Падчас пандэміі каранавіруса ў Беларусі пашыраны правы работнікаў. Адпаведны ўказ падпісаў Прэзідэнт краіны А.Лукашэнка – дакумент уносіць змены ва ўказ №143 “Аб падтрымцы эканомікі”.
Хварэць дома 3 дні – без бальнічнага
Як нам патлумачылі ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, з 8 студзеня работніка, які дрэнна сябе адчувае, можна без афармлення лістка непрацаздольнасці адпусціць дамоў на тэрмін да трох дзён сумарна. Канкрэтных сімптомаў захворвання – павышанай тэмпературы, кашлю ці іншых – не вызначана, чалавеку можна “паверыць на слова”. Да таго ж няма розніцы ў тым, “адлежвацца” ён будзе ўсе тры дні за раз ці тры разы па адным.
Важнае ўдакладненне – заробак за гэты час за работнікамі бюджэтных арганізацый НЕ захоўваецца! Прыватныя ж кампаніі могуць прадугледзець іншае, скажам, калектыўным дагаворам.
Самаізаляцыю аплацяць
Цяпер работнік, калі ён стаў, напрыклад, кантактам першага ўзроўню з хворым на COVID-19, можа разлічваць на аплачваемы адпачынак для самаізаляцыі. Яго працягласць устанаўліваецца пагадненнем бакоў. Аднак ёсць умова: гэты перыяд чалавек павінен знаходзіцца там, дзе вырашыць наймальнік.
Аплата такой самаізаляцыі – не ніжэй устаноўленай тарыфнай стаўкі, акладу, калі ў калектыўным дагаворы ці пагадненні не прапісана іншае. Дарэчы, лакальным дакументам на прадпрыемстве не могуць быць прадугледжаны выплаты, ніжэйшыя за ўстаноўленую заканадаўствам па працы мінімальную планку.
Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.