Лебеди не замёрзнут. Службы Ушачского района оперативно отреагировали на обращения жителей

Экология

Гэтымі днямі адной з самых абмяркоўваемых ва Ушачах стала тэма занепакоенасці лёсам лебедзяў, што засталіся зімаваць на навакольных вадаёмах. Ад моцных маразоў на лёдзе пачалі імкліва зацягвацца праталіны, пагражаючы зусім знішчыць жыццёвую прастору птушак, а неабыякавыя людзі забілі трывогу ў інтэрнэт-чатах і сталі тэлефанаваць у розныя службы з просьбай выратаваць няшчасных істот.

Ратавацца не захацелі

Адразу развею меркаванні, быццам бы нашы выратавальнікі, камунгасаўцы і эколагі не надта ахвотна рэагавалі на трывожныя паведамленні. Давялося ўвачавідкі назіраць, як у пятніцу пасля званка ў інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя жыхароў вуліцы Першамайскай, якія расказалі пра нерухомых (як ім здавалася, ужо замерзлых) птушак, на прыстані ракі Ушачы праз лічаныя хвіліны высадзілася цэлая экспедыцыя. Экіпіраваныя выратавальнікі вынеслі на бераг прылады для руху па лёдзе, камунгасаўцы выцягнулі сачкі, якімі ловяць жывёлу, работнікі ветстанцыі падрыхтавалі месца на сваёй тэрыторыі, дзе планавалася на час маразоў пасяліць гаротных птушак. Але лебедзі сапсавалі ўсю аперацыю: ледзь толькі людзі рушылі да праталіны, яны “ажылі” і ў лічаныя хвіліны пераляцелі на суседнюю. Падобным чынам скончыўся і яшчэ адзін эпізод, калі на наступны дзень паступіў сігнал пра птушку, якая “замерзла” ля абочыны дарогі непадалёк ад Сарочына. Лебедзь таксама рэзка апрытомнеў, зашыпеў на людзей і паляцеў прэч. Таму, атрымаўшы чарговае трывожнае паведамленне пра птушак, якія трапілі ў ледзяны палон на Вечаллі, супрацоўнікі райаддзела МНС спачатку накіраваліся “ў разведку” і высветлілі, што на вадаёме дастаткова незамерзлых участкаў, і лебедзі маюць усе шансы перажыць халады.

Застыў – не значыць замерз

Дарэчы будзе прывесці некалькі тэзісаў ад арнітолагаў. Па-першае, лебедзі – птушкі паўночных шырот і могуць пераносіць нізкія температуры. Большая іх частка адлятае на Поўдзень, аднак да дзвюх з паловай тысяч асобін застаюцца зімаваць у Беларусі. Сярод іх шмат маладых самцоў, якія такім чынам плануюць з надыходам цяпла першымі заняць найлепшыя месцы для гнездавання. Але ёсць сярод зімоўшчыкаў хворыя і слабыя, якія, на жаль, хутчэй за ўсё стануць ахвярамі “натуральнага адбору”.
Перад зімоўкай усе вадаплаўныя назапашваюць тлушчавыя рэзервы да 25-30 працэнтаў масы цела і могуць пэўны час абыходзіцца ўвогуле без корму: такім чынам, лебедзі здольныя выжыць, нават калі засталіся без вады (а значыць, і без ежы). Аднак звычайна, калі вадаём цалкам замярзае, яны пералятаюць на іншы – прынамсі, па апошніх звестках, менавіта так адбылося на Вечаллі.

Натуральна, што нас палохае нерухомасць птушак, і гэта таксама мае тлумачэнне: каб зэканоміць энергію, лебедзі наўмысна застываюць на месцы – і людзям здаецца, што яны закачанелі. Каб высветліць сітуацыю, паспрабуйце спалохаць нерухомую птушку рэзкім шумам ці кінуўшы штосьці ў яе бок. І, канечне, не варта самастойна спрабаваць падабрацца да яе па тонкім лёдзе.


Калі патрэбна падкормка?

Навукоўцы сцвярджаюць, што падкормліваць вадаплаўных птушак, каб іх выратаваць, варта толькі пры паніжэнні тэмпературы да 15-20 градусаў або калі іх вельмі шмат на невялікім участку. Спатрэбіцца дапамога і параненай птушцы, якая не ў стане здабываць ежу. Лепш даваць аўсянку з сырой ці варанай агароднінай, прарошчаныя злакі. А вось салёную, смажаную, кіслую ежу прапаноўваць нельга, шкодны таксама хлеб, асабліва чорны, лупіна бананаў і цытрусавых.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

Дарэчы

  • У кожным раёне створаны камісіі па аказанні дапамогі дзікай жывёле, у склад якіх уваходзяць прадстаўнікі мясцовых органаў улады, ЖКГ, экалагічнай і ветэрынарнай службаў, карыстальнікі паляўнічых угоддзяў. Калі вы ўбачылі хворую, параненую дзікую жывёлу, якой пагражае гібель або, наадварот, яна небяспечная для жыцця і здароўя грамадзян, варта звярнуцца ў райвыканкам, МНС ці інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *