Спасатели поста из Великих Долец во время дежурства не сидят без дела

Cлужба-101 Общество

Існуе меркаванне, што на аддаленых ад цэнтра пажарных аварыйна-выратавальных пастах працаваць прасцей: маўляў, менш здарэнняў, далей ад кіраўніцтва. Мусім развеяць гэты непраўдзівы факт. Так, напрыклад, выратавальнікі з паста, што ў аграгарадку Вялікія Дольцы не абмяжоўваюцца выездамі толькі па сваёй тэрыторыі, а і часта адпраўляюцца на дапамогу калегам з суседніх раёнаў. А глянуўшы, як за апошнія гады кардынальна змяніўся выгляд паста, становіцца зразумела, што падчас дзяжурстваў работнікі не сядзяць без справы.

Мадэрнізацыя тут распачалася два гады таму, паступова мянялі сістэму ацяплення, рабілі ўнутраны рамонт, абсталёўвалі памяшканне каравула, раздзявалкі, пакой для прыёму ежы, добраўпарадкоўвалі знешні выгляд будынка і прылягаючую тэрыторыю. “Вось на гэтым фота, як было “да”, а тут – “пасля”, – паказвае адчувальную розніцу начальнік пажарнага аварыйна-выратавальнага паста №11 Юрый Кісель. – Прычым, практычна ўсё – сваімі сіламі. Напрыклад, Сяргей Лісоўскі ў нас ведае ўсе тонкасці будаўнічай справы, а таму многае зроблена яго рукамі. Вядома ж, дапамагалі і ўсе мы. Зараз засталося завяршыць рамонт гаража. Стараемся для сябе – у такіх умовах працаваць прыемна!”

Калектыў паста складаецца з 8 чалавек, штодня ж на змену заступаюць двое. Калі трэба каго падмяніць, суткі дзяжурыць і сам кіраўнік гэтага падраздзялення. Службу ў МНС Ю.Кісель пачынаў у 2009 годзе ў пажарнай часці Полацка. Праз пару гадоў хлопец пераехаў у Мазыр і працягнуў службу на аб’ектах Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода. Але па сямейных абставінах Юрыю прыйшлося вярнуцца на малую радзіму ва Ушацкі раён. “З радасцю адправіўся працаваць на пажарны пост у Вялікіх Дольцах – менавіта ў гэтым населеным пункце вучыўся ў школе і нярэдка мы прыходзілі да выратавальнікаў на экскурсіі. Цяпер сам запрашаю школьнікаў да нас у госці, праводжу з імі ўрокі бяспекі, – кажа Ю. Кісель.

Не абыходзіцца ў гэтай прафесіі, на жаль, без трагічных выпадкаў. Так, аднойчы вяртаючыся са службы і падыходзячы да дома, ён пачуў трывожныя гукі сірэн… Развярнуўся і пабег, каб дапамагчы калегам. У аграгарадку гарэў жылы дом, а крыху пазней выратавальнікі знайшлі ўнутры яго гаспадара, які атруціўся прадуктамі гарэння. Успамінаючы гэты выпадак, Юрый кожны раз з сумам адзначае, што калі б пайшоў у той дзень дадому не кароткай сцежкай, а па вуліцы, то, магчыма, заўважыў бы ўзгаранне раней і змог бы выратаваць аднавяскоўца…

Ю.Кісель не толькі выдатна спраўляецца са шматлікімі абавязкамі на службе, а і яшчэ з’яўляецца дэпутатам Вялікадолецкага сельскага Савета дэпутатаў. Самы ж вопытны работнік паста – Сяргей Хамічонак, які працуе тут вадзіцелем два дзясяткі гадоў. “Шмат здарэнняў было за гэты час, памятаю, як выязджаў на пажар у Садкі: гарэў дом, абрушыўся дах, агонь перакідваўся на пабудовы, дзе была жывёла. Рэзервуар у ЗІЛе не гумовы, а прабіцца да вадаёмаў у снежных умовах было надзвычай складана! Але ўдалося не даць распаўсюдзіцца агню. Па рознаму паводзілі сябе людзі ў надзвычайнай сітуацыі – адны кідаліся дапамагаць, іншыя займалі назіральную пазіцыю, запомнілася і адна жанчына, якая з іконай у руках бегала вакол, а дым пасля гэтага рэзка падняўся ўверх,– расказвае Сяргей Іванавіч.

Розныя гісторыі могуць прыгадаць і астатнія работнікі. Даўно працуюць вадзіцелямі ў Вялікіх Дольцах Канстанцін Пацэйка, Аляксандр Солтан, а таксама Сяргей Бугай. Апошні, дарэчы, часцей за ўсё адстойвае гонар калектыву на спартыўных спаборніцтвах у плаванні, бегу, стральбе. Нямала надзвычайных сітуацый за плячыма камандзіраў аддзяленняў Сяргея Лісоўскага і Віталя Баркоўскага. Як адзначаюць выратавальнікі, кожны выклік трывожны. “Напрыклад, летась паступіла паведамленне, што ў вёсцы Памялкова гарыць дом. І мы адправіліся на дапамогу нашым ушацкім калегам. Прыбыўшы на месца ўбачылі, што гараць адразу два дамы, прычым, у розных месцах. Аб хваляванні думаць некалі было!” – кажуць працаўнікі. На памяці і нестандартныя сітуацыі. Да прыкладу, ужо двойчы даводзілася ратаваць карову, што правалілася ў калодзеж, у вёсцы Старынка.

У кожнага з іх нямала ўзнагарод рознага ўзроўню. Нягледзячы на тое, што ўсе розныя па ўзросце, характары і захапленням, іх аб’ядноўвае адна мэта – прыходзіць людзям на дапамогу.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *