У хляве для малых цялят комплексу “Завячэлле” было так ціха, што нават падалося, быццам ён пусты. Падобныя няўцепленыя збудаванні, што існуюць пры кожнай ферме, часта называюць плёначнікамі. Дашчанік з асобнымі клеткамі для кожнага ўтрыманца, вокны ці зашклёны, ці зацягнуты плёнкай. Халаднавата, аднак, як сцвярджаюць жывёлаводы, цяляты баяцца скразнякоў, а не маразоў. Таму і закрывала шчыльна дзверы выконваючая абавязкі галоўнага заатэхніка “Маяка Ушацкага” Валянціна Іванаўна Дудзіна, калі суправаджала мяне да малых.
– Гэта зараз тут спакойна. Верная прыкмета, што сытыя, адпачываюць, ні адна галава з клеткі не тарчыць. Не так даўно роў пачула яшчэ з уваходу. А зайшла, дык усе стаялі, высунуўшы мордачкі. Чаго ўтойваць, далёка не аднолькавыя даглядчыкі, давялося звольніць за прагулы. У такой сітуацыі Ірыну экстранна выклікаю: сорамна і тэлефанаваць ужо, часта апошнімі днямі такое здаралася. Аднак я ведаю, што ў гэтым чалавеку магу быць упэўнена. Абавязкова паслухаецца і заменіць, хоць і свае планы былі, – гаворыць В.Дудзіна.
Працуюць даглядчыкі па графіку два дні праз два, і Новы год у Ірыны Пятроўны Трахімёнак атрымаўся працоўным – мала таго, што на комплексе была 31 снежня, 1, дык яшчэ і 3 студзеня, ну і потым 4, 5-га. Якраз той выпадак, калі прыйшлося падмяняць напарніцу. “Усякае здараецца, хварэюць людзі, ведаю, што проста так Валянціна Іванаўна прасіць не будзе, ды і сама не пагрэбуе папаіць, пакарміць, калі няма даглядчыка. Цяжка, канечне, нават вельмі. Па начах прачынаюся, а рук не адчуваю, нямеюць. Ды дзіцяці трэба вучыць, грошы патрэбны, я да гэтага прыбіральшчыцай на паўстаўкі працавала, таму ёсць з чым параўнаць заробкі і цаню, што маю”, – кажа Ірына.
Я ж нават крыху расчаравалася, што цяляты сытыя. Уяўляла, якім бы ўдалым быў фотаздымак, калі б з кожнай клеткі тарчалі прыгожыя пысы. Толькі малыя пераважна спалі, а Ірына Пятроўна пашкадавала будзіць свайго любімца Вішаньку – белагаловага герыфорда з карычневым тулавам. І па афарбоўцы адчувалася парода, і па апетыце, а тым, хто добра сілкуецца, і сыпле больш камбікорму. Для малых ён – К1, а яшчэ цэльнае малако, а не замяняльнік, а пазней і сена. Добра ж, што даільная зала побач. Адтуль і носіць. Хоць і блізка, а паспрабуй на 80 галоў нацягай. Ды і камбікорму па 300-500 кілаграмаў, у залежнасці ад пагалоўя. А зараз – самы пік, ніколі раней у плёначніку не было 80 малых, а прыбываюць яны хутчэй, чым адпраўляюцца на “Маяк” – за дзень 5-7 галоў.
– Каля тыдня цяляты ля каровы, а потым пераводзім сюды. Трымаем 21 дзень, аднак здараецца, што не набралі патрэбнай кандыцыі, таму затрымліваюцца больш, перш чым перадаць калегам, – тлумачыць І.Трахімёнак. – Растуць жа па-рознаму – нараджаюцца ад 15 да 22 кілаграмаў, цялушкі, зразумела, меншыя, а пакідаюць ферму па 50 і больш, бываюць нават 80.
Аднак пачынае працоўны дзень у 6 гадзін раніцы Ірына Пятроўна ўсё ж не з кармлення, а з агляду клетак. Праходзіць па даўгім радзе і правярае, ці ўсе здаровыя. Калі нешта не тое са страўнікам, дзень малыя атрымліваюць лячэбны парашок. Звычайна гэтага дастаткова, каб нармалізаваўся стул, у адваротным выпадку падключаецца ветурач з уколамі. І зразумела, клеткі трэба пачысціць, падаслаць свежай саломы. Няхітрая справа, толькі адказная і працаёмкая. І хоць зусім далёкая ад жывёлагадоўлі ў І.Трахімёнак спецыяльнасць, і толькі два гады на комплексе, але гэта той выпадак, калі сцвярджаюць, што на першым месцы ў галіне – чалавечы фактар – адносіны да справы і падапечных.
Дарэчы, гутарылі мы з Ірынай Пятроўнай у яе вольны час. Хоць і было ўжо каля трох гадзін, але менавіта пасля 14.00 атрымліваецца з’ездзіць дадому на абед – выручае ўласны аўтамабіль. Не столькі, каб самой паесці, колькі пакарміць хатнюю жывёлу, якая таксама падмурак да сямейнага бюджэту.
Вольга КАРАЛЕНКА.