Да VI Усебеларускага народнага сходу застаецца менш за тры тыдні. І зараз выбраныя дэлегаты фармулююць ініцыятывы, з якімі маюць намер выступіць на форуме. Слова – прадстаўніцы Ушаччыны, старшыні раённага Савета дэпутатаў Наталлі Мікалаеўне МАРКОВІЧ:
– Мы жывём у няпросты час, калi кансалiдаваная воля народа мае як нiколi лёсавызначальнае значэнне для краiны. Таму ўдзел ва Усебеларускiм народным сходзе для мяне не толькi гонар, але i вялiкая адказнасць. Форум стане кульмiнацыяй той вялiкай актыўнасцi, якая сёння назiраецца ў грамадскiх прыёмных, у дыялогах улады i народа, вызначыць патрэбныя арыенціры.
– Якіх новых шляхоў, вектараў развіцця чакаеце ад сходу?
– Дэталёвага вывучэння патрабуе пытанне развіцця малых гарадоў, да якіх адносяцца і Ушачы. А гэта будаўніцтва жылля, стварэнне новых рабочых месцаў, годныя ўмовы працы, яе аплата. Калі такія населеныя пункты стануць развівацца дынамічна і эфектыўна, не будзе адтоку маладых спецыялістаў, ад якіх залежыць наша будучыня.
У прыярытэце павінны заставацца сельскія населеныя пункты, дзе варта працягнуць рэалізацыю дзяржаўнай праграмы “Чыстая вада”. Не адзін год у нашым раёне стаяла задача змяніць стаўленне вяскоўцаў да добраўпарадкавання зямлі. Сёння з гонарам можна гаварыць, што многага ўдалося дасягнуць. На вачах прыгажэюць вёскі: больш становіцца ўзорных сядзіб, устанаўліваюцца малыя архітэктурныя формы, разбіваюцца кветнікі, высаджваюцца маладыя дрэвы, актыўна вядзецца барацьба з баршчэўнікам. Усё гэта робіцца сумесна са старшынямі сельвыканкамаў, дэпутацкім корпусам, кіраўнікамі гаспадарак і, вядома ж, самімі вяскоўцамі.
Думаю, што дэлегатамі шостага Усебеларускага народнага сходу будуць закрануты пытанні павышэння якасці аказання сацыяльных, медыцынскіх паслуг насельніцтву і іншыя.
– Напэўна, да Вас, як дэлегата, са сваімі меркаваннямі па ўнясенні змяненняў у заканадаўства ўжо звярталіся ўшачане?
– Так. Нядаўна да мяне з вельмі слушнымі прапановамі завітала жыхарка райцэнтра Г.І.Дольнікава. Яна прапанавала перагледзець сістэму работы са зваротамі грамадзян. Цяпер, калі за вырашэннем праблемы чалавек адразу звязваецца з вобласцю, яго ўсё роўна першачаргова перанакіроўваюць у раён. А гэта, на думку жанчыны, абмяжоўвае нас у праве выбару органа па кампетэнцыі.
Большую ўвагу Галіна Іванаўна раіць удзяліць патрыятычнаму выхаванню моладзі, часцей прыцягваць школьнікаў да ўдзелу ў грамадска карысных справах. Маральнае аблічча сённяшніх юнакоў і дзяўчат, на жаль, “кульгае” – нярэдка можна ўбачыць на вуліцы нецвярозых маладых людзей, матуль з каляскай і цыгарэтай у руках…
Трэба і далей па максімуме дапамагаць ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, падтрымліваць сельскія рэгіёны.
Галоўны ж залог поспеху, на думку Г.І.Дольнікавай, – роўныя ўзаемаадносіны народа і чыноўнікаў. Апошнія павінны разумець патрэбы простых людзей, тады вырашыць любую праблему будзе прасцей. “У год народнага адзінства, якім аб’яўлены 2021-ы, усе мы павінны быць разам, – зазначыла Галіна Іванаўна. – У гэтым наша сіла!” І з гэтым нельга не пагадзіцца.
Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.