Мария Васильевна Коваленко

Общество

Не так часта сустрэнеш жанчыну, якая ўсю сваю любоў аддавала толькі чужым дзецям. Але так складвалася ў Марыі Васільеўны Каваленка. Больш трох дзесяткаў гадоў яна вучыла школьнікаў матэматыцы і біялогіі, выхоўвала так, каб былі сапраўднымі людзьмі. І сама жыла дастойна. З дзяцінства ведала, што трэба працаваць, не ленавацца, нечага лепшага дасягаць.

Да вайны яна паспела скончыць усяго восем класаў. Вялікая Айчынная сям’ю не пашкадавала. Пайшоў на фронт брат Мікалай, прыгажэйшы вясковы хлопец, пакінуўшы сваю нявесту, і загінуў.

Пракацілася вайна. Марыя яшчэ год правучылася ў школе і вырашыла набываць прафесію настаўніцы, паступіла ў Полацкае педагагічнае вучылішча.

Упершыню маладая настаўніца ўвайшла ў клас Апанаскавіцкай школы. Гэта было і хваляванне, і радасць, і незвычайная адказнасць. І колькі было пасля таго праводзімых урокаў, а амаль нічога не мянялася. Адчуванні былі тыя ж, можа толькі крыху згладжаныя вопытам.

Радасць ад настаўніцкай працы для Марыі Васільеўны не магло запляміць нават тое, што да Апанаскавічаў са свайго Загор’я дабіралася пешшу штодзень. А гэта каля дзесяці кіламетраў. Як ні адсякала вуглы, як ні спрамляла настаўніца свой шлях, а ўсё роўна дарога (а дакладней – бездараж) была доўгай і цяжкой. Толькі зімой уладкоўвалася Марыя Васільеўна на пражыванне ў Апанаскавічах.

Прамільгнулі два гады. А як толькі адчынілі школу ў Слабадзе, так Марыя Васільеўна разам са сваёй роднай сястрой, пагодкай, сталі працаваць там. Яны абедзве вельмі любілі матэматыку і гэтую любоў перадавалі дзецям.

Памятаю, недзе ў 80-я адна з былых вучаніц прыгадвала на старонках нашай газеты, якой добрай настаўніцай і якім сардэчным чалавекам была Марыя Васільеўна Каваленка. Як, бывала, і апрануцца малым вучням дапамагала, і разам дадому крочылі: сама падскокваючы, у мароз ідзе і дзяцей, якім з ёю ў дарогу, падганяе, каб не замерзлі.

Седзячы насупраць Марыі Васільеўны на днях у яе вясковай хаце, дзе яна жыве адна, размаўляючы з ёю, гледзячы на яе белыя скроні, хацела ўявіць тую невысокую вёрткую дзяўчыну – настаўніцу, такую верную сваёй рабоце. Напэўна, яна вельмі ж ужо была адказнай і непатрабавальнай да асабістага жыцця, што засталася без уласнай сям’і, арыентавалася толькі на сестрыну. Тая выйшла замуж, нарадзіла сына. Сёння толькі пляменнік і застаўся. Прыязджае да цёткі з Наваполацка, хоча ўзяць яе на зіму да сябе. І яго жонка кліча. Але ўсё раздумвае Марыя Васільеўна, ці пакідаць хоць на нейкі час сваю хаціну.

Увогуле, увагай людзей яна не абдзелена. Суседзі прыходзяць. Асабліва летам. Вось і Люся, дачніца, пасля таго, як не стала яе мужа, не раз на дні забяжыць Марыю Васільеўну адведаць. Сацыяльная работніца Зінаіда вельмі клапатлівая трапілася. Са Слабады, але бясконца наведваецца. Падлогу памые, дроў наносіць, усё патрэбнае прынясе. Аўтакрама спыняецца якраз насупраць дома, можна прадукты неабходныя купіць.

Марыя Васільеўна ні разу за свае 85 гадоў не ляжала ў бальніцы, але бывае, што пярвейшая медыцынская дапамога патрэбна. Вось і не так даўно нагу сапсавала, неабходна было ўколы рабіць. Тут ужо Галіна Канстанцінаўна Грак, старэйшына вёскі і фельчар па прафесіі, прыходзіць на выручку. Яна і ў рэдакцыю пазваніла, каб пра яе суседку напісалі, растлумачыла: для такіх людзей хочацца рабіць дабро, бо заслужылі ўсялякай павагі.

– А з кім вы ў ранейшыя гады працавалі, ці ёсць яшчэ былыя калегі? – спытала ў Марыі Васільеўны. І яна прыгадала Яўгенію Лявонаўну Каваленка, якая жыве ў Слабадзе, выкладала біялогію. Калегі-настаўніцы вельмі добра разумелі адна адну, абменьваліся ўражаннямі ад урокаў, разважалі аб вучнях, педагогіцы. Марыя Васільеўна паказала фотаздымак, дзе яны ўдвух, такія маладыя, прыгожыя, мая гераіня хавае ў вуснах усмешку. А за час, колькі мы з ёю размаўлялі цяпер, ні адна іскрынка не прабегла па твары. Здаецца, залёг у маршчынках глыбокі сум з-за старасці, а яшчэ і адзіноты, якая ёсць у душы. І колькі каму ні адчыняй дзверы, яна не выскачыць у двор, не пакіне яе пастарэлую хату, яе шэрыя вуглы.

– Не сумуй, Марыя Васільеўна, – падміргвае пажылой жанчыне Галіна Канстанцінаўна, – заўтра зноў да цябе прыйду, не дадзім мы Вам засмучацца.

Г.ВАРАТЫНСКАЯ.М.В.Каваленка і Я.Л.Каваленка ў маладосці; М.В.Каваленка сёння.

На здымку:



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *