Гады праходзяць, мы не маладзеем, а дзеці не заўсёды жывуць побач, каб дапамагчы. На выручку ў такім выпадку прыходзіць дзяржава: вось ужо 35 гадоў у Беларусі працуе служба сацыяльнай дапамогі на доме. Пра тое, якія паслугі і на якіх умовах сёння аказваюць сацработнікі, пра змены, што адбыліся з 2021 года, даведаліся ў загадчыцы адпаведнага аддзялення ТЦСАН Ушацкага раёна М.А.МАЙСЕЕНКА.
Усё ў комплексе
Абслугоўванне насельніцтва аказваецца намі як на пастаяннай, так і на часовай аснове. Пад комплексным надомным абслугоўваннем разумеецца аказанне сацыяльна-бытавых паслуг: пакупка і дастаўка на дом прадуктаў харчавання, прамысловых тавараў першай неабходнасці, лекаў, садзейнічанне ў нарыхтоўцы агародніны на зіму, забеспячэнні палівам, суправаджэнне ў дзяржаўныя ўстановы аховы здароўя і іншыя. Сацработнікамі аказваюцца таксама разавыя паслугі. З кожным чалавекам на падставе заявы, медыцынскай даведкі, аб складзе сям’і і аб матэрыяльна-бытавых умовах заключаецца дагавор на абслугоўванне.
Бясплатна ці за грошы?
Абслугоўванне пажылых грамадзян можа ажыццяўляцца як бясплатна, так і на ўмовах частковай ці поўнай аплаты. У тым выпадку, калі пенсія адзінокага ці адзінокапражываючага чалавека не перавышае бюджэту пражытачнага мінімуму (БПМ), ён можа прэтэндаваць на бясплатную дапамогу. На ўмовах частковай аплаты абслугоўванне прапануецца тым адзінокім і адзінокапражываючым, у каго пенсія не перавышае 200 працэнтаў БПМ. Усім іншым сацыяльная дапамога можа аказвацца толькі за поўны кошт, незалежна ад памеру пенсіі.
З чым чакаць “памочніка”?
Пастановай Саўміна ад 17 верасня 2020г. №538 зменены Пералік бясплатных і агульнадаступных сацыяльных паслуг, нарматывы аказання некаторых з іх. Так, з 1 студзеня 2021-га на яшчэ большую падтрымку змогуць разлічваць грамадзяне, якім па выніках медабследавання прысвоены трэці або чацвёрты функцыянальны клас (маюць дастаткова сур’ёзныя праблемы са здароўем). Да прыкладу, яны цяпер могуць папрасіць сацработніка памыць халадзільнік – раней такой паслугі не было. За гэтай катэгорыяй засталося таксама права на прынос са сховішча агародніны, паліва, растопку печы, вынас смецця, ачыстку прыдамавых дарожак ад снегу ў зімні перыяд ці навядзенне парадку на іх у іншы час. Уладальнікі ж другога класа разлічваць на такія паслугі цяпер могуць толькі на ўмовах дадатковай аплаты (гэтак жа могуць скарыстацца шэрагам сацпрапаноў грамадзяне, якія пражываюць разам з роднымі). Таму калі ў апошні час у вас пагоршылася здароўе, падумайце аб праходжанні медабследавання, якое, магчыма, зменіць сітуацыю.
* — * — *
Атрымаць больш падрабязную інфармацыю пра паслугі, якія аказвае аддзяленне сацыяльнай дапамогі на доме ТЦСАН, падаць заяўку можна па тэлефонах 5-75-42, 5-99-89.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.
Дарэчы
- На сённяшні дзень на абслугоўванні аддзялення знаходзіцца 602 чалавекі, з якіх 546 – жыхары сельскіх населеных пунктаў, 56 – з райцэнтра. Найбольшай колькасці грамадзян – 453 – прысвоены другі функцыянальны клас.