўцамі: не так даўно, напрыклад, адна з хат на ўездзе атрымала новых гаспадароў – Мікалай і Людміла Захарэнкі за лета шмат папрацавалі над пераўтварэннем сядзібы – і зараз яна радуе вока. Хутка стала сваёй у Лутавым Сяльцы і мнагадзетная сям’я Байцовых, якая захацела пасяліцца менавіта ў сельскай мясцовасці, каб весці падсобную гаспадарку. Не толькі свае дамы і падворкі трымаюць у парадку, а і заўсёды гатовы наводзіць яго на агульных тэрыторыях Надзея Пятроўна Смык, Наталля Пятроўна Ігнатовіч, Галіна Васільеўна Сцяпанава, Аліна Анатольеўна Фадзеева, Валянціна Васільеўна Пугачова. Пастаянна жывуць у Лутавым Сяльцы і шчыруюць над добраўпарадкаваннем былыя палачане Валянціна і Віктар Чаронка. А Міхаіл Стрыжонак узяў шэфства над вуліцай: пры неабходнасці чапляе за ўласны трактар самаробны грэйдар і чысціць дарогу.

Зрэшты, менавіта з апошняй звязана адна з запаветных мар старэйшыны. Вельмі хочацца апрануць вуліцу ў асфальт. Звяртаўся з гэтым пытаннем да раённага кіраўніцтва, ды і самастойна шукае магчымыя крыніцы фінансавання – у гэтым плане ёсць канструктыўная ідэя: адзін з вяскоўцаў хоча перадаць сельсавету дом, і сродкі ад яго продажу можна было б накіраваць на дарогу. Ашчэ адна надзённая праблема – дрэнная якасць водаправоднай вады, у якой выпадае руды асадак. Сабраўшы подпісы вяскоўцаў, Віктар Васільевіч ініцыяваў правядзенне аналізу, які паказаў, што ваду можна выкарыстоўваць толькі ў якасці тэхнічнай – у выніку быў зменшаны тарыф аплаты, аднак вяскоўцы па-ранейшаму мараць пра пітную ваду ў калонках і пральныя машыны. Рашыць праблему дапамагла б станцыя абезжалезвання: апошнім часам іх будуюць не толькі ў аграгарадках, а Лутава Сяльцо – перспектыўнае. Так што абраннік вёскі мае намер і надалей шукаць шляхі да ажыццяўлення сваіх смелых мар, накіраваных на павышэнне якасці жыцця землякоў. Прынамсі, яго намаганні ў гэтым напрамку летась атрымалі высокую ацэнку: В.В.Федарэнка прызнаны лепшым старэйшынам Ушаччыны і яго прозвішча занесена на раённую Дошку гонару.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

Дарэчы

  • Лутава Сяльцо – адметная вёска па ўзроставым складзе пастаянна пражываючых жыхароў: большасць з іх (35 чалавек) – працаздольнага ўзросту, у населеным пункце зарэгістраваны таксама 24 пенсіянеры і 5 дзяцей.
  • Старэйшына не толькі арганізоўвае суседзяў, а і натхняе іх сваім прыкладам: бярэ ў рукі касу, чапляе за мотаблок граблі і наводзіць парадак у вёсцы. Дарэчы, свой дзень мужчына пачынае вельмі рана: хоць ужо і на пенсіі, але звычка, замацаваная за 44 гады працы вадзіцелем аўтобуса, нікуды не знікла. Не забываюць Федарэнкі і пра ўласны падворак: сядзіба Людмілы Ягораўны і Віктара Васільевіча з’яўляецца адной з самых прыгожых у наваколлі.
  • Плённая дзейнасць старэйшыны немагчыма без цеснага супрацоўніцтва з мясцовай уладай. “Хачу падзякаваць старшыні Ушацкага сельвыканкама Міхаілу Пятровічу Хомічу, кіраўніку справамі Таццяне Міхайлаўне Мялешка за пастаянную гатоўнасць дапамагчы, падтрымаць нашы ініцыятывы, даць слушную параду”, – кажа В.Федарэнка.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *